Краткая справка:
гісторык, этнограф, публіцыст, грамадскі дзеяч
Имена на других языках:
Коялович Михаил Осипович (русский);
3739 символов
Справка
Міхаіл Восіпавіч Каяловіч нарадзіўся ў мястэчку Кузніца Сакольскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Беластоцкае ваяводства, Польшча) у сям’і ўніяцкага святара. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Супрасльскім духоўным вучылішчы, дзе адначасова з багаслоўскімі выкладаліся і свецкія прадметы. У 1845–1851 гг. вучыўся ў Літоўскай духоўнай семінарыі ў Вільні. Менавіта ў час знаходжання ў семінарыі пад уплывам настаўніка мітрапаліта І. Сямашкі ў будучага даследчыка ўзнікла цікавасць да гісторыі заходняга рэгіёна Расійскай Імперыі. У далейшым яго, як аднаго з лепшых вучняў, накіравалі ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1851–1855). Пасля заканчэння навучання М.В. Каяловіч выкладаў у Рыжскай і Санкт-Пецярбургскай духоўных семінарыях, а праз год атрымаў пасаду загадчыка кафедры параўнальнага багаслоўя і рускага расколу ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З гэтага часу яго навуковая дзейнасць была звязана з акадэміяй, дзе ён працаваў да канца жыцця.
Асноўныя даследаванні вучонага прысвечаны руска-польскім адносінам і гісторыі заходнерускіх зямель. У 1861 г. абараніў магістарскую дысертацыю на тэму «Литовская церковная уния», якая стала першай працай па айчыннай царкоўнай гісторыі. Таксама ён стаў аўтарам гістарычна-этнаграфічных даследаванняў «О расселении племен Западного края России» і «Об этнографическом атласе западных губерний» (1863), «Об этнографической границе между Западной Россией и Польшей» (1864) i інш. Да кнігі «Документы, объясняющие историю Западнорусского края и его отношения к России и к Польше» (1865) дадаў этнаграфічную карту. У гэты ж перыяд падрыхтаваў і прачытаў для вышэйшага кола расійскай арыстакратыі курс публічных лекцый па гісторыі Заходняй Расіі, за што яму была прысуджана вялікая Ламаносаўская прэмія Расійскай акадэміі навук (1864). Па даручэнні Археаграфічнай камісіі Расійскай акадэміі навук М.В. Каяловіч працаваў таксама над выяўленнем крыніц па гісторыі роднай зямлі. Ён падрыхтаваў і апублікаваў шматлікія дакументы, якія, па яго меркаванні, тлумачылі гісторыю Заходняй Расіі і яе адносіны з Усходняй Расіяй і Польшчай. Сярод іх – «Дневник последнего похода Стефана Батория на Россию…» (1867), «Дневник Люблинского сейма 1569 года» (1869), дыпламатычная перапіска і інш. Вучоны ўважліва сачыў за выхадам з друку іншых публікацый, пастаянна выступаў у ролі рэцэнзента гэтых выданняў. У 1873 г. абараніў дысертацыю на тэму «История воссоединения западнорусских униатов старых времен» і атрымаў навуковае званне доктара багаслоўя.
Акрамя навуковай Міхаіл Восіпавіч займаўся і публіцыстычнай дзейнасцю. Ён супрацоўнічаў са шматлікімі перыядычнымі выданнямі («Церковный вестник», «День», «Гражданин», «Известия Санкт-Петербургского славянского благотворительного общества» і інш.), дзе змяшчаў артыкулы грамадска-рэлігійнага зместу. Таксама асобнымі выданнямі былі надрукаваны нататкі пра падарожжа па Беларусі i Літве «Поездка в Западную Россию» (1886), «На этнографической границе белорусского и малорусского племени», «Поездка в середину Белоруссии», «Гродно: (из путевых наблюдений во время поездки по Западной России)» (усе 1887 г.) і інш.
Вучоны з’яўляўся заслужаным прафесарам Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, ганаровым членам Санкт-Пецярбургскага славянскага дабрачыннага таварыства, членам Гродзенскага праваслаўнага Сафійскага брацтва і Археаграфічнай камісіі Расійскай акадэміі навук, удзельнічаў у працы Камісіі па разборы і апісанні архіва Свяцейшага Сінода. Інтарэс да гісторыі заходніх ускраін Расіі вучоны перадаў шматлікім вучням, сярод якіх Ю.Ф. Крачкоўскі, М.Р. Дзікоўскі, І.А. Катовіч і іншыя, якія ў далейшым склалі так званую «гістарычную школу Каяловіча» і развілі вучэнне свайго настаўніка.