Дата рождения:
20.02.1945 Рудзенск, г. п., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
19.12.2005
Краткая справка:
пісьменніца, перакладчыца, грамадская дзяячка, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2004)
Имена на других языках:
Бондарь Таиса Николаевна (русский); Бондарь Таисия Николаевна (русский);
3832 символа
Справка
У сучаснай беларускай літаратуры жанчынамі-пісьменніцамі напісана нямала твораў, пазначаных вострай праблематычнасцю, глыбінёй пачуццяў, філасофскімі разважаннямі. Адной з іх з’яўляецца Таіса Мікалаеўна Бондар.
Нарадзілася яна ў г. п. Рудзенск Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і служачага. Бацька загінуў на фронце, і дзяўчынка рана зведала ўвесь цяжар пасляваеннага жыцця. Давялося паспрабаваць сябе ў розных прафесіях: працавала швачкай, піянерважатай, у дзіцячай бібліятэцы, Доме піянераў у г. Фалешты (Малдаўская ССР). У 1967 г. завочна скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў і некалькі гадоў настаўнічала. У 1977 г. вярнулася ў Беларусь. Працавала пазаштатным карэспандэнтам газеты “Вячэрні Мінск”, у 1978–1981 гг. загадвала аддзелам выяўленчага мастацтва, архітэктуры і вытворчай эстэтыкі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, з 1981 г. у часопісе “Беларусь”. З 1996 г. з’яўлялася галоўным рэдактарам часопіса “Всемирная литература”. Выступала ў друку з крытычнымі артыкуламі, публіцыстычнымі нататкамі, займалася перакладам твораў малдаўскіх, румынскіх і англійскіх аўтараў. У 1978 г. стала членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 2002 г. узначальвала рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Літаратура і Мастацтва”.
Вершы Т. Бондар пачала пісаць яшчэ ў школе. Першыя друкаваныя творы з’явіліся ў 1970 г. у газеце “Літаратура і мастацтва”. Праз чатыры гады выйшаў зборнік паэзіі “Захапленне”. Ужо сама назва выяўляла лірычную гераіню вершаў чалавекам жыццярадасным, узнёслым, трапяткім, які шукае ў свеце прыгажосць і знаходзіць яе ў самым будзённым. У наступных зборніках – “Акно ў восень” (1977), “…І голас набыла душа” (1980), “Святочны снег” (1981), “Чырвоны месяц года” (1985), “Спадчынны боль” (1987), “Адна” (1989), “Хачу назваць цябе каханым” (1991), “Час душы, мой час вячэрні…” (1995) – раскрыўся лірычны талент Т. Бондар. У паэтычных творах яна распавядала пра жыццё простых людзей, іх паўсядзённыя справы, асобую ўвагу надавала жаночым вобразам.
З сярэдзіны 1980-х гг. Т. Бондар пачала пісаць прозу. Былі выдадзены зборнікі апавяданняў і аповесцей “Сінія яблыкі” (1984), “Час, калі нас любілі” (1988), “Паветраны замак на дваіх” (1990). У творах уздымаюцца сямейныя праблемы, спасцігаецца сэнс жыцця. Падзеяй у беларускай літаратуры стаў гістарычны раман пра Ефрасінню Полацкую “Спакуса” (1989). У ім закранаюцца не толькі філасофскія, але і сямейна-бытавыя праблемы, паказаны ўзаемаадносіны пакаленняў. Становішча жанчыны ў сучасным грамадстве, прага вырвацца за межы будзённасці, пошук сапраўднага кахання – усё гэта глыбока хвалявала пісьменніцу і знайшло адлюстраванне ў рамане “Мечаная” (“Імем айца і сына”, 2000), меладраме “Іван ды Мар’я” (2004), аповесці “Матылькі” (2005). Ахвярам культу асобы і іх нашчадкам прысвечаны раман “Ахвяры” (1992). Таіса Бондар з’яўляецца таксама аўтарам фантасмагорыі “Пусты п’едэстал” (2003), рамана-містэрыі “Павуцінне” (2004). У яе творах адбіліся сумненні, расчараванні, пакуты чалавека, які не хоча быць сляпой ахвярай абставін, а імкнецца зразумець сэнс жыцця. Проза Т. Бондар – гэта не жаночыя французскія раманы. У кнігах пісьменніцы кожная старонка перачытваецца па некалькі разоў і абдумваецца. “Ратуйце душу!” – заклікае яна, бо сапраўдная літаратура вядзе вечны бой за чалавека. У апошнія гады жыцця Т. Бондар шмат часу прысвячала ідэі арганізацыі славянскага брацтва, скліканню славянскага сабору. Яна прапагандавала гэта ў Варшаве, Празе, наведвала Балгарыю, Сербію і ўсюды знаходзіла аднадумцаў. Увесь працоўны і творчы шлях пісьменніцы пазначаны самаадданай дзейнасцю на ніве духоўнасці і літаратуры, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй па абароне высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў. У 2004 г. Т. Бондар стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.