Дата рождения:
25.10.1933 Полацк, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
15.05.2013
Краткая справка:
мастак, аўтар твораў у станковым жывапісе, кніжнай і станковай графіцы, манументальна-дэкаратыўным мастацтве, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, ганаровая грамадзянка Полацка
Имена на других языках:
Shtchasnaya Ninel Ivanauna (не определен); Счастная Нинель Ивановна (русский);
2789 символов
Справка
З кагорты сучасных мастакоў вызначаецца асоба мастачкі Нінэль Іванаўны Шчаснай, самабытнага майстра, цудоўнай жанчыны, чалавека прыгожай і шчодрай душы, яркага і светлага таленту.
Нарадзілася мастачка ў Полацку ў сям’і настаўнікаў. Бацькі яе выкладалі беларускую мову і літаратуру. У 1946 г. сям’я пераехала ў зруйнаваны Мінск. У 1949 г. пасля заканчэння сямігодкі па парадзе мастака С. Каткова Н. Шчасная паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча. Вучобу працягвала ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна на факультэце жывапісу, які скончыла ў 1961 г.
Пачала свой творчы шлях Нінэль Іванаўна далёка ад радзімы – у Сярэдняй Азіі. Там яна афармляла інтэр’еры сучасных пабудоў, рэстаўрыравала помнікі дойлідства. Аднак талент Н. Шчаснай найлепш раскрыўся, калі яна вярнулася на радзіму. Н. Шчасная працуе ў жанры карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта, а таксама ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, у станковай і кніжнай графіцы. Асноўнае месца ў творчасці мастачкі займае ўзаемадзеянне чалавека з навакольным асяроддзем, прыродай, космасам. Яе творчасці ўласцівы мяккасць і лірызм светаадчування, экспрэсіўная тэхніка, арыгінальнасць колеравых вырашэнняў. Як жывапісец Н. Шчасная вядома сюжэтна-тэматычнымі карцінамі “Вясёлка”, “Пад сонейкам” (1966), “Самотная” (1968), “Васількі” (1972), “Налібоцкая пушча” (1975), “Пасля змены”, “Лада слухае” (1978), “Спрадвечнае” (1980), “Маё нараджэнне” (1981), “Толькі яго нявеста” (1984), “Белыя крылы” (1987), “Мая сям’я” (1997) і інш. Для мастачкі повязь са сваёй зямлёй, родам з’яўляецца адным з самых моцных пачуццяў. На яе палотнах узнікаюць вобразы гістарычных асоб, асветнікаў: “Ефрасіння Полацкая” (1997), “Ф. Скарына”, “І. Фёдараў і П. Мсціславец” (2000). Ёю створаны партрэты беларускіх пісьменнікаў: Я. Купалы, М. Багдановіча, І. Мележа, У. Дубоўкі, І. Шамякіна, Цёткі, А. Макаёнка, М. Матукоўскага, М. Танка, А. Куляшова. Сярод твораў ваеннай тэматыкі – палотны “Вайна” (1970), “Налібоцкая пушча 1944 года” (1975), “Холад смерці” (1977), “Толькі яго нявеста” (1984), “Вярнуўся” (1985).
Асаблівае месца у творчым актыве Нінэль Іванаўны займае вітраж. Вядомыя яе кампазіцыі: “Вада”, “Неба”, “Агонь”; трыпціхі “Птушкі ў садзе”, “Птушкі ў небе”. Займалася яна і кніжнай графікай, стварыла вялікую колькасць кніжных ілюстрацый. Мастачка аформіла кнігі “Калінавая рукавічка” А. Васілевіч (1963), “Матрошкіны казкі” І. Бурсава (1968), “Рыжая палянка” Д. Бічэль-Загнетавай (1971), “Крылы” М. Хведаровіча (1973), “Заручыны” П. Макаля (1979), “Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй” А. Лойкі (1984).
Н. Шчасная правяла больш за 50 персанальных выставак у Беларусі, у блізкім і далёкім замежжы, неаднаразова ўдзельнічала ў рэспубліканскіх выстаўках.