Ванда Антонаўна Лявіцкая нарадзілася ў мястэчку Радашковічы (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці) у сям’і беларускага пісьменніка Антона Лявіцкага, вядомага пад псеўданімам Ядвігін Ш. Паколькі матэрыяльнае становішча мнагадзетнай сям’і было цяжкім, першапачаткова Ванда вучылася дома. Бацька расказваў пра беларускую мову, родны край, паказваў беларускія газеты, зачытваў свае апавяданні і імпрэсіі. Усё гэта моцна паўплывала на самасвядомасць дзяўчыны, і свой першы твор яна напісала па-беларуску. У 1909 г. у газеце «Наша Ніва» надрукавана яе першае апавяданне «Бацькаўшчына».
У 1914 г. В. Лявіцкая скончыла Вышэйшае пачатковае вучылішча ў Радашковічах. У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны не змагла працягваць вучобу. Працавала ў Мінску ў «Беларускай кнігарні», гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, часопісах «Лучынка» і «Саха». Пасля закрыцця ў 1916 г. кнігарні была выхавацелькай і выкладчыкам у дзіцячым прытулку пры Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны. Лявіцкая В. А. была актыўным грамадскім дзеячам, членам школьнай камісіі, камісіі па друку, з’яўлялася адной з заснавальніц Беларускага аб’яднання настаўнікаў, удзельнічала ў розных з’ездах. У 1917 г. яна пайшла вучыцца на настаўніцкія курсы пры паштова-тэлеграфнай гімназіі, пасля заканчэння якіх працавала ў Першай мінскай беларускай школе. Выйшаўшы замуж за пісьменніка і вучонага Я. Лёсіка (1917), выхоўвала дзяцей, часам брала ў выдавецтвах выпадковыя пераклады. У 1933 г. пакінула Беларусь, выехала да рэпрэсіраванага мужа. Пасля яго смерці жыла у Ліпецку, у пасёлку Татарка Стаўрапольскага краю.
Асноўныя матывы творчасці В.А. Лявіцкай – замілаванне роднай прыродай, складаны лёс беларускага народа («Бацькаўшчына», «Сумна, сумна шуміць старушка ліпа…» і інш.). Яна друкавалася ў газетах «Вольная Беларусь», «Беларусь», часопісах «Зоркі» і «Іскры Ільіча». Пісала невялікія апавяданні для дзяцей, успаміны пра бацьку. Пераклала на беларускую мову асобныя творы М. Канапніцкай, В. Чайчанкі і інш.