Мінула шмат гадоў, але пра дзеда Талаша – чалавека-легенду, народнага героя – ведаюць людзі рознага ўзросту, якія, не задумваючыся, адкажуць, што быў у Беларусі такі славуты партызан.
Нарадзіўся Васіль Ісакавіч у в. Белцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і. Яго бацька ўсё жыццё працаваў на зямлі, гнуў спіну, але так і не разбагацеў. Не змог нават выдзеліць надзел зямлі сыну пасля жаніцьбы, таму Васіль быў вымушаны пайсці ў прымы ў суседнюю вёску Навасёлкі. Надзею на лепшае жыццё перакрэсліла польская акупацыя. Захопнікі здзекаваліся і рабавалі сялян. Больш свядомыя з жыхароў пачалі пратэставаць, згуртоўвацца, падымацца на барацьбу. Адным з першых на гэты шлях стаў і селянін з в. Навасёлкі В. Талаш. Ён разумеў, што трэба брацца за зброю, каб ратаваць не толькі сваё дабро, але і сваю годнасць, і сваю Радзіму. Перад прыходам палякаў у вёсцы стаяў атрад чырвонаармейцаў, камандзір якога кватараваў у В. Талаша. Ён часта пасылаў дзеда за звесткамі ў стан ворага. Усё, пра што даводзілася даведацца палешуку, камандзір перадаваў у Петрыкаў, дзе стаялі галоўныя сілы Чырвонай Арміі. Пры дапамозе чырвоных быў арганізаваны партызанскі атрад. Камандзірам аднагалосна выбраны дзед Талаш. Першая баявая аперацыя па вызваленні ад палякаў роднай вёскі была праведзена паспяхова. Дзед Талаш добра ведаў левабярэжжа Прыпяці, размяшчэнне населеных пунктаў і неаднаразова хадзіў у разведку ў Навасёлкі, Курыцічы і Петрыкаў. Некалькі разоў ён трапляў у палон да палякаў. І толькі дзякуючы прыроднай кемлівасці і хітрасці аказваўся на волі. У 1920 г. атрад уліўся ў адну з часцей Чырвонай Арміі. Дзед Талаш не мог служыць па стане здароўя і вярнуўся ў родную вёску на голую сядзібу. У навакольных вёсках панавалі галеча і голад. Дзеда Талаша выбралі старшынёй Навасёлкаўскага сельсавета. На той час яму ўжо было 77 гадоў. На плечы ляглі новыя клопаты, аднак дзед энергічна ўзяўся за справу, стаў дэлегатам VIII З’езда Саветаў Петрыкаўскай воласці, дзе абмяркоўваліся пытанні аднаўлення вёскі. Выступаў В. Талаш з віншаваннем ад беспартыйных рабочых фабрыкі “Чырвоны Кастрычнік” на ўрачыстым пасяджэнні Мазырскага гарадскога Савета, прысвечаным 7-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, якое адбылося ў 1924 г. За кароткі час прыдбаў збожжа для сяўбы, з яго дапамогай пагарэльцам бясплатна выдзелілі лес, каб адбудаваць спаленыя хаты. Дзед Талаш уваходзіў у камісію па складанні плана развіцця жывёла- і птушкагадоўлі ў раёне. Многа зрабіў для адкрыцця, а затым і пашырэння суднарамонтных майстэрняў у Петрыкаве. Палескі селянін двойчы прыязджаў у Мінск на сустрэчу з Я. Коласам. Якраз у той час выйшла з друку аповесць “Дрыгва”. Дзед Талаш уважліва чытаў і перачытваў твор. Сярод герояў ён пазнаваў таварышаў па зброі, нягледзячы на тое што прозвішчы былі зменены. Наведаў Мінск і ў 1939 г., калі адбылася прэм’ера оперы “У пушчах Палесся” кампазітара А. Багатырова. У падрыхтоўцы спектакля непасрэдны ўдзел прымаў Я. Колас з В. Талашом, які падказаў мастаку правільнае афармленне сцэны, з задавальненнем слухаў многія арыі. Опера была паказана ў час Першай Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1940).
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, В. Талашу было амаль 100 гадоў. Нападзенне нямецка-фашысцкіх захопнікаў на нашу краіну Васіль Ісакавіч перажываў вельмі цяжка. Быў ён яшчэ фізічна моцны, бадзёры, рухавы. Адчувалася, што няшчасце, якое напаткала наш народ, моцна ўзрушыла яго, болем адгукнулася ў сэрцы. Асабліва невыносным стала жыццё дзеда Талаша з прыходам ворагаў у Навасёлкі. Ён дапамагаў партызанам, за што быў арыштаваны акупантамі, зняволены ў петрыкаўскую турму. Пасля вызвалення супрацоўнічаў з Мінскім падпольным абкамам КП(б)Б. У пачатку 1943 г. з партызанскага аэрадрома, які знаходзіўся сярод лясоў і балот на невялікім астраўку Зыславе, перапраўлены на Вялікую зямлю. У Маскве В. Талаш распачаў актыўную дзейнасць: наведваў фабрыкі, заводы, дзяржаўныя ўстановы, вайсковыя часці, сустракаўся з людзьмі розных прафесій, расказваў ім пра баявыя справы беларускіх партызан. Выступаў перад воінамі, якія адпраўляліся на фронт. Лістоўкі з яго заклікамі да барацьбы з ворагам распаўсюджваліся на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Не абмінула вядомага партызана сваёй увагай і газета-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”, дзе быў змешчаны партрэт дзеда Талаша. Мастак І. Ахрэмчык паказаў яго мужным, удумлівым і засяроджаным. У вачах старога партызана – смутак па дарагіх мясцінах, па любай сэрцу Прыпяці. Выступаў дзед Талаш і па радыё. Яго палымяныя заклікі даходзілі да воінаў і партызан, знаходзілі жывы водгук у сэрцах людзей. У Маскве дзед Талаш сустрэўся з Я. Коласам. У канцы 1943 г. вярнуўся на Радзіму. За ўдзел у партызанскім руху быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны 1-й ступені. Нягледзячы на свой узрост, працаваў лесніком Петрыкаўскага лясгаса. Вельмі адказна адносіўся да сваёй справы, любіў лес, наводзіў у ім парадак. Гады бралі сваё. 23 жніўня 1946 г. на 103-м годзе жыцця Васіль Ісакавіч памёр.
У Беларусі многа зроблена для ўшанавання памяці славутага партызана. Яго імем названы вуліцы ў Мінску і Петрыкаве. У цэнтры Петрыкава ёсць невялікі парк з алеяй герояў, дзе пастаўлены помнік В. Талашу. На плошчы Якуба Коласа ў Мінску размясціўся ўражальны скульптурна-архітэктурны комплекс. У бронзе ўвекавечаны постаць пісьменніка і скульптурная група яго літаратурных герояў, сярод якіх – дзед Талаш з сынам. У 1989 г. у роднай вёсцы знакамітага партызана адкрыты Дом-музей дзеда Талаша, што размясціўся ў яго хаце. У 2012 г. на экраны выйшаў чатырохсерыйны мастацкі фільм “Талаш” па матывах аповесці “Дрыгва” Я. Коласа, аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога з’яўляецца С. Шульга.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.