Каштоўным набыткам беларускай літаратуры канца XX – пачатку XXI ст. стала творчасць пісьменніка Анатоля Іванавіча Бутэвіча.
Нарадзіўся ён на хутары Язавец Нясвіжскага раёна ў сялянскай сям’і. У сярэдзіне 50-х гг. бацькі пераехалі ў вёску Баяры. Пасля заканчэння ў 1966 г. Сноўскай сярэдняй школы А. Бутэвіч паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыў у 1971 г. Працаваў рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва, у ЦК ЛКСМБ, намеснікам рэдактара газеты “Чырвоная змена”, у апараце ЦК КПБ, дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, старшынёй Дзяржаўнага камітэта Беларусі па друку, Міністрам інфармацыі, Міністрам культуры і друку Рэспублікі Беларусь, на дыпламатычных пасадах.
Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам. А.І. Бутэвіч сцвердзіў сябе як публіцыст, крытык, перакладчык (падпісваўся псеўданімамі Максім Валошка, А. Баярскі, Міша Алімпік). Ужо больш за два дзесяцігоддзі адным з асноўных прыярытэтаў яго творчасці з’яўляюцца творы для дзяцей, а пачаў свой творчы шлях ён з казкі для маленькіх “Сонца-абаронца”, надрукаванай у 1983 г. у часопісе “Вясёлка”. Пазней адна за адной выходзілі з друку кнігі “Прыгоды лісціка-карунчыка” (1997), “Прыгоды памаўзлівай Рыскі” (1999), “Расстайны пах асоту” (2000), “Як акіян з кропелькай барукаўся” (2003) і інш. Адпаведна ўзросту чытача аўтар выбіраў тэму і форму падачы матэрыялаў: ад пачуцця любві, якое патрэбна любой жывой істоце, да першага кахання, сяброўства, сталення.
Галоўнай тэмай твораў пісьменніка на сучасным этапе з’яўляецца гістарычнае мінулае роднага краю. Сам празаік, выдатны майстар слова, перакананы ў тым, што “літаральна кожная мясціна нашай Беларусі багатая на непаўторныя і значныя асобы, захапляльныя падзеі і незвычайныя здарэнні”. Вынікам шматгадовага даследавання беларускай гісторыі стала серыя “Сем цудаў Беларусі”, заснаваная ў 1999 г. У гэты час убачылі свет цудоўныя, з вялікім мастацкім густам аформленыя кнігі серыі “У гасцях у вечнасці” (2001), “Званы Нямігі” (2002), “За наміткай гісторыі” (2003), “Адвечны покліч Радзімы” (2004), “Славутыя родам сваім” (2006). Серыя прызначана дзецям, але і дарослыя праяўляюць цікавасць да яе, бо кнігі багата насычаны малавядомымі раней гістарычнымі звесткамі. А. Бутэвіч апісвае падзеі і факты на аснове гістарычных крыніц і дакументаў. Распавядае так, нібы сам жыў у тыя часы, і ўсе дзеянні адбываліся на ўласныя вочы. Гістарычная тэма гучыць і ў рыцарскай аповесці “Каралева не здраджвала каралю…”. Аўтар апавядае пра каханне беларускай князёўны Соф’і Гальшанскай і польскага караля Ягайлы. А. Бутэвіч паказаў свет таямнічых інтрыг і парадкаў каралеўскага двара, палітычную барацьбу, якая кіпела вакол трона.
У 2007 г. выйшла ў свет кніга пісьменніка “Пад небам беларускага слова”, на старонках якой аўтар выказвае свае думкі пра ролю і значнасць беларускага слова, пра яго захавальнікаў і творцаў, разважае над некаторымі літаратурнымі з’явамі і падзеямі, дзеліцца ўспамінамі пра вядомых пісьменнікаў.
А. Бутэвіч таксама перакладае з польскай, рускай, украінскай моў, з беларускай на рускую. П’есы ў яго перакладзе ішлі на сцэне Беларускага тэатра юнага гледача, Віцебскага лялечнага тэатра, Тэатра беларускай драматургіі.
Пісьменнік узнагароджаны медалём “За асваенне цалінных зямель”, Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі, Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі, з’яўляецца лаўрэатам прэміі Беларускага саюза журналістаў “Залатое пяро-2001”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.