Дата рождения:
05.06.1846 Коматава, в., Гродзенскі раён
Дата смерти:
25.12.1908
Краткая справка:
гісторык, філолаг-славіст, публіцыст, педагог, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН
Псевдонимы:
Собиратель
Имена на других языках:
Budilovic Anton Semenovic (не определен); Будилович Антон Семёнович (русский);
Криптонимы:
А.; А. Б.; А. С. Б.
4069 символов
Справка
Імя Антона Сямёнавіча Будзіловіча было шырока вядома ў адукаваных колах сучаснага яму расійскага грамадства дзякуючы перш за ўсё даследаванням у галіне славянскай філалогіі і гісторыі славян.
Нарадзіўся будучы вучоны ў мястэчку Коматава Гродзенскай губерні ў сям’і ўніяцкага протаіерэя. Дзяцінства правёў у Токарах Брэсцкага павета. Пасля хатняй адукацыі вучыўся ў Віленскай гімназіі, Жыровіцкім духоўным вучылішчы, Літоўскай духоўнай семінарыі. У 1863 г. А. С. Будзіловіч паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе вывучаў славянскія дыялекты і рускую літаратуру. Яго студэнцкая праца «О литературной деятельности М. В. Ломоносова» высока ацэнена і нават адзначана залатым медалём. Пасля заканчэння вучобы застаўся на кафедры для падрыхтоўкі да прафесарскага звання па славянскай філалогіі. Кіраўнікамі А. С. Будзіловіча былі вядомыя рускія вучоныя І. І. Сразнеўскі, У. І. Ламанскі і М. І. Сухамлінаў. У гэты ж час ён стаў прыват-дацэнтам славянскіх дыялектаў у Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, працаваў выкладчыкам у Імператарскім Санкт-Пецярбургскім гісторыка-філалагічным інстытуце.
У 1871 г. пасля абароны магістарскай працы на тэму «Исследование языка древнеславянского перевода ХІІІ слов Григория Богослова по рукописи Императорской Публичной библиотеки ХІ века» А. С. Будзіловіч наведаў славянскія землі Германіі, Аўстра-Венгрыі, Румыніі, Сербіі, Чарнагорыі, еўрапейскую частку Турцыі, дзе вывучаў славянскія мовы, літаратуру і этнаграфію. Ён сабраў багаты матэрыял, які лёг у аснову шматлікіх навуковых прац, сярод якіх – «Чехия и Моравия» (1871, разам з А. П. Нарановічам), «Очерки из сербской истории» (1877), цыкл артыкулаў па эканамічнай статыстыцы гэтых рэгіёнаў, гісторыі гусіцкага руху і інш. У сваіх работах «Историческая заметка о церковно-имущественных записях в Западной России» (1871), «Порядок создания недвижимой собственности церковной в Западной России» і «Опись-перечисление недвижимых имуществ западнорусской церкви [за Х–ХІХ вв.]» (1882) даследаваў гісторыю праваслаўнай царквы ў Беларусі.
Пасля вяртання ў Расію ў 1875 г. А. С. Будзіловіч заняў пасаду прафесара Нежынскага гісторыка-філалагічнага інстытута. Абараніўшы дысертацыю на тэму «Первобытные славяне в их языке, быте и понятиях по данным лексикальным. Исследования в области лингвистической палеонтологии славян» (1879), ён атрымаў ступень доктара славянскай філалогіі. Займаў пасады прафесара рускай і царкоўнаславянскай моў, дэкана гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, з’яўляўся ганаровым членам Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, членам-карэспандэнтам Імператарскай Санкт-Пецярбугскай акадэміі навук, членам Сербскай каралеўскай акадэміі навук, членам-карэспандэнтам Чэшскай акадэміі навук, славеснасці і мастацтваў, правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства, членам шматлікіх іншых таварыстваў і навуковых арганізацый.
У 1892–1901 гг. А. С. Будзіловіч – рэктар Імператарскага Юр’еўскага ўніверсітэта. Для вырашэння славянскага пытання ён прапаноўваў стварыць нейкае агульнаславянскае дзяржаўнае ўтварэнне, дзе галоўную ролю павінны былі іграць праваслаўная рэлігія і руская мова, якія б сталі абавязковымі для ўсіх славян. У 1901 г. пераведзены ў Санкт-Пецярбург, прызначаны членам савета Міністэрства народнай асветы і старшынёй Асобай нарады па пытаннях адукацыі ўсходніх іншародцаў. У 1906 г. А. С. Будзіловіч заснаваў газету «Окраины России», дзе друкаваліся матэрыялы, якія павінны былі пераканаць нярускія народнасці Расійскай Імперыі, што толькі ў саюзе з рускім народам, а не ў барацьбе з ім, яны змогуць развівацца і дасягнуць поспеху. У 1908 г. стаў выдаўцом і рэдактарам газеты «Московские ведомости», дзе працягваў адстойваць рускія і славянскія інтарэсы.
Абгрунтаванне А. С. Будзіловічам ідэі агульнасці гісторыі ўсіх славянскіх народаў без залежнасці ад іх рэлігійнай прыналежнасці, асаблівасцей сацыяльна-эканамічнага і палітычнага строю дае магчымасць называць вучонага гісторыкам славянства ў цэлым.