Імя Аляксандра Раманавіча Пшчолкі – юрыста, пісьменніка, публіцыста, этнографа і фалькларыста добра вядома краязнаўцам Віцебшчыны. Нарадзіўся ён на Лепельшчыне ў сям’і вясковага дзячка Рамана Сцяпанавіча Пшчолкі. У небагатай сям’і было пяцёра дзяцей, таму Саша працаваў з малых гадоў – пас гусей, свіней, кароў. У дзевяцігадовым узросце пачаў вучыцца ў Полацкім духоўным вучылішчы, у 1890 г. выдатна закончыў Віцебскую духоўную семінарыю, год служыў у Маркавым манастыры Віцебска, тры гады быў псаломшчыкам. З 1894 г. настаўнічаў: выкладаў агародніцтва і садоўніцтва ў Зачарнянскай нізшай сельскагаспадарчай школе, быў настаўнікам Арэхаўскага народнага вучылішча. Толькі ў 1900 г. Аляксандр Пшчолка змог ажыццявіць сваю даўнюю мару: паступіў на юрыдычны факультэт Юр’еўскага (Тартускага) універсітэта. У 1904 г. абараніў дыпломную работу «Влияние несовершеннолетнего возраста на состояние вменяемости, виновности и наказуемости с научной точки зрения». З сакавіка 1905 г. быў служачым Віленскай судзебнай палаты. У гэты час ім былі падрыхтаваны брашуры на цікавыя для сялян тэмы: «О потравах», «Водка (ответ крестьянам)», надрукаваныя ў Віленскай друкарні «Русский почин» па заказу Віленскага таварыства «Крестьянин» у 1907 г. Найвысачэйшым загадам ад 17 мая 1908 г. Аляксандр Пшчолка быў прызначаны гарадскім суддзёй у Себеж, павятовы горад Віцебскай губерні. Тут ён ажаніўся з Ксеняй Антонаўнай Фалевіч. У сям’і нарадзілася трое дзяцей: Тамара (1911), Сяргей (1913) і Ксеня (1917).
Да 1917 г. А. Пшчолка служыў у судовых органах Віцебскай, Курляндскай і Эстляндскай губерняў, атрымаў чын калежскага асесара, быў узнагароджаны ордэнам святога Станіслава ІІ ст. Свой вопыт юрыдычнай службы ён выкарыстоўваў пры падрыхтоўцы двух даведачных выданняў: «Настольная книга для городских судей и земских начальников. Образцы и формы» (Санкт-Пецярбург, 1912) і «Настольная книга для мировых судей. Образцы делопроизводства» (Петраград, 1915). У сувязі з наступленнем кайзероўскіх войск сям’я Пшчолкі перабралася ў в. Стары Болецк Гарадоцкага павета Віцебскай губерні. Вясной 1918 г. яны спыніліся ў Гарадку, дзе Аляксандр Раманавіч працаваў настаўнікам, быў супрацоўнікам аддзела народнай асветы Гарадоцкага павятовага выканкама, узначальваў камісію па справах непаўналетніх. У ліпені 1920 г. А. Пшчолка стаў карэспандэнтам Гарадоцкага павятовага аддзялення Расійскага тэлеграфнага агенцтва (РОСТА), у 1921 г. пераехаў у Полацк, дзе займаў пасаду адваката пры Віцебскім губернскім судзе, выкладаў геаграфію і беларускую мову ў лясным тэхнікуме. Часта яго наведваў Б.І. Эпімах-Шыпіла, для абмеркавання этнаграфічнай карты Беларусі прыязджаў Я.Ф. Карскі. У канцы 1920-х гг. А. Пшчолка пераехаў у г.п. Старая Таропа Цвярской вобласці (Расія), дзе служыў адвакатам у мясцовым судзе да 1933 г.
