Дата рождения:
20.10.1733 Лагішын, каля г. п., Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
08.07.1796
Краткая справка:
гісторык, паэт, асветнік, перакладчык, рэлігійны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, даследчык усеагульнай і айчыннай гісторыі, складальнік так званых "Папак Нарушэвіча" – вельмі каштоўнага зборніка гістарычных крыніц
Псевдонимы:
Кальвінскі Даніэль
Варианты имени:
Нарушэвіч Адам Станіслаў
Имена на других языках:
Naruszewicz (не определен); Нарушевич Адам Тадеуш Станислав (русский);
3931 символ
Справка
Выдатны прадстаўнік беларускага народа, знакаміты гісторык і пісьменнік XVIII ст. Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1733 г. каля мястэчка Лагішын Пінскага павета ў сям’і пінскага лоўчага. Дзіцячыя гады прайшлі ў рэзідэнцыі ордэна езуітаў у в. Дубай пад Пінскам. Напачатку вучыўся ў Пінскім езуіцкім калегіуме, дзе праявіў вялікія здольнасці да навукі. У 1748 г. уступіў у ордэн езуітаў. Працягваў вучобу ў Віленскай акадэміі (1748–1754) і ў Ліёнскім езуіцкім калегіуме ў Францыі (1758–1762). Пасля вяртання на радзіму выкладаў лацінскую мову ў Віленскай акадэміі, пазней – стылістыку і гісторыю літаратуры. Дзякуючы канцлеру Вялікага Княства Літоўскага М. Чартарыйскаму для завяршэння навучання наведаў многія навуковыя і навучальныя ўстановы Францыі, Італіі, Германіі і такім чынам атрымаў вельмі добрую адукацыю.
Сваю літаратурную дзейнасць малады пісьменнік пачаў каля 1749 г. вершамі па заказе двара і ордэна. У 1764 г. Адам Тадэвуш ужо займеў славу дасканалага знаўца старажытнай мовы і выдатнага аратара і быў прадстаўлены каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, хутка стаўшы яго набліжанай асобай. Да 1773 г. выкладаў у Варшаўскім езуіцкім калегіуме паэтыку, рыторыку, гісторыю і геаграфію. У 1773–1776 гг. працаваў над сваёй першай буйной гістарычнай працай “Жыццё Яна Караля Хадкевіча, віленскага ваяводы, вялікага гетмана Вялікага Княства Літоўскага” (Варшава, 1781). У гэты ж час стаў вядомы і папулярны як паэт: пісаў панегірычныя оды, лірычныя творы, ідыліі, байкі, сатыры і трагедыі на польскай і лацінскай мовах. Перакладаў творы Гарацыя, Тацыта, Анакрэонта, Вальтэра, Ж. Ж. Русо, М. Сарбеўскага. Яго пераклады Тацыта на польскую мову нават да цяперашняга часу лічацца лепшымі ў еўрапейскай літаратуры, а пераклады Гарацыя – самымі поўнымі і дасканалымі.
Пасля ліквідацыі езуіцкага ордэна А. Нарушэвіч атрымаў сан святара і ўзначаліў прыход у Няменчыне пад Вільняй. Пазней быў намеснікам біскупа смаленскага (1774), біскупам эмаўскім (намінальна, 1775), біскупам смаленскім (1788) і з 1790 г. – біскупам луцкім. У 1781 г. Адама Тадэвуша прызначылі на пасаду вялікага пісара ВКЛ і сакратара Пастаяннай Рады. Ён суправаджаў караля Рэчы Паспалітай у паездках па Беларусі і Украіне і свае ўражанні апісаў у кнігах “Дыярыуш падарожжа найяснейшага Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Гродзенскі сейм” (1784) і “Дыярыуш падарожжа Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Украіну” (1787). Вынікам вандроўкі па Украіне стала таксама напісанне працы, прысвечанай гісторыі Крымскага паўвострава – “Таўрыкі” (1786), дзе А. Нарушэвіч выклаў свае назіранні, высновы і абагульненні са спасылкамі на пісьмовыя, археалагічныя і этнаграфічныя крыніцы. Кароль быў першым чытачом гэтага твора і даў яму вельмі высокую ацэнку.
Адначасова па даручэнні караля А. Нарушэвіч займаўся складаннем свайго самага значнага твора – “Гісторыі польскага народа” (т. 1–7, 1780–1824), напісанню якога папярэднічала вялікая праца па зборы і сістэматызацыі шматлікіх гістарычных крыніц. Ім быў сабраны 231 том матэрыялаў, так званых “Папак Нарушэвіча”, якія складаліся з арыгіналаў і копій гістарычных дакументаў. Гэтыя матэрыялы маюць вялікую каштоўнасць таксама і для сучаснай навукі, паколькі ў іх грунтоўна адлюстроўваюцца гістарычныя падзеі, дзейнасць правіцеляў і жыццё простага народа не толькі самой Польшчы, але і Літвы, і Беларусі. Сваімі працамі вучоны стаў заснавальнікам ў польскай гістарыяграфіі так званай “школы Нарушэвіча”, якая выступала за манархічны лад дзяржавы і моцную цэнтральную ўладу, а галоўным рухавіком гістарычнага працэсу бачыла чалавечы розум і асветніцтва. Усе гістарычныя працы Адама Тадэвуша былі наватарскімі для свайго часу, вылучаліся грунтоўнасцю высноваў і дасканалым аналізам крыніц.
Выдатны вучоны і пісьменнік памёр і быў пахаваны ў в. Янаў-Падляскі Бельскага павета (Польшча) у 1796 г.