Краткая справка:
ваенны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага
Имена на других языках:
Давид Городенский (русский); Давид Домантович (русский);
3912 символа
Справка
Славуты палкаводзец і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Давыд Гарадзенскі жыў у канцы XIII – пачатку XIV ст. Гэта быў час, калі ўзмацніўся націск крыжакоў і князь стаў галоўным ваяводам вялікага Гедзіміна. Пры яго жыцці ворагі ні разу не захапілі Гародню – горад-ключ беларуска-літоўскага Панямоння.
Нарадзіўся Давыд Гарадзенскі ў Пскове. Нальшчанскі князь Даўмонт, яго бацька, быў адным з самых уплывовых людзей у ВКЛ, але пасля забойства князя Міндоўга з сынамі ў 1265 г. уцёк у Пскоў. Тут прыняў праваслаўе, атрымаў імя Цімафей і пасаду служылага князя. Яго жонкай стала наўгародская княжна Марыя Дзмітрыеўна, унучка Аляксандра Неўскага. Ад гэтага шлюбу нарадзіўся Давыд, будучы князь Гарадзенскі.
З дзяцінства хлопчык выхоўваўся як будучы воін: вучыўся стральбе з лука, верхавой яздзе, валоданню мячом і кап’ём. У 1299 г. па паўночнарускіх землях пранеслася эпідэмія чумы, якая спустошыла і Пскоў. Сярод тысяч памерлых былі бацькі Давыда. Выконваючы апошнюю волю Даўмонта, ён апынуўся ў ВКЛ, дзе паступіў на службу да вялікага князя літоўскага Віценя і атрымаў пасаду кашталяна Гарадзенскага замка, пазней стаў галоўным ваяводам і зяцем Гедзіміна.
Шмат разоў крыжацкія атрады штурмавалі Гародню. Першы вядомы бой адбыўся зімой 1305 г., калі рыцары пад кіраўніцтвам каменданта Брандэнбурга асадзілі горад. Два дні мужна змагалася дружына князя Давыда, але Гародню не здала. Праз год сцены замка аблажылі крыжакі комтура Краляўца (Кёнігсберга) Эберхарда Вірненбурга, якія горад таксама не захапілі. Слава пра князя разнеслася далёка за межы ВКЛ, і яго сталі называць Давыдам Гарадзенскім. Баявая дзейнасць таленавітага палкаводца не абмяжоўвалася абаронай Гародні. У 1314 г. Давыд Гарадзенскі разбіў крыжакоў пад Новагародкам. Гэта бліскучая перамога аслабіла моц ордэна, і чатыры гады рыцары не адважваліся нападаць на ВКЛ. У 1319 г. князь па загадзе Гедзіміна ўзначаліў паход у Прусію, дзе заваяваў вобласць Вагенштоф, потым вярнуўся з вялікай колькасцю ваенных трафеяў, сярод якіх былі палонныя. Аб поспехах свайго земляка добра ведалі ў Пскове, што часта цярпеў ад крыжакоў. У 1322 г. Давыд Гарадзенскі дапамагаў роднаму гораду. На чале сваёй дружыны і пскоўскага апалчэння разбіў рыцараў за ракой Нарвай. Вясной 1323 г. крыжакі зноў напалі на Пскоў. Васямнаццаць дзён працягвалася аблога, і толькі дзякуючы ваеннаму таленту князя яна была знята.
Напалоханыя смеласцю і шматлікімі перамогамі Давыда Гарадзенскага, рыцары пачалі шукаць магчымасць адпомсціць яму. У сакавіку 1324 г. іх атрад таемна прабраўся да маёнтка князя, які знаходзіўся ў наваколлі Гародні. Крыжакі забілі амаль усіх жыхароў і, верагодна, сям’ю Давыда. Менавіта з гэтага часу знікаюць звесткі пра яго жонку. Адказ на забойства блізкіх быў бязлітасным. Невялікая, але добра падрыхтаваная дружына, як смерч, абрушылася на Мазовію, якая з’яўлялася саюзнікам тэўтонцаў. Паходы князя ўстрывожылі польскага караля Уладзіслава I Лакетака. Спачатку ён хацеў супрацьстаяць Давыду Гарадзенскаму сілай, але потым вырашыў пайсці на перамовы. У 1325 г. паміж Польшчай і ВКЛ быў заключаны дагавор аб барацьбе супраць Тэўтонскага ордэна. Ужо праз год адбыліся першыя сумесныя ваенныя дзеянні. Аб’яднаныя сілы саюзнікаў, якімі камандаваў Давыд Гарадзенскі, рушылі на Брандэнбург. Яны дайшлі да Франкфурта-на-Одэры. У час гэтага пераможнага паходу крыжакі падкупілі мазавецкага рыцара Андрэя Госта і той па-здрадніцку забіў Давыда Гарадзенскага.
Па славянскай традыцыі літвінскія воіны на шчытах прынеслі цела свайго камандзіра ў Гародню. Там, на беразе Нёмана, каля Каложскай царквы, і быў пахаваны князь. Гродзенцы насыпалі курган, ушаноўваючы ваенны талент свайго ваяводы. У 2003 г. недалёка ад храма ўзнік яшчэ адзін помнік – вялікі камень з надпісам “Давыду Гарадзенскаму (1287–1326) – славутаму абаронцу Гродна ад крыжацкай навалы. Ад удзячных нашчадкаў”.