Цяжкае сялянскае дзяцінства, маса уражанняў ад юрыдычнай дзейнасці ў народным асяроддзі падрыхтавалі Аляксандра Раманавіча Пшчолку да літаратурнай творчасці. Адной з першых літаратурных работ стала замалёўка «Замайжанскі кірмаш», надрукаваная ў №№ 9 і 10 «Витебских губернских ведомостей» за 1898 год. У тым жа годзе Віцебская губернская тыпалітаграфія выпусціла апавяданне асобнай брашурай і надрукавала этнаграфічны нарыс «Дзяды». Сярод інтэлігенцыі таго часу А Пшчолка набыў вядомасць: яго апавяданні, этнаграфічныя нарысы, юрыдычныя і сельскагаспадарчыя артыкулы часта друкавалі “Витебские губернские ведомости”, “Северо-Западный край”, “Минское слово” і інш. Свае літаратурныя творы ён ствараў на аснове жыцця сялян, прысвячаў увесь свой вольны час падарожжам па родным краі, сустрэчам з простымі людзьмі. Аляксандр Пшчолка – аўтар шэрагу зборнікаў, у якіх адлюстраваны жыццё, побыт, звычаі і абрады беларускага сялянства. Асобнымі выданнямі выйшлі этнаграфічныя нарысы “Дзяды” (1898), “Мікітавы хаўтуры” (1901, 1910), “Піліпава вяселле” (1901), “Янкина жалоба” (1900), “Талака”, “Зажынкі і абжынкі” (абодва 1903). Найбольш вядомымі сталі творы А. Пшчолкі “Очерки из жизни белорусской деревни” (1899, 1906), “Белорусские рассказы” (1901), ”Очерки и рассказы из белорусской жизни” (1902), ”Очерки и рассказы из жизни Белоруссии” (1910).
На працягу 1907–1908 гг. “Витебские губернские ведомости” друкавалі цыкл нарысаў А. Пшчолкі пад агульнай назвай “Письма из деревни”. Вельмі карысным і цікавым для вучоных-этнографаў атрымаўся раздзел, у якім даецца апісанне абрадаў, прысвечаных Юр’еву дню. З натуры быў запісаны раздзел “Терешка” з апісаннем вясковых вячорак, гульняў, танцаў, песень і прыпевак. У 1910 г. А. Пшчолка адрэгаваў і выдаў у Віцебску ананімную беларускую паэму «Тарас на Парнасе», у 1911 г. падрыхтаваў для Віцебскай вучонай архіўнай камісіі «Очерки города Себежа», якія не былі надрукаваны.
У сярэдзіне 1920-х гг. літаратурныя творы А. Пшчолкі неадназначна ўспрымаліся крытыкамі таго часу: яго абвінавачвалі ў кансерватыўных і нават рэакцыйных поглядах на беларускага селяніна, нягледзячы на станоўчыя ацэнкі яго творчасці М. Гарэцкім, М. Доўнар-Запольскім, Я.Ф. Карскім. Сапраўды, Аляксандру Пшчолку не заўсёды ўдавалася утрымацца на мяжы, за якой сатырычная ўсмешка над селянінам пераходзіла ў абразу, што выклікала незадавальненне крытыкаў. Аднак лепшыя творы А. Пшчолкі напісаны са шчырым спачуванннем і болем за народ (“Город и деревня”, “Талака”, “Зажынкі і абжынкі” і інш.).
Дзякуючы добрым арганізатарскім здольнасцям, А. Пшчолка шмат часу аддаваў культурна-асветнай рабоце: у 1908 г. у Вільні пад яго кіраўніцтвам быў праведзены беларускі вечар. На ім адбылася пастаноўка па п’есе А. Пшчолкі “Подрядились”, сам аўтар чытаў сваё апавяданне “Індыкі”, самадзейныя артысты выступалі ў нацыянальных строях, гучалі беларускія народныя музычныя творы ў выкананні дудара і цымбаліста. У 1910 г. у Полацку А. Пшчолка арганізаваў хор, які выконваў беларускія народныя песні, і беларускі тэатр.
Нягледзячы на тое, што Аляксандр Раманавіч Пшчолка ніколі не лічыў сябе фалькларыстам і этнографам, яго творчасць саслужыла добрую службу навуцы: да яго прац звяртаюцца вучоныя і краязнаўцы, якія займаюцца вывучэннем народных культурных традыцый Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г., адноўлены ў 2017 г.