Дата рождения:
13.06.1834 Астраўляне, в., Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
26.08.1903 Расія
Краткая справка:
адзін з удзельнікаў літаратурнага жыцця ў Беларусі сярэдзіны XІX cт., верагодны аўтар паэмы "Тарас на Парнасе"
Варианты имени:
Васільеў Канстанцін Васільевіч
Имена на других языках:
Васильев Константин Васильевич (русский); Вереницин Константин Васильевич (русский);
3009 символов
Справка
Вершаваны помнік беларускай літаратуры ХІХ ст. паэма «Тарас на Парнасе» – твор унікальны, адзіны ў сваім родзе, дзе ўсё незвычайна: фабула і тэкст, дата стварэння і ананімнасць аўтарства. Доўгі час яна распаўсюджвалася толькі ў рукапісах, перадавалася ў вуснай форме. Упершыню паэма была надрукавана ў газеце «Минский листок» у 1889 г. Многія літаратуразнаўцы, вывучаючы час яе напісання, аналізуючы змест і мову, прыйшлі да высновы, што паэма была створана ў 1850-я гг. Аўтарства прыпісвалі В. Дуніну-Марцінкевічу, А. Вярыгу-Дарэўскаму, В. Равінскаму, Ф. Тапчэўскаму, Я. Вулю і інш. І толькі праз стагоддзе літаратуразнавец Г. Кісялёў і гісторык В. Скалабан, працуючы з дакументамі ў архівах розных гарадоў, выявілі імя найбольш верагоднага аўтара. Ім аказаўся стацкі саветнік з Санкт-Пецярбурга Канстанцін Васільевіч Вераніцын. За яго подпісам вядома таксама беларуская сатырычная паэма «Два д’яўлы», сюжэтна звязаная з Віцебскам (напісана ў Маскве ў 1860 г.).
Нарадзіўся К. Вераніцын у маёнтку Астраўляны Віцебскага павета Віцебскай губерні (цяпер Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і прыгонных сялян і быў запісаны пад прозвішчам Васільеў, якое супадала з іменем бацькі. Вучыўся ў Гарадоцкім прыходскім вучылішчы (скончыў у 1844 г.). У 1845 г. атрымаў вольную ад памешчыка і паступіў у Віцебскую губернскую гімназію. У 1851 г. прыпісаўся да мяшчанскага саслоўя пад прозвішчам Вераніцын. Праз год скончыў вучобу і стаў студэнтам Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (па невядомых прычынах у 1854 г. адлічаны). У 1857 г. як стыпендыят Вольнага эканамічнага таварыства К. Вераніцын быў прыняты адразу на трэці курс Горы-Горацкага земляробчага інстытута, які скончыў у 1859 г. Некаторы час кіраваў прыватным маёнткам (дзе не ўстаноўлена). З лютага 1863 па сакавік 1865 г. служыў у Санкт-Пецярбургу ў губернскай установе па сялянскіх справах. З 1865 па 1874 г. з’яўляўся памочнікам начальніка, а потым загадчыкам аддзела па адчужэнні зямель Галоўнага таварыства Расійскай чыгункі. У 1874–1879 гг. выкладаў прыродазнаўства, геаграфію і гісторыю ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Аднак быў вымушаны пакінуць працу у сувязі з пагаршэннем здароўя. У 1880 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе ўладкаваўся на службу ў Міністэрства шляхоў зносін. Пасяліўся ў доме, вядомым сваімі літаратурнымі традыцыямі: там у розныя часы жылі М. Някрасаў, І. Тургенеў, М. Чарнышэўскі. У 1900 г. К. Вераніцын выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка. Ён захоўваў сувязі з Віцебшчынай і часта наведваў родныя мясціны.
Памёр К. Вераніцын у 1904 г. (па некаторых звестках 26 жніўня 1903 г. у Лясным пад Санкт-Пецярбургам). 1 снежня 2001 г. у Гарадку і Астраўлянах былі ўстаноўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе верагоднага аўтара. У жніўні 2014 г. у скверы Гарадка ўсталяваны помнік – скульптура лясніка Тараса. У 2009 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга з паэмамі «Тарас на Парнасе» і «Два д’яўлы» з іменем К. Вераніцына на вокладцы.