Краткая справка:
беларускі і польскі дзеяч культуры, паэт, перакладчык, кампазітар, кнігавыдавец
Варианты имени:
Базылік Кіпрыян
Имена на других языках:
Bazylik (не определен); Bazylik Cyprian (не определен); Cyprian (не определен); Cyprianus (не определен); Mathiae Syradiesis (не определен); Базылик Киприан (русский); Базылик Циприан (русский);
4142 символа
Справка
У асобе Цыпрыяна Базыліка мы маем прадстаўніка эпохі Рэнесансу з саліднай творчай біяграфіяй. Ён належаў да ліку тых рэлігійных і культурных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага, якія паходзілі з Польшчы. Дарэчы, менавіта даследчыкі з Польшчы першыя адкрылі асобу Ц. Базыліка: яны яшчэ ў пачатку ХХ ст. зацікавіліся яго творчасцю, высока ацаніўшы шматграннасць майстэрства, апублікавалі шэраг яго твораў.
Нарадзіўся Цыпрыян Базылік каля 1535 г. у горадзе Серадз (Польшча) у мяшчанскай сям'і. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце (1550–1551), тады ж прыняў кальвінізм. Потым працаваў у Вільні сакратаром вялікакняжацкай канцылярыі.
Прыблізна з 1556 г. быў прыдворным музыкантам, адным з кіраўнікоў капэлы канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. У гэты ж час Цыпрыян складае рэлігійныя спевы на ўласныя словы, а таксама на вершы М. Рэя, А. Тшэцескага, Я. Любельчыка, С. Зацыуса, якія выдаваліся асобнымі кнігамі ў Берасці (1556, 1558, 1559), увайшлі ў зборнік «Песні хвал Боскіх» (1558), які складаўся са 100 песень з нотамі.
Уласны талент, падтрымка заможных апекуноў і шчаслівы выпадак прынеслі яму ў 1557 г. ганаровы тытул «poeta laureatus» і шляхецкі герб. Тытул, герб і прозвішча ён атрымаў ад уладальніка грэчаскіх астравоў Парас і Самас Якаба Базыліка Гераклідаса. Пазней тытул, герб і прозвішча былі пацверджаны каралеўскім прывілеем Жыгімонта Аўгуста.
Пасля 1560 г. сляды кампазітарскай дзейнасці Ц. Базыліка губляюцца, але вядома, што ён асвойвае друкарскую справу і ўсё больш актыўна выступае ў якасці паэта і перакладчыка з лацінскай на польскую мову. У 1560–1570-я г. Ц. Базылік з'яўляўся друкаром-кнігавыдаўцом у Берасці. У гэты час пад кіраўніцтвам Ц. Базыліка надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польскай і лацінскай мовах, у тым ліку «Берасцейская Біблія» (1563), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). У некаторыя кнігі ўключаны таксама ўласныя вершы Ц. Базыліка.
Гэты перыяд быў вельмі плённым для Ц. Базыліка як паэта. Варта згадаць паэму «Кароткае апісанне падзей, звязаных са смерцю і пахаваннем Альжбеты з Шыдлоўца Радзівіл» («Krotkie wypisanie sprawy przy smierci i pogrzebie Oswieconej Ksieznej Pani Halzbiety z Szydlowca Radziwillowej» (Берасце, 1562). Узнёслы панегірычны верш прысвечаны апісанню працэсу памірання княгіні Альжбеты Радзівіл, якая для свайго часу была асобай неардынарнай, карысталася павагай і ў прыдворным свеце, і ў пратэстанцкіх колах. На думку польскіх і беларускіх даследчыкаў, гэту паэму можна аднесці да адной з лепшых паэм сярэдзіны XVI ст., а імя паэта заслугоўвае быць названым сярод імёнаў лепшых паэтаў Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу.
Сярод іншых твораў у паэтычнай спадчыне Ц. Базыліка песенныя тэксты 1556–1558 гг., верш-пасляслоўе да паэмы «Пратэй» (1564), паэма «Надпіс на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага» (Берасце, 1570). Усе згаданыя творы падпісаны прозвішчам паэта альбо яго крыптанімам. Па меркаванні спецыялістаў, магчыма, яго пяру належыць сатырычная антыкаталіцкая паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (Берасце, 1564) і сатырычная алегорыя «Працэс чарцей супраць людскога роду» (Берасце, 1570).
У гэты час Ц. Базылік значна праявіў сябе і ў якасці перакладчыка: пераклаў з лацінскай мовы на польскую і выдаў кампіляцыйны твор «Гісторыя жорсткіх ганенняў царквы боскай» (Берасце, 1567, сумесна з А. Воланам), у якім асуджаюцца рэлігійныя ганенні ў Заходняй Еўропе. Пераклаў на польскую мову творы А. Фрыча Маджэўскага «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Лоск, 1577), М. Олаха «Пра Атылу, караля угорскага» (Кракаў, 1574; рукапіс беларускага перакладу каля 1580) і М. Барлетыуса аб героі вайны супраць туркаў Г. Скандэрбегу (1569).
У пачатку 1570-х гг. у выніку агульнага заняпаду рэлігійнага і культурнага асяродка ў Берасці друкарня Ц. Базыліка спыняе сваю дзейнасць. У 1570–1580-я гг. Ц. Базылік займае пасаду войта ў Мельніку на Падляшшы, непадалёку ад Берасця. Пасля 1577 г. Ц. Базылік не публікуе больш ні вершаў, ні перакладаў, а пасля 1591 г. яго сляды ўвогуле знікаюць. Лічыцца, што памёр Ц. Базылік пасля 1600 г.