Краткая справка:
грамадска-палiтычны дзеяч, публіцыст, педагог
Псевдонимы:
Добры Карлік
Варианты имени:
Бадунова Пелагея Аляксандраўна
Имена на других языках:
Badunowa P. (не определен); Бодунова Палута (русский); Бодунова Пелагея Александровна (русский); Бодунова Полута (русский);
3528 символов
Справка
Бадунова Палута (Пелагея Аляксандраўна) нарадзілася ў мястэчку Навабеліца (цяпер у межах Гомеля) у шматдзетнай сям’і. Каб пракарміць і вывучыць семярых дзяцей, бацька арэндаваў невялікі маёнтак. Сярод сясцёр прагай да ведаў і літаратурнымі здольнасцямі вылучалася сярэдняя – Пелагея. Яна магла экспромтам прыдумаць некалькі варыянтаў апавядання на адну і тую ж тэму, спрабавала нават пісаць паэму пра гісторыю сям’і. Пасля заканчэння ў 1905 г. двухкласнай Буйніцкай настаўніцкай семінарыі выкладала рускую мову і геаграфію ў школах Гомельскага павета. Праца ў вёсках адкрыла маладой настаўніцы зусім іншы свет – свет беларускага сялянства, носьбіта нацыянальнай мовы, багатай і арыгінальнай традыцыйнай культуры.
Палітычная біяграфія П. Бадуновай пачалася ў Петраградзе, дзе яна з 1914 г. вучылася на вышэйшых гісторыка-літаратурных курсах. Там пазнаёмілася і блізка сышлася з многімі актывістамі нацыянальна-вызваленчага руху, стала членам Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) – уплывовай на той час палітычнай партыі. У чэрвені 1917 г. увайшла ў Цэнтральны камітэт (ЦК) БСГ. Адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі была выбрана дэпутатам Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (належала да левай плыні партыі). Яна ўдзельнічала ў рабоце Усебеларускага з’езда ў Мінску ў 1917 г. У лютым 1918 г. займала пасаду народнага сакратара апекі ў Народным сакратарыяце Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Адкрывала дзіцячыя прытулкі, школы, яслі. У 1918 г. узначаліла створанае ў Мінску дабрачыннае таварыства “Цётка”, якое дапамагала бедным і пацярпелым ад вайны.
Пасля расколу БСГ П. Бадунава стала членам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), з’яўлялася сакратаром яе ЦК. Восенню 1919 г. увайшла ў Раду БНР. Выступала за поўную незалежнасць Беларусі. Была арыштавана польскімі акупацыйнымі ўладамі. Пасля выхаду з турмы працягвала палітычную дзейнасць. Як прадстаўнік БПС-Р у красавіку 1920 г. у Маскве праводзіла перагаворы з ЦК РКП(б), сустракалася з У. І. Леніным. Яна адстойвала суверэнітэт беларускай дзяржавы, непадзельнасць яе тэрыторыі. У сакавіку 1921 г. П. Бадунова была абвінавачана ў антысавецкай дзейнасці і арыштавана. Пакаранне адбывала ў Бутырскай турме. Па хадайніцтве А. Чарвякова вызвалена 16 жніўня 1921 г.
Звесткі пра жыццё і дзейнасць П. Бадуновай на працягу 1921–1922 гг. вельмі сціплыя. Вядома, што яна адразу пасля вызвалення праходзіла курс лячэння ў падмаскоўным санаторыі, потым наведала Слуцк, у якім знаходзілася адна з найбуйнейшых арганізацый БСП-Р. Выступала на сходах і сустрэчах, дзе пераконвала паплечнікаў адмовіцца ад ідэі ліквідацыі партыі, заклікала часова прыпыніць палітычную актыўнасць і заняцца культурна-асветніцкай дзейнасцю. Вярнуўшыся ў Мінск, наладзіла сувязі з творчай інтэлігенцыяй, цікавілася пытаннямі беларускай школы, тэатра. Надрукавала нарысы-ўспаміны пра дзеячаў беларускага руху А. Лявіцкага (Ядвігіна Ш.) і А. Бурбіса. У 1923 г. П. Бадунова нелегальна выехала ў Польшчу, потым перабралася ў Прагу. У лістападзе 1925 г. вярнулася на радзіму. Працавала настаўніцай у Навабеліцкай школе, на курсах беларусазнаўства ў Гомелі.
3 верасня 1937 г. яна была арыштавана, абвінавачана ў антысавецкай дзейнасці і асуджана на 10 гадоў папраўча-працоўных работ. У 1938 г. справу перагледзелі і П. Бадунову за ўдзел у Аб’яднаным антысавецкім падполлі прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання (расстраляна ў Мінску 29 лістапада 1938 г.). Рэабілітавана пасмяротна ў чэрвені 1989 г.