Адным з заснавальнікаў беларускай фартэпіяннай школы стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Рыгор Юдэлевіч Шаршэўскі. Сумленнасць і бескампраміснасць, сціпласць і высокі прафесіяналізм, бездакорны густ і адданасць музыцы дазволілі яму стаць у адзін пачэсны рад з лепшымі прадстаўнікамі музычнай культуры.
Нарадзіўся Р. Шаршэўскі ў Растове-на-Доне ў сям’і служачага. Маючы прыродныя музычныя здольнасці, цудоўны танальны слых, пачаў рэгулярна займацца музыкай. Абраўшы шлях прафесійнага выканаўцы, прайшоў усе ступені музычнай адукацыі: скончыў музычную школу, вучылішча, якое існавала пры Данской кансерваторыі (клас В. Шаўба); вучыўся ў 1931–1936 гг. у Ленінградскай кансерваторыі імя М. А. Рымскага-Корсакава (клас вядомага педагога-піяніста, прафесара С. Саўшынскага). Ён актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх канцэртах, назапашваў вопыт і майстэрства. У 1936–1939 гг. вучыўся ў аспірантуры пры кансерваторыі пад кіраўніцтвам выдатнага піяніста У. Сафраніцкага. Затым быў накіраваны на работу ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі), у якой больш чым 40 гадоў вёў педагагічную і выканальніцкую дзейнасць. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Намангане (Узбекістан), а ў 1943 г. працягнуў педагагічную дзейнасць у якасці выкладчыка класа фартэпіяна ў Саратаўскай кансерваторыі. Аднак гэтым не абмяжоўвалася творчае жыццё Р. Шаршэўскага. Ён з’яўляўся ўдзельнікам канцэртных брыгад, якія часта выязджалі з выступленнямі на фронт.
У студзені 1945 г. вярнуўся ў Мінск, дзе працягнуў педагагічную і выканальніцкую дзейнасць у кансерваторыі. Рыгор Шаршэўскі быў выдатным піяністам. Выкананне адзначалася глыбокім пранікненнем у змест музыкі, вытанчанасцю дэталяў, лёгкасцю і дакладнасцю тэхнікі, пачуццём стылю, вобразнасцю мыслення, культурай гукаўзнаўлення і інш. У складаных канцэртных праграмах былі шырока прадстаўлены музычныя сачыненні розных напрамкаў: класіка, рамантызм, сучасная музыка. Нягледзячы на схільнасць да рамантычнай музыкі заходнееўрапейскіх і рускіх кампазітараў П. Чайкоўскага, С. Рахманінава, С. Пракоф’ева, А. Лядава, М. Метнера, В. А. Моцарта, Л. Бетховена, Ф. Шуберта, Р. Шумана, І. Брамса, Ф. Шапэна і іншых, праяўляў цікавасць і да сучасных аўтараў. Ён з’яўляўся адным з першых выканаўцаў твораў беларускіх кампазітараў (В. Залатарова, А. Клумава, П. Падкавырава), пашыраў і папаўняў рэпертуар за кошт нацыянальных твораў, арганізоўваў канцэрты.
Свае выступленні з канцэртамі, запісы на радыё Р. Шаршэўскі спалучаў з выкладчыцкай працай у кансерваторыі і музычным вучылішчы, а пазней у спецыяльнай музычнай школе пры кансерваторыі. Ён вылучаўся своеасаблівай методыкай выкладання, сэнс якой заключаўся ў тым, што да кожнага студэнта педагог шукаў індывідуальны падыход. Для сваіх навучэнцаў стаў не толькі настаўнікам, але і клапатлівым сябрам, які праяўляў цікавасць да іх жыцця і праблем. Дакладна вызначаў здольнасці вучняў і з улікам якасцей асобы падбіраў рэпертуар. Ад студэнтаў дабіваўся цэласнасці ўспрымання і выканання твора, выхоўваў добры густ. Патрэбных вынікаў дасягаў цярплівым тлумачэннем і паказам музычных твораў, якія сам выконваў. Ён жыў музыкай і далучаў да цудоўнага свету гукавых фарбаў студэнтаў, ідучы не ад тэхнікі да музыкі, а, наадварот, ад музычнага ўяўлення да тэхнічнага ўвасаблення. Вучыў не толькі іграць, але і чуць, фантазіраваць, тварыць музыку. Спалучаў педагагічную дзейнасць з напісаннем метадычных распрацовак, прысвечаных П. Чайкоўскаму, С. Рахманінаву. Рыгору Юдэлевічу належаць артыкулы пра настаўніка У. Сафраніцкага, які адыграў вялікую ролю ў станаўленні яго як чалавека, музыканта і педагога.
За гады працы на кафедры спецыяльнага фартэпіяна Р. Шаршэўскі выхаваў цэлую плеяду сваіх паслядоўнікаў. Сярод вучняў – вядомыя таленавітыя выкладчыкі і выканаўцы В. Рахленка, Б. Бергер, Б. Спектар, І. Палівода, Л. Максімава, Л. Талкачова, І. Шуміліна, а таксама кампазітары Г. Вагнер, І. Лучанок, Э. Тырманд і інш. Цяжка назваць і пералічыць усіх, бо за час педагагічнай дзейнасці заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі (1983), прафесарам (1984) было падрыхтавана каля ста высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія працуюць у многіх гарадах Беларусі і СНД у розных сферах – ад сольнага фартэпіяннага выканання, камернага, канцэртмайстарскага майстэрства, музычнай педагогікі, навукова-даследчай, метадычнай работы да кампазітарскай і філасофскай творчасці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.