Краткая справка:
беларускі і ўкраінскі вучоны-гісторык, публіцыст, крытык, у эміграцыі (ЗША)
Псевдонимы:
Leo A.Yaresh; Leo Okіnshevіc; Вароніч Л.; Окиншевич Л.
Имена на других языках:
Окиншевич Лев Александрович (русский); Окіншевич Лев Олександрович (украинский);
3364 символа
Справка
Імя гісторыка-эмігранта Льва Акіншэвіча застаецца яшчэ малавядомым нават спецыялістам на яго Радзіме. Толькі ў 1994 г. з’явіліся першыя перадрукі асобных прац вучонага. Між тым Л. Акіншэвіч быў адным з нешматлікіх прафесійных навукоўцаў-гісторыкаў на эміграцыі.
Бацька Л. Акіншэвіча быў ураджэнцам Беларусі, сынам сельскага святара ў Гомельскім павеце. Пасля заканчэння Адэскага універсітэта ён працаваў юрысконсультам Кіраўніцтва Паўночна-Заходніх чыгунак у Пецярбургу, дзе і нарадзіўся Леў. Маці была чэшска-рускага паходжання. З-за яе стану здароўя сям’я пакінула Пецярбург і пераехала ў Кіеў, дзе Л. Акіншэвіч і пачаў свой творчы шлях. У 1916 г. ён скончыў прэстыжную калегію Паўла Галагана і паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага універсітэта. Але падзеі першай сусветнай вайны прывялі яго ў Кіеўскую вайсковую школу, а пасля на Румынскі фронт. У 1918 г. Акіншэвіч пазнаёміўся з беларускім рухам і быў абраны сябрам кантрольнай камісіі беларускай арганізацыі ў Кіеве. Пасля абвяшчэння БНР прыняў яе грамадзянства.
Станаўленне Акіншэвіча-гісторыка было звязана з Кіеўскім універсітэтам і Украінскай Акадэміяй навук і праходзіла пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў кіеўскай школы: гісторыкаў М. Васіленкі і М. Грушэўскага. Тэмай навуковай цікаўнасці Акіншэвіча стала гісторыя ўкраінскага, беларускага і польскага права, казацкі рух на Беларусі. На працягу дзесяці гадоў ён — сакратар Камісіі па вывучэнні гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права АН Украіны. З пачаткам чыстак “нацыяналістычных элементаў” у Акадэміі ў 1933 г. вучоны перайшоў на працу ў Нежынскі педінстытут. Але ў 1934 г. па абвінавачанні ва ўкраінскім і беларускім нацыяналізме быў звольнены, пачаў працаваць у Смаленску. Падчас другой сусветнай вайны вярнуўся на Украіну, адкуль у 1944 г. выехаў у Германію. Пасля вайны перасяліўся ў ЗША, дзе працаваў у вашынгтонскім Цэнтры па вывучэнні СССР, даследаваў савецкую юрыдычную сістэму, праблемы нацыянальных меншасцей у СССР, гісторыю Беларусі і Украіны XVI—XVII стст. Памёр Леў Акіншэвіч у ЗША 17.11.1980 г.
У Беларусі ён ніколі стала не жыў, але ўсё жыццё імкнуўся не згубіць сувязі з ёю, бо заўсёды памятаў пра сваё паходжанне. Выбар грамадзянства БНР быў свядомым. У 20-я гг. Л. Акіншэвіч некалькі разоў наведваў Мінск, пазнаёміўся са Зм. Жылуновічам, У. Пічэтам, Зм. Даўгялам, В. Дружчыцам, С. Некрашэвічам, Я. Купалам, Я. Коласам, В. Ластоўскім і інш. З 1925 г. пачалося яго супрацоўніцтва з Інбелкультам, затым Беларускай Акадэміяй навук. У часопісе “Полымя” за 1927 г. была надрукавана праца “Казацтва на Беларусі” і некалькі артыкулаў, а таксама рэцэнзіі на ўкраінскія выданні, што тычыліся Беларусі; у “Чырвоным шляху” змешчаны артыкул “Творчы шлях Цішкі Гартнага”. На пачатку 30-х гг. для Беларускай АН Л. Акіншэвіч распачаў напісанне грунтоўнага даследавання пра казацкі рух на Беларусі часоў Хмяльніччыны з дадаткам тома архіўных дакументаў. Былі падрыхтаваны толькі першыя раздзелы манаграфіі, праца спынілася пасля ад’езду Акіншэвіча з Кіева. Гатовыя матэрыялы загінулі ў Смаленску ў час другой сусветнай вайны.
Да даследавання беларускай праблематыкі Л. Акіншэвіч вярнуўся на эміграцыі, калі наладзіў супрацоўніцтва з Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ў Нью-Йорку. У “Запісах” БІНіМа былі надрукаваны яго артыкулы па гісторыі Беларусі, некалькі рэцэнзій і аўтабіяграфічныя “Балонкі з успамінаў”.