Дата рождения:
14.11.1836 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерти:
23.08.1893
Краткая справка:
жывапісец, рысавальшчык, аўтар ілюстрацый да твораў А. Міцкевіча, Ю. Крашэўскага, У. Сыракомлі, І. Ходзькі, Э. Ажэшкі, графічных работ пра гістарычнае мінулае Беларусі, актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызваленчага руху сярэдзіны ХІХ ст. у Беларусі і Літве
Варианты имени:
Андрыёлі Міхаіл Францавіч
Имена на других языках:
Andriolli Michael Elviro (итальянский); Andriolli Michał Elwiro (польский); Andriollis Mykolas Elvyras (литовский); Андриолли Михаил Францевич (русский); Андриолли Михал Эльвиро (русский);
5411 символ
Справка
Выдатны беларускі мастак ХІХ ст. Міхал Эльвіра Андрыёлі пражыў вельмі насычанае падзеямі жыццё, якое, па меркаванні яго сябра, пісьменніка і журналіста А. Плуга, магло б нават легчы ў аснову захапляльнай аповесці.
Нарадзіўся будучы майстар у сям’і італьянца, які трапіў у палон да рускіх у час паходу арміі Напалеона ў Расію. Пасля вызвалення з няволі бацька атрымаў расійскае грамадзянства, ажаніўся і застаўся жыць і працаваць у Вільні. Быў мастаком-дэкаратарам, разьбяром, настаўнікам у Шаўляйскай гімназіі. Міхал Эльвіра Андрыёлі захапіўся маляваннем з ранніх гадоў. Вучыўся майстэрству спачатку ў бацькі, потым пазнаёміўся з мастаком А. Залескім, які стаў яму і настаўнікам, і сябрам. Менавіта гэты вельмі эрудзіраваны чалавек, з якім яны шмат вандравалі і рабілі замалёўкі ўсяго, што траплялася на вочы, навучыў разумець мастацтва і любіць родны край. Тады і з’явілася ў Міхала Эльвіра мэта – паказаць у малюнках мінулае роднага краю. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі ў 1855 г. (па патрабаванні бацькі) ён паступіў на медыцынскі факультэт Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта. Аднак мастацтва захапляла больш, таму стаў наведваць урокі малявання, а ў хуткім часе пры дапамозе прафесара жывапісу С. Заранкі, які заўважыў таленавітага юнака, М. Э. Андрыёлі пакінуў медыцыну і працягнуў вучобу ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1857 г. дасягнуў ужо першых поспехаў і за дыпломную працу – партрэт студэнта, выкананы з натуры, Імператарская Санкт-Пецярбургская акадэмія мастацтваў надала званне мастака. Жаданне вучыцца далей прывяло яго ў Італію, дзе вучыўся жывапісу ў Акадэміі святога Лукі ў Рыме.
У пачатку 1860-х гг. М. Э. Андрыёлі вярнуўся на радзіму, дзе ў той час пачаліся народныя хваляванні. Выкладаў жывапіс на прыватных жаночых курсах, актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці Вільні і неўзабаве далучыўся да сваіх сяброў – удзельнікаў патрыятычнага руху. З пачаткам нацыянальна-вызваленчага паўстання М. Э. Андрыёлі ў сакавіку 1863 г. з невялікім атрадам накіраваўся ў правінцыю, дзе сустрэўся з войскам Л. Нарбута, пад кіраўніцтвам якога ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць расійскай арміі. Мастак узначаліў штаб атрада, але і не забываў пра творчасць. Сапраўднымі дакументамі можна лічыць яго ўспаміны і малюнкі пра дзеянні паўстанцаў, зробленыя ў 1860-я гг. («Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Суд Мураўёва», «Магіла паўстанца» і інш.). У лістападзе 1863 г. М. Э. Андрыёлі арыштавалі і ўтрымлівалі ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Санкт-Пецярбургу. Далей, як у авантурным рамане, былі і ўцёкі з турмы, і пераапрананні, і дапамога простых людзей, і жабрацтва, і голад, і ўрэшце эміграцыя.
У чэрвені 1864 г. М. Э. Андрыёлі апынуўся ў Парыжы, дзе пачаў займацца ілюстраваннем часопісаў разам са знакамітым французскім ілюстратарам Г. Дарэ. У хуткім часе вырашыў вярнуцца на радзіму. Пры пераходзе расійскай мяжы ў 1866 г. арыштаваны і пасаджаны ў Хоцінскі замак. За ўсе прад’яўленыя абвінавачванні яму пагражала катарга ў Сібіры, аднак дзякуючы царскай амністыі быў сасланы ў Вятку. Дзейная натура мастака не дазваляла сядзець без справы і ў ссылцы. Ён маляваў партрэты і царкоўныя абразы на заказ, прадаваў іх і так зарабляў на жыццё. Адначасова даваў урокі будучым рускім мастакам В і А. Васняцовым. У 1871 г. М. Э. Андрыёлі пакінуў Вятку і пасяліўся ў Варшаве, дзе працягнуў мастацкую адукацыю ў школе Герсана. Ён апантана працаваў па 12 гадзін у дзень і зрабіў больш за тры сотні малюнкаў, якія потым друкаваліся ў часопісах «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік») і «Klosy» («Каласы»). Займаўся ілюстраваннем літаратурных твораў, сярод якіх – «Марыя» А. Мальчэўскага, «Дабрародны Ян Дубарог» У. Сыракомлі, «Успаміны квестара» І. Ходзькі, «Мейр Езафовіч» Э. Ажэшкі і інш. Ілюстрацыі да паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, нягледзячы на супярэчлівыя водгукі тагачаснай крытыкі, сёння па праву лічацца найлепшымі яе мастацкімі адпаведнікамі. У 1883 г. М. Э. Андрыёлі запрасілі ў Парыж ілюстраваць кнігі В. Гюго, Ф. Купера, П. Карнеля і інш. Заказаў было шмат, і ён аддаваў перавагу творам, якія лічыў сапраўды вартымі мастацтва. Зрабіў малюнкі для рамана «Апошні з магікан» Ф. Купера, аповесці «Конрад Валенрод» А. Міцкевіча, трагедыі «Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра і інш. Працаваў над цыклам малюнкаў з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – «Смерць Кейстута» (1882), «Сутычка ліцвінаў з крыжаносцамі» (1883), «Стэфан Баторый» (1886), «Ліцвіны ў засадзе» (1889) і інш. Напружаны рытм працы і жыццёвыя цяжкасці вымусілі яго ў 1886 г. пакінуць Францыю і вярнуцца ў свой маёнтак пад Мінскам-Мазавецкім (Польшча). Шмат вандраваў па мясцінах сваёй маладосці, маляваў краявіды роднай зямлі, абразы для каталіцкіх касцёлаў у Коўне, Навагрудку і Калушыне, працягваў рабіць ілюстрацыі да твораў пісьменнікаў. У 1888 г. карціна «Канцэрт над канцэртамі» да паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, напісаная па заказе калекцыянера графа Б. Тышкевіча, выклікала вялікае захапленне ў аматараў мастацтва. Самым значным з апошніх яго твораў стаў «Пір Валенрода» (1891) – ілюстрацыя да паэмы «Конрад Валенрод» А. Міцкевіча.
За сваё плённае творчае жыццё мастак, які называў сябе «Андрыёлі з Вільні», стварыў больш за тысячу малюнкаў і гравюр, заклаў пачатак беларускай кніжнай ілюстрацыі і ажыццявіў сваю дзіцячую мару – адлюстраваў мовай мастацтва гісторыю роднага краю, палымяным патрыётам якога застаўся назаўжды.