Имена на других языках:
Бирало Захар Яковлевич (русский);
2540 символов
Справка
Захар Якаўлевіч Бірала нарадзіўся ў в. Раўнаполле Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння пачатковай школы, паступіў у пяты клас сямігодкі, якую неўзабаве закрылі. Актыўна займаўся самаадукацыяй. У 1925–1928 гг. працаваў разам з бацькамі на гаспадарцы, часам наймаўся парабкам да заможных сялян. У 1928–1931 гг. вучыўся на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Друкавацца З. Бірала пачаў з 1926 г., калі ў газеце “Беларуская вёска” быў апублікаваны яго верш “Араты”. Пісаў пад псеўданімамі Захар Бульбянік, Селянін Бульбянік, Зэшка Бірала. Яго творы з’яўляліся на старонках газет “Чырвоная змена”, “Савецкая Беларусь”, часопіса “Малады араты” і інш. У 1929 г. быў выдадзены зборнік “Смех і радасць вёскі”, у які ўвайшлі гумарыстычныя вершы і частушкі. У 1934 г. З. Бірала скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут і два гады выкладаў у Лагойскай сярэдняй школе беларускую, рускую мову і літаратуру. У 1936 г. быў арыштаваны і асуджаны на восем гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Пакаранне адбываў на станцыі Сухабязводная ў Горкаўскай вобласці. Праз тры гады справа была перагледжана, і ў верасні 1940 г. З. Біралу вызвалілі (у 1958 г. рэабілітавалі). Да 1941 г. ён настаўнічаў у Сеніцкай сярэдняй школе Мінскага раёна. У ваенны час працаваў на гаспадарцы ў в. Астравы Рудзенскага раёна. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Радавым байцом прымаў удзел у баях на тэрыторыі Польшчы, быў цяжка паранены і амаль два гады правёў у шпіталі ў Тбілісі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”.
Пасля вяртання на радзіму выкладаў у Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме і школе працоўнай моладзі. Вёў у тэхнікуме літаратурны гурток, выпускаў з навучэнцамі рукапісны часопіс “Залатыя каласы”. Шмат гадоў кіраваў літаратурным аб’яднаннем пры пухавіцкай раённай газеце “Сцяг працы” і паралельна займаўся ўласнай творчасцю. Захар Бірала зарэкамендаваў сябе як аўтар гумарыстычных і сатырычных вершаў, у якіх адчуваецца прыкметны ўплыў К. Крапівы і Д. Беднага. Пісаў таксама лірычныя творы, вершы для дзяцей. Ён з'яўляецца аўтарам зборнікаў “Цвітуць кветкі” (1963), “У пажарным парадку” (1968), “На светлым чорнае” (1974), “Прыляцела птушка” (1977), “Ружы і крапіва : выбранае” (1986). У 1980 г. З. Бірала быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў БССР.
Матэрыял падрыхтаваны Мінскай абласной бібліятэкай імя А. С. Пушкіна ў 2016 г.