Яркай старонкай у гісторыі беларускага сцэнічнага мастацтва стала творчасць рэжысёра, драматурга, паэта Валерыя Васілевіча Маслюка.
Нарадзіўся ён у в. Ропне Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, які скончыў у 1979 г. Студэнцкія работы “Казка пра чатырох блізнят” і “Драўляны кароль” у Беларускім тэатры імя Я. Коласа (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа) сведчылі пра самастойныя пошукі маладога рэжысёра. Дыпломны спектакль “Брыльянт” па п’есе польскага драматурга Е. Пшыздзецкага стаў першай творчай удачай В. Маслюка і паказаў, што ў тэатр прыйшоў рэжысёр адметнай індывідуальнасці. Да 1981 г. працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам у тэатры імя Я. Коласа. Вызначыўся як прафесіянальны, тонкі рэжысёр, які цудоўна адчуваў драматургічны матэрыял, выдатна працаваў з акцёрамі. Найбольш значныя работы гэтага перыяду “Клеменс” К. Саі, “Стары дом” А. Казанцава (1980). Больш важныя ідэйна-мастацкія здабыткі прынёс зварот В. Маслюка да рамана Н. Думбадзэ “Закон вечнасці”, паводле якога ў 1981 г. быў пастаўлены спектакль. У ім удалося не толькі захаваць асноўныя сюжэтныя лініі рамана, але і перадаць складанае перапляценне лёсаў розных людзей і пакаленняў, выявіць у значнай ступені філасофскую глыбіню твора, яго сцвярджальны ідэйны пафас яркай, эмацыянальнай, вобразнай мовай тэатра.
У 1981 г. В. Маслюк запрошаны на пасаду галоўнага рэжысёра Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. У гэты час паставіў наступныя спектаклі (у некаторых выступаў і як акцёр), якія сталі яркай старонкай у яго творчым жыцці: “Візіт дамы” Ф. Дзюрэнмата (1981), “Тутэйшыя” паводле твораў Я. Купалы (роля Мікіты Зносака), “Каханне, джаз і чорт” Ю. Грушаса (роля Андруса), “А хтосьці выпаў з гнязда” паводле Д. Васермана (роля Мак Мэрфі, 1982) і інш.
У 1983 г. В. Маслюк перайшоў у Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР імя М. Горкага, дзе быў мастацкім кіраўніком на працягу васьмі гадоў. Тут пастаўлены спектаклі “Гамлет” У. Шэкспіра, “Усё ў садзе” Э. Олбі і “Бабскае царства” Ю. Нагібіна (1984), “Апошні наведвальнік” У. Дазорцава і “Царства зямное” Т. Уільямса (1986), “Начныя карлікі і Антыгона” Л. Разумоўскай і “Ноч анёла” А. Розанава (1987), “Майстры” А. Дударава паводле М. Булгакава і “І быў дзень...” (“Сметнік”) А. Дударава (1988). Найбольшае дасягненне рэжысёра спектакль “Знак бяды” паводле В. Быкава (1985), адзначаны ў 1986 г. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.
У 1993 г. В. Маслюк зноў вярнуўся ў тэатр імя Я. Коласа, у якім да 1996 г. працаваў дырэктарам і да 1997 г. – мастацкім кіраўніком. Ім былі пастаўлены спектаклі “Кароль Лір” У. Шэкспіра (1994), “Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма” П. Хакса (1995), “Жаніцьба” М. Гогаля (1996), “Сола для гадзінніка з боем” О. Заградніка (1998), “Кахаю, спадзяюся, чакаю...” паводле п’есы Э. Сверлінга “Шлюха з Гарлема” (2001). Са спектаклем “Кароль Лір” тэатр пабываў на гастролях у Нінбургу, Вецлары, Франкфурце-на-Одэры (Германія).
Прыход В. Маслюка ў той ці іншы тэатр успрымаўся як пачатак новага, цікавага этапу творчасці. У сваіх работах рэжысёр спалучаў псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатральнай эстэтыкі. Імкнуўся паказаць чалавека ў яго шматбаковых праяўленнях. Спектаклі вызначаліся яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сцэнічныя работы В. Маслюка, часам спрэчныя, эксперыментальныя, заўсёды абуджалі цікавасць гледачоў і тэатральнай грамадскасці. Яго любілі акцёры, а некаторыя нават пераходзілі з аднаго тэатра ў другі ўслед за рэжысёрам. Так, у Віцебску В. Маслюк рабіў монаспектакль для Л. Антосевай, вяртаў творчую маладосць Л. Трушко, па-новаму раскрыў талент С. Акружной.
Валерый Маслюк таксама займаўся літаратурнай творчасцю. Ён з’яўляецца аўтарам п’ес “Начное рандэву” і “Чароўная кашуля” (абедзве пастаўлены ў 1992), “Вялікая сумная рыбіна, якая чакае” (пастаўлена ў 1995), “Пакахай мяне, салдацік” паводле аповесці В. Быкава (пастаўлена ў 1997), “Кацігарошак” паводле беларускага фальклору (пастаўлена ў 1998), “Пад сонцам” (пастаўлена ў 1999), “Легенда пра Валодшу” (сумесна з М. Краснабаевым, пастаўлена ў 2000). У драме “Пад сонцам” суіснуюць два сюжэтныя пласты, два светы – рэальны і містычны, – якія дзіўным чынам узаемадзейнічаюць паміж сабой, уплываюць адзін на другі, што надае твору рысы прыпавесці. Ёсць у В. Маслюка і непастаўленыя п’есы “Усё о’кей, браточкі”, “Фламенка” і “Хоба”. Паспрабаваў ён свае здольнасці і ў паэзіі. Вершы, п’есы, малюнкі В. Маслюка змешчаны ў зборніку “Я успею, я все успею...” (2002), што выдадзены на сродкі, сабраныя сябрамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.