Марцін Міхайлавіч Кухта нарадзіўся ў мястэчку Куркляй Ковенскай губерні ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння чатырохгадовага прыходскага вучылішча прайшоў навучанне ў друкарні Віленскай ваеннай акругі, дзе дасканала авалодаў прафесіяй наборшчыка. Некаторы час працаваў у друкарнях Вільні і Санкт-Пецярбурга. Пасля падпісання закону па адмянненні абмежаванняў на выкарыстанне мясцовых моў у заходніх губернях Расіі вярнуўся ў Вільню і разам з П. Вілейшысам адкрыў у 1904 г. першую літоўскую друкарню. Тут ён выдаваў газету "Vilniaus žinios" ("Віленскія навіны"). У сакавіку 1906 г. М. Кухта заснаваў уласную друкарню і пачаў выдаваць кнігі, газеты і часопісы на беларускай, літоўскай, польскай і рускай мовах. З лістапада 1906 г. тут друкавалася беларуская газета "Наша Ніва".
Да 1918 г. выдавецтва М. Кухты з’яўлялася буйным прадпрыемствам. З друкарняй супрацоўнічалі “Наша Ніва”, “Наша Хата”, “Палачанін”, “Беларускае выдавецкае таварыства”. Выдавец быў знаёмы з многімі беларускімі паэтамі і пісьменнікамі, якія пазней сталі класікамі беларускай літаратуры. З 1906 па 1915 г. М. Кухтам было надрукавана каля 60 кніжных выданняў на беларускай мове. Сярод іх творы Ф. Багушэвіча, Цёткі, А. Гаруна, З. Бядулі, Ц. Гартнага, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, К. Буйло і інш. У 1914 г. (на вокладцы пазначаны 1913 г.) у друкарні М. Кухты тыражом 2 тыс. экзэмпляраў выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча "Вянок".
Акрамя мастацкіх твораў М. Кухта друкаваў кнігі па літаратуразнаўстве, сельскай гаспадарцы і медыцыне, творы перакладной літаратуры, зборнікі песень і казак, беларускія календары, этнаграфічныя матэрыялы, лінгвістычныя даследаванні.
Выпускаліся выданні на польскай мове, а таксама значная колькасць (звыш 300 да 1914 г.) літоўскіх кніг, брашур, літоўскіх перыядычных выданняў (газеты “Balsas”, “Lietuvis”, “Lietuvos aidas”, “Lietuvos žinios”, “Viltis”, часопісы “Garsas”, “Lietuvių tauta”, “Šviesa” і інш.).
Першая сусветная вайна не спыніла дзейнасць прадпрыемства М. Кухты. Тут была надрукавана адозва "Да грамадзян Беларусі" Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1916–1918 гг. у друкарні М. Кухты выдавалася беларуская газета "Гоман". У 1917 г. да чатырохсотгоддзя з часу выхаду першай кнігі Ф. Скарыны друкарняй М. Кухты была выпушчана спецыяльная паштоўка. У сярэдзіне 1918 г. у Вільні была надрукавана "Беларуская граматыка для школ" Б. Тарашкевіча, а ў канцы – часопіс "Крывічанін". У тым жа годзе за публікацыю Акта незалежнасці Літвы ў газеце "Lietuvos aidas" ("Рэха Літвы") выдавец быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, а друкарня – разгромлена.
У 1918 г. друкарню М. Кухты рэарганізавалі. Яна атрымала новую назву назву "Švyturys" ("Маяк"). Некаторы час і там друкаваліся беларускія выданні. Сярод іх – зборнік "З чаго ліха на свеце: беларускія казкі" (1919), "Элементарная алгебра" А. Кісялёва (1921–1922, ч. 1–2), газеты "Беларускае жыццё" і "Грамадзянін".
У 1920 г. друкарня пераехала ў Каўнас. Праз некалькі гадоў яна змяніла сваю назву на "Spindulys" ("Прамень"). Да 1934 г. М. Кухта працягваў займацца выдавецкай справай. Пасля Другой сусветнай вайны жыў і працаваў у Каўнасе. Памёр 23 чэрвеня 1956 г. У 2005 г. у Вільнюсе, на будынку, дзе ў 1906–1921 гг. размяшчалася друкарня М. Кухты, была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.