Гісторыя беларускага гандбола непарыўна звязана з імем Спартака Пятровіча Мірановіча. Нарадзіўся ён у г. Магнітагорск (Расія). Бацька загінуў на фронце, і маці ў 1945 г. пераехала на Украіну. Пасля заканчэння сямігодкі С. Мірановіч паступіў у 1954 г. у Данецкі тэхнікум фізічнай культуры, дзе захапіўся гандболам і пачаў займацца гэтым відам спорту. У хуткім часе дасягнуў бліскучых вынікаў: у складзе зборнай каманды горада ўдзельнічаў у розных спаборніцтвах, у тым ліку ў занальным турніры юнацкага першынства СССР. У 1957 г. С. Мірановіч атрымаў дыплом з адзнакай і як адзін з лепшых выпускнікоў тэхнікума быў накіраваны ў Кіеўскі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. У сталіцу Украіны ён не паехаў, а разам з сябрамі-аднакурснікамі накіраваўся ў Мінск, дзе паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры. Там пазнаёміўся з С. Авакумавым, заснавальнікам і адным з арганізатараў беларускага гандбола. Дзякуючы яму С. Мірановіч у 1960-я гг. пачаў сваю прафесійную спартыўную кар’еру. Ён удзельнічаў у рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтвах, у турнірах гарадоў, з’яўляўся вядучым іграком мінскіх каманд «Буравеснік» і «Палітэхнік», уваходзіў у склад зборнай каманды Беларусі.
У 1963 г. С. Мірановіч скончыў Гомельскі педагагічны інстытут. Пры падтрымцы кіраўніцтва Мінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 5 разам з настаўнікам фізкультуры А. Кабанавым стварыў на базе сярэдняй школы № 88 гандбольную секцыю. У 1964 г. С. Мірановіч стаў майстрам спорту СССР і быў прызначаны старшым трэнерам зборнай каманды школьнікаў Беларусі. Ужо праз два гады яна заваявала сярэбраныя ўзнагароды на юнацкім першынстве СССР, а ў 1967 г. стала чэмпіёнам краіны. Здольнасці С. Мірановіча як педагога і кіраўніка заўважылі і ў 1969 г. ён стаў трэнерам Рэспубліканскай школы вышэйшага спартыўнага майстэрства (РШВСМ), пры якой было заснавана аддзяленне па ручным мячы. Акрамя выхаванцаў С. Мірановіча ў яго ўвайшлі вучні 93-й, 100-й і іншых школ Мінска. Тройчы гандбольная каманда РШВСМ займала другое месца ва ўсесаюзных спартакіядах школьнікаў, атрымала сярэбраныя ўзнагароды на І Усесаюзных гульнях моладзі, неаднаразова прымала віншаванні за перамогі. Трэнерская работа патрабавала шмат часу, энергіі, педагагічных ведаў, аднак С. Мірановіч сумяшчаў яе з выступленнямі на гандбольных пляцоўках і на працягу 10 гадоў заставаўся вядучым іграком мінскіх каманд «Буравеснік» і «Палітэхнік». Толькі ў 1970 г. ён як спартсмен пакінуў вялікі гандбол (быў прызначаны трэнерам зборнай каманды юніёраў СССР). Выхаванцы С. Мірановіча ў 1977 г. выйгралі першы чэмпіянат свету сярод маладых гандбалістаў. На наступных спаборніцтвах (1979, 1983, 1985) спартсмены пастаянна заваёўвалі залатыя ўзнагароды. Усяго сярод юніёраў С. Мірановіч падрыхтаваў 77 чэмпіёнаў свету (13 з іх былі з Беларусі). Паралельна з работай у зборных Савецкага Саюза ён з’яўляўся галоўным трэнерам (з 1976 па 2016 г.) лепшай клубнай каманды, ператворанай з «Палітэхніка» ў СКА (Мінск). Яна тройчы станавілася ўладальніцай Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990), двойчы атрымлівала Кубак уладальнікаў кубкаў (1983, 1988) і тройчы Кубак СССР (1980, 1981, 1982). Акрамя таго, каманда СКА 6 разоў была чэмпіёнам СССР (1981, 1984, 1985, 1986, 1988, 1990), 10 разоў чэмпіёнам Беларусі (1993–2002). З 1986 г. С. Мірановіч – трэнер зборнай каманды СССР – пераможцы XXІV Алімпійскіх гульняў (1988, Сеул) і зборнай каманды СНД – пераможцы XXV Алімпійскіх гульняў (1992, Барселона). Восем спартсменаў СКА – А. Каршакевіч, Ю. Шаўцоў, Г. Свірыдзенка, А. Тучкін, К. Шаравараў, М. Якімовіч, А. Барбашынскі і А. Мінеўскі – сталі алімпійскімі чэмпіёнамі. Каманды беларускага трэнера былі пераможцамі Гульняў добрай волі ў Маскве (1986) і ў г. Сіэтл (1990, ЗША). У 1991–1997 гг. С. Мірановіч быў членам выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.
За вялікія дасягненні ў спорце і выхаванне маладых спартсменаў С. Мірановіч атрымаў ганаровыя званні «Заслужаны трэнер БССР» (1967), «Заслужаны трэнер СССР» (1977) і «Заслужаны дзеяч фізічнай культуры БССР» (1981). Ён узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў і ордэнам Айчыны ІІІ ступені (2013).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.