Дата рождения:
12.11.1868 Быкаўшчына, в., Чашніцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
02.05.1922
Краткая справка:
вучоны-геолаг, першая жанчына-геолаг Беларусі і Расіі, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследаванні ў галіне ледавіковай палеаграфіі і стратыграфіі
Имена на других языках:
Миссуна Анна Болеславовна (русский);
3614 символа
Справка
Геалагічнымі даследаваннямі на тэрыторыі Беларусі займаліся многія вядомыя вучоныя – А.Э. Гедройц, П.А. Туткоўскі, А.П. Карпінскі і інш. Сярод іх была і Ганна Баляславаўна Місуна – першая жанчына-геолаг.
Яна нарадзілася ў сядзібе Забалацце Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і збяднелага шляхціца. У 1887 г. скончыла прыватную польскую гімназію ў Рызе і некаторы час працавала там настаўніцай. Праз тры гады вярнулася на радзіму. Займалася самаадукацыяй: вывучала прыродазнаўства, вяла перапіску з Варшаўскім таварыствам даследчыкаў прыроды, збірала калекцыі насякомых і раслін Лепельшчыны, рыхтавала навукова-папулярныя артыкулы. У 1893–1896 гг. Г.Б. Місуна вучылася на прыватных жаночых курсах у Маскве, дзе чыталі лекцыі вядомыя вучоныя А.П. Паўлаў, М.А. Мензбір, У.І. Вярнадскі, У.Д. Сакалоў і інш. Вясной 1898 г. у Берліне ўдасканальвала веды ў групе вядомага гляцыёлага, прафесара Ф. Гейнітца. У гэтым жа годзе ўдзельнічала ў экспедыцыі, якая займалася пошукамі жалезнай руды і каменнага вугалю на тэрыторыі Тульскай губерні. У 1906 г. Г.Б. Місуна стала асістэнтам пры геалагічным кабінеце Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў, дзе чытала лекцыі па петраграфіі, палеанталогіі, гістарычнай геалогіі. З 1919 г. працавала прыват-дацэнтам геалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. Разам з У.Д. Сакаловым арганізавала першую ў Расіі школу жанчын-геолагаў. Яе вучаніцамі былі В.А. Варсаноф’ева, Д.М. Раўзер-Чарнавусава, Т.А. Дабралюбава і іншыя знакамітыя вучоныя.
Асновай большасці навуковых прац Г.Б. Місуна сталі даследаванні, атрыманыя пры палявых геалагічных работах. У 1898–1901 гг. яна самастойна вывучала рэльеф у басейнах Заходняй Дзвіны і Нёмана. З дапамогай выпадковых рабочых і галоўным чынам на ўласныя зберажэнні, а таксама на невялікія субсідыі Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды і Расійскага мінералагічнага таварыства, выканала вялікую даследчую працу. Яна дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу Беларусі. Першая ў Расіі прапанавала методыку вывучэння канцавых марэн і краявых ледавіковых утварэнняў у цэлым, выявіла сярод чацвярцічных утварэнняў сляды некалькіх зледзяненняў. Вывучала геалогію цэнтральнай і заходняй частак Беларусі, лёсавыя адклады Навагрудскага ўзвышша, склала карту-даведнік будаўнічых матэрыялаў на значнай частцы тэрыторыі нашай краіны, праводзіла гідрагеалагічныя і геалагічныя пошукі ў Расіі. З 17 вядомых навуковых работ Г.Б. Місуна 9 прысвечаны пытанням геалагічнай будовы Беларусі і прылягаючых тэрыторый Літвы і Польшчы. Сярод іх – «Материалы к изучению конечных морен Литовского края» (1898 ці 1899), «Конечная морена и устройство поверхности северо-восточной части Гродненской губернии» (1911), «Краткий очерк геологического строения Новогрудского уезда Минской губернии» (1914) і інш. У астатніх працах разглядаюцца пытанні геалогіі Крыма, Падмаскоўя і Калінінскай вобласці.
Ганна Баляславаўна Місуна з’яўлялася членам Усерасійскага мінералагічнага і Рускага палеанталагічнага таварыстваў, Таварыства імя М. Каперніка ў Львове. Доўгія гады была захавальніцай геалагічных калекцый Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды. Яна выступала з дакладамі на навуковых канферэнцыях, у 1910 г. прымала ўдзел у рабоце Міжнароднага геалагічнага кангрэса ў Стакгольме.
Памерла Г.Б. Місуна 2 мая 1922 г. у Маскве. Пахавана на Новадзявочых могілках. У 2003 г. на радзіме даследчыцы і ў г. п. Ветрына (Полацкі раён Віцебскай вобласці) былі ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. Імем першай жанчыны-геолага названы вуліцы ў Полацку і ў г. п. Ветрына.