Краткая справка:
кінааператар, сярод работ якога – мастацкія фільмы "Міколка-паравоз" (1956), "Дзяўчынка шукае бацьку" (1959), "Воўчая зграя" (1975), "Дачка камандзіра" (1981) і інш., заслужаны работнік культуры Беларусі
Имена на других языках:
Авдеев Олег Тихонович (русский);
3567 символов
Справка
Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» заўсёды славілася сваёй аператарскай школай. Адным з яе прадстаўнікоў з’яўляецца Алег Ціханавіч Аўдзееў, заслужаны работнік культуры БССР (1976), сапраўдны майстар аператарскага мастацтва.
Ён нарадзіўся ў Ленінградзе. У гады Вялікай Айчыннай вайны падлеткам працаваў на авіяцыйным заводзе ў Куйбышаве і адначасова вучыўся ў рамесным вучылішчы, потым быў накіраваны ў індустрыяльны тэхнікум. Пасля вяртання ў Ленінград захапіўся фатаграфіяй, і гэта паспрыяла паступленню на аператарскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (прыёмную камісію ўразілі фотаздымкі, дзе былі адлюстраваны краявіды дарэвалюцыйнага Санкт-Пецярбурга). У 1955 г. А. Аўдзееў скончыў гэту навучальную ўстанову. Яго дыпломная работа «На рацэ Ацэ», знятая па матывах твораў К. Паўстоўскага (рэжысёр В. Знак), стала сапраўдным мастацкім адкрыццём. Прэм’ера фільма прайшла ў Маскоўскім доме кіно (факт да таго часу рэдкі), і карціна была выпушчана на ўсесаюзны экран.
У Мінск А. Аўдзееў трапіў не адразу. Пасля інстытута працаваў асістэнтам аператара на «Ленфільме». З 1956 г. яго дзейнасць была звязана з кінастудыяй «Беларусьфільм». За гэты час зняў шмат розных фільмаў – дакументальных, дзіцячых, ваенных, гістарычных, меладраматычных. Для творчасці А. Аўдзеева характэрны строгі рэалістычны стыль, графічнасць і лірызм. У дакументальным кіно яго вабілі дакладнасць факта, канкрэтныя людзі, сапраўднае жыццё. Сярод кінастужак гэтага жанру – «Першакласнікі» (1962), «Сіні шлях» (1965), «Генерал Даватар» і «Дарогі, якія мы выбіраем» (1967), «Факел» (1971), «Балада пра чорную бярозу» (1977). Найбольш ярка талент А. Аўдзеева раскрыўся ў мастацкім кінематографе. Як аператар ён удзельнічаў у стварэнні фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку» (з І. Пікманам) і «Каханнем трэба даражыць» (1959), «Сакратар павяткама» (навела з кінаальманаха «Апавяданні пра юнацтва», 1961), «Крыніцы» (1964), «Чужое імя» (1966), «Неспадзяванае каханне» (1970), «Залаты ганак» (1972), «Воўчая зграя» і «Маленькі сяржант» (1975), «Дажджы па ўсёй тэрыторыі» (1978), «Канец бабінага лета» (1983), «Трывогі першых птушак» (1985), «Жадаеце – кахайце, жадаеце – не...» (1987); тэлевізійных серыялаў «Парашуты на дрэвах» (1973), «Крыж міласэрнасці» (1989–1991). У 1994 г. А. Аўдзееў (разам з Л. Пякарскім) зняў апошні свой фільм «Раман імператара» і пачаў займацца жывапісам.
Ён з’яўляецца аўтарам і мастаком альбомаў «Первые железные дороги России» (2002), «Петербург-Московская (Николаевская) железная дорога» (2005), «Царскосельская железная дорога» (2006). Успаміны дзяцінства, звязаныя з чыгункай, сталі сюжэтамі жывапісных твораў А. Аўдзеева. На іх – цягнікі, якія прыходзяць на станцыю, імчаць па мастах у яркі восеньскі дзень і марозную ноч праз Паўлаўскі парк і густы лес. На карцінах можна ўпершыню ўбачыць некаторыя дакладныя тэхнічныя дэталі, што даўно зрабіліся гісторыяй: эмблему на машыне Р. Стэфенсана ці конусападобную трубу над паравозам. На палотнах адлюстраваны гісторыі, якія захапляюць сюжэтам і пераконваюць візуальна. Унікальнасць карцін у тым, што там у вобразна-пластычным варыянце яднаюцца два віды мастацтва – кіно і жывапіс. Жывапісныя творы А. Аўдзеева ёсць не што іншае, як спыненыя кадры фільма. У адным з альбомаў змешчаны аўтапартрэт аўтара. Ён стаіць каля кінакамеры. На раменьчыку вісіць фотаапарат – знак таго, што ўсё пачалося з фатаграфіі. Кампазіцыя прадстаўлена пры вячэрнім асвятленні (у лёгкіх прыцемках) – любімым часе сутак А. Аўдзеева – фатографа, кінааператара, мастака.