Аляксандр Іванавіч Бутакоў нарадзіўся ў вёсцы Ніжняя Валшанка Лузскага раёна Кіраўскай вобласці (Расія). Хлопчык быў пятым з дзесяці дзяцей вялікай сялянскай сям’і. Яшчэ ў час навучання ў пачатковых класах ён наведваў самадзейны драматычны гурток. Школьныя педагогі адзначалі працаздольнасць і стараннасць Бутакова, яго самастойнасць, адказнасць і настойлівасць у дасягненні мэты. Тэатральная кар’ера Аляксандра Бутакова пачалася ў 1936 г., калі ён падлеткам займаўся ў тэатральных гуртках Пскоўскага дзіцячага Дома культуры і выконваў рознахарактарныя ролі ў спектаклях па п’есах Ж.-Б. Мальера, М. Твэна, А. Астроўскага. Акрамя таго, у Аляксандра праявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці: у 1940 г. Аляксандр паставіў спектакль паводле паэмы М. Лермантава “Дэман” і сыграў у ім галоўную ролю. Урывак са спектакля прагучаў на абласным радыё. Аляксандр меў цвёрды намер стаць артыстам.
Рэалізацыю творчых планаў перапыніла вайна. У лістападзе 1941 г. Аляксандр Бутакоў трапіў у мінамётную роту рэзерву, неўзабаве стаў намеснікам палітрука роты. З 1942 па 1945 год займаўся сакрэтным справаводствам 328-й дывізіі, адной з тых гераічных дывізій, што вызвалялі Мінск. Дзень Перамогі сустрэў у Мінску.
У лістападзе 1945 г. лейтэнант Бутакоў здаў уступныя іспыты і атрымаў студэнцкі білет акцёрскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута. З першага дня вучобы Аляксандр упарта і мэтанакіравана асвойваў навукі, авалодваў сакрэтамі акцёрскага майстэрства. Вучыўся будучы тэатразнавец на курсе знакамітага педагога і рэжысёра Еўсцігнея Міровіча, педагогамі інстытута былі знакамітыя акцёры і рэжысёры беларускага тэатра: Дзмітрый Арлоў, Канстанцін Саннікаў, Барыс Мардвінаў, Барыс Вішкароў, Вольга Галіна.
У ліпені 1949 г. тэатральная грамадскасць з вялікай цікавасцю знаёмілася з дыпломнымі работамі студэнтаў першага выпуску Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута. На сцэне Тэатра імя Я. Купалы былі паказаны п’есы “Разлом” Б. Лаўранёва, “Мяшчане” М. Горкага, “Сэрца не камень” А. Астроўскага, “У адным горадзе” А. Сафронава. Аляксандр Бутакоў выконваў ролю паручыка Палявога ў спектаклі па п’есе Б. Лаўранёва.
Пасля заканчэння Тэатральнага інстытута Аляксандр Іванавіч паступіў у аспірантуру, пасля заканчэння якой у 1953 г. абараніў ў Маскве дысертацыю і стаў першым мастацтвазнаўцам-тэатразнаўцам Беларусі. З 1953 г. А.І. Бутакоў – дацэнт кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1974–1981 гг. працаваў дэканам тэатральнага факультэта і ажыццявіў пастаноўку дыпломных спектакляў “Дачнікі”, “Варвары”, “На дне” М. Горкага, “Не было ні гроша, да раптам шастак” А. Астроўскага, “Раскіданае гняздо” Я. Купалы, “Ішла вайна” паводле твораў В. Быкава, “У добры час! ” В. Розава, “Грошы для Марыі” В. Распуціна і інш. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся дакладнай распрацоўкай характараў, глыбокім даследаваннем іх унутранага зместу.
З першых крокаў сваёй педагагічнай дзейнасці Аляксандр Іванавіч імкнуўся перадаваць моладзі лепшыя дасягненні беларускай тэатральнай школы. У аснове яго методыкі выкладання ляжыць сістэма і метад школы Станіслаўскага і вопыт яго настаўнікаў: Е. Міровіча, Д. Арлова, К. Саннікава. Як мастацкі кіраўнік курса Аляксандр Іванавіч старанна працаваў над фарміраваннем творчага калектыву студэнтаў, усе заняткі і рэпетыцыі былі накіраваны на максімальнае раскрыццё прыродных акцёрскіх здольнасцей вучняў, авалодванне мастацтвам арганічнага пераўвасаблення ў сцэнічны вобраз, выхаванне любові да тэатра і сваёй прафесіі. Бутакоў падтрымліваў трывалую сувязь з самадзейнымі тэатральнымі гурткамі і народнымі тэатрамі, падчас правядзення фестываляў і конкурсаў народных талентаў педагог адшукваў здольную моладзь. Педагог па прызванні, ён ніколі не ўяўляў свайго жыцця без кантактаў са студэнтамі, не лічыўся з часам, аддаваў вучням усю сваю ўвагу.
Педагагічную дзейнасць А.І. Бутакоў удала спалучаў з навуковай і навукова-метадычнай. Ён аўтар манаграфіі “Мастацтва жыццёвай праўды” (1957) аб творчым шляху Беларускага тэатра імя Я. Купалы ў 1920–1940-я гг. Кніга стала першым грунтоўным даследаваннем складанага перыяду дзейнасці вядучага тэатральнага калектыву краіны. Яму належыць шэраг артыкулаў у перыядычным друку па пытаннях тэатра і выхаванні акцёра.
Трывалыя веды, жыццёвы і творчы вопыт таленавіты педагог шчодра перадаваў сваім шматлікім вучням у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, у Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Сярод яго вучняў народныя артысты СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў і Віктар Тарасаў, народныя артысты Беларусі Міхаіл Пятроў, Лілія Давідовіч, Марыя Захарэвіч, Сяргей Журавель. Сёння вучні Аляксандра Іванавіча Бутакова плённа працуюць амаль ва ўсіх тэатрах нашай краіны, у розных сферах мастацтва і культуры Беларусі і за яе межамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.