Дата рождения:
01.01.1746 Вількамірскі павет, Віленскае ваяводства
Дата смерти:
04.04.1820
Краткая справка:
філосаф, гісторык, тэолаг, пісьменнік, удзельнік паўстання 1794 г.
Варианты имени:
Богуш Францішак Ксаверы Міхал
Имена на других языках:
Bohusz Franciszek Ksawery Mihal (не определен); Богуш Франтишек Ксаверы Михал (русский);
2604 символа
Справка
Францішак Ксаверый Міхал Богуш нарадзіўся ў 1746 г. у Вількамірскім павеце Віленскага ваяводства. У пятнаццацігадовым узросце ўступіў у ордэн езуітаў (1761). Вывучаў тэалогію, філасофію і права ў і Віленскай езуіцкай акадэміі, якую скончыў у 1770 г. Адукацыю працягваў у Гарадзенскім езуіцкім калегіуме. У 1773 г. быў прызначаны прэфектам канвікта ў Гародні. Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) Ф. К. М. Богуш служыў спавядальнікам у Варшаве, пробашчам у Езне і Вількаміры (Літва). Некалькі гадоў працаваў у вядомага палітычнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага А. Тызенгаўза. Разам з ім у 1777–1778 гг. падарожнічаў па Сілезіі, Аўстрыі, Германіі, Францыі і Англіі. Свае ўражанні ад паездкі апісаў у «Дзённіку», які быў надрукаваны ў Варшаве толькі ў 1903 г. Пасля адстаўкі А. Тызенгаўза Ф. К. М. Богуш з 1780 г. жыў у Вільні. Займаўся навуковай дзейнасцю, быў прэзідэнтам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага (1780–1782), каад’ютарам віленскім (1781), генеральным візітатарам Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай (1784). У гэты перыяд склаў «Сумарыйную выпіску з актаў віленскай кафедральнай капітулы 1501–1783» (надрукавана ў «Апісанні рукапіснага аддзялення Віленскай публічнай бібліятэкі», Вільня, 1895, вып. 1). У 1791 г. Ф. К. М. Богуша ўзнагародзілі ордэнам святога Станіслава.
Ён быў прыхільнікам аб’яднання грамадства Рэчы Паспалітай, прапаноўваў даць свабоду сялянам і прадаставіць палітычныя правы мяшчанам, рашуча выступаў супраць Таргавіцкай канфедэрацыі і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 г. Перад самым пачаткам узброенага выступлення Ф. К. М. Богуш быў арыштаваны расійскімі ўладамі і адпраўлены ў Смаленск, дзе ўтрымліваўся ў няволі на працягу 15 месяцаў. Пасля вызвалення вярнуўся ў Вільню, выконваў абавязкі генеральнага візітатара школ Віленскай навучальнай акругі.
У 1804 г. Ф. К. М. Богуш пераехаў у Варшаву. Асноўнымі яго заняткамі сталі навука і філантропія. Ён выбіраўся міравым суддзёй, стаў правадзейным членам Варшаўскага таварыства сяброў навук, ганаровым членам Віленскага ўніверсітэта. Адным з першых асветнік звярнуўся да вывучэння літоўскай мовы. У 1808 г. надрукаваў працу «Пра пачатак народа і мовы літоўскай», пераклаў на літоўскую мову паэму Вяргілія «Георгікі». Сярод іншых яго прац – «Філосаф без рэлігіі» (1785), «Успаміны пра Антонія Тызенгаўза» (1820), пераклады кнігі Ж. Верне «Філосаф без рэлігіі, паважаны ў таварыстве» (1786) і кодэкса Напалеона (1810). Шэраг найбольш важных прац філосафа засталіся неапублікаваным.