Краткая справка:
пісьменнік, палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык, публіцыст, удзельнік паўстанняў 1794, 1830–1831 гг.
Варианты имени:
Урсын-Нямцэвіч Юльян Урсын
Имена на других языках:
Niemcewicz (не определен); Немцевич Юлиан Урсын (русский); Урсын-Немцевич Юлиан (русский);
5079 символов
Справка
Адзін з выдатнейшых пісьменнікаў эпохі Асветніцтва, публіцыст, палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай Юльян Урсын Нямцэвіч нарадзіўся ў вёсцы Скокі Брэсцкага павета ў сям'і Марцэлія Нямцэвіча і Ядвігі Сухадольскай. Нямцэвічы – старажытны шляхецкі род герба “Равіч”, адзін з самых старых літоўскіх рыцарскіх родаў Рэчы Паспалітай (вядомы з XVI ст.).
Юльян (першы з 16 дзяцей Нямцэвічаў) з маленства быў рухавым, цікаўным, дасціпным. Хлопчыка выхоўвалі ў старапольскіх традыцыях, дзе асновамі з’яўляліся рыцарства і рэлігія. Пачатковую адукацыю Юльян атрымаў дома, з юных гадоў далучыўся да багатай і разам з тым трагічнай гісторыі роднай зямлі. У 1770–1777 гг. па рэкамендацыі князя А.К. Чартарыйскага навучаўся ў Рыцарскай школе (Кадэцкім корпусе) у Варшаве. Падчас вучобы пазнаёміўся і пасябраваў з Т. Касцюшкам. У 1777 г. у якасці ад'ютанта князя Чартарыйскага Нямцэвіч шмат падарожнічаў па Беларусі, наведаў Аўстрыю, Італію, Францыю, Англію.
Юльян Нямцэвіч вярнуўся на радзіму ў 1785 г. і адразу акунуўся ў вострую палітычную барацьбу, якая тычылася лёсу Рэчы Паспалітай. Абраны паслом на Чатырохгадовы сейм 1788–1792 гг., прымаў актыўны ўдзел у праграме сацыяльных рэформ, накіраваных на ўмацаванне дзяржавы, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Нямцэвіч не толькі актыўна выступаў на пасяджэннях сейма, ён рыхтаваў матэрыялы аб палітычных падзеях для “Нацыянальнай газеты”. У 1790 г. напісаў камедыю “Вяртанне пасла”, што стала аператыўным водгукам на тагачасныя падзеі і прынесла аўтару вядомасць і поспех. У 1791 г. Ю. Нямцэвіч быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава і абраны членам Адукацыйнай камісіі.
У 1792 г. Кацярына ІІ аб’явіла вайну Рэчы Паспалітай. Пасля паражэння польскіх войскаў Нямцэвіч падаўся за мяжу, жыў у Аўстрыі, Італіі, Саксоніі. Разам з Т. Касцюшкам рыхтаваў план паўстання, у якасці яго ад’ютанта і сакратара змагаўся ў радах паўстанцаў. У кастрычніку 1794 г. быў паранены ў Мацяёвіцкай бітве, трапіў у палон і два гады адбываў зняволенне ў Петрапаўлаўскай крэпасці Санкт-Пецярбурга. У гэты час Ю. Нямцэвіч прачытаў больш за 200 тамоў кніг, і, навучыўшыся пісаць левай рукой, пісаў байкі, элегіі, перакладаў творы Буало і Вальтэра. Пасля амністыі ў 1796 г. разам з Т. Касцюшкам выехаў у ЗША.
Падчас знаходжання ў Амерыцы Ю. Нямцэвіч пазнаёміўся з сябрамі Т. Касцюшкі па вайне за незалежнасць ЗША генераламі Гейтсам і Уайтам, пасябраваў з аўтарам Дэкларацыі незалежнасці ЗША Т. Джэферсанам. У гэты час ён падарожнічае па Амерыцы, назірае за жыццём, знаёміцца з першым прэзідэнтам ЗША генералам Д. Вашынгтонам.
У 1802–1804 гг. Нямцэвіч падарожнічае па Беларусі, уступае ў Таварыства сяброў навук. У 1807 г. назаўсёды пакідае Амерыку і прыязджае ў Варшаву, дзе займае пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, займаецца справамі адукацыі, медыцыны, паштовай службы.
Пасля разгрому напалеонаўскіх войскаў Юльян Нямцэвіч знаходзіць выратаванне ў творчасці: у 1812 г. з’яўляецца зборнік “Літоўскія пісьмы”, у 1816 г. – зборнік аб гераічным мінулым народаў Рэчы Паспалітай “Гістарычныя песні”. У сваім маёнтку Урсынаў пад Варшавай Ю. Нямцэвіч сабраў вялікую бібліятэку (4 тыс. тамоў гістарычных кніг, мастацкай літаратуры, рукапісаў). У 1809 г., 1816 г. і 1819 г. зноў вандраваў па Беларусі з мэтай адшукання і апісання “нацыянальных помнікаў”. Напісаў раманы “Два паны Сяцехі” (1815) і “Ян з Тэнчына” (1825).
Падчас паўстання 1830–1831 гг. Ю. Нямцэвіч, немалады ўжо чалавек, зноў не змог стаяць у баку ад падзей: увайшоў у склад Часовага ўрада, быў абраны сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання маёмасць Нямцэвіча была канфіскавана, бібліятэка была прададзена на аўкцыёне.
І зноў Ю. Нямцэвіч пакідае радзіму, спрабуе наладзіць зносіны з уладамі Англіі і Францыі, каб тыя дапамаглі Польшчы ўзняцца з кален. На жаль, яго пачуцці знаходзяць водгук толькі ў сэрцах простых людзей. З восені 1833 г. Ю. Нямцэвіч жыве і працуе ў Парыжы, наведвае выставы, салоны, музеі, падтрымлівае сувязі з прадстаўнікамі польскай эміграцыі, са знакамітымі дзеячамі літаратуры і мастацтва Францыі, арганізоўвае Польскую бібліятэку.
Юльян Нямцэвіч працаваў да апошніх дзён свайго жыцця і пакінуў нашчадкам вялікую спадчыну. Ён змагаўся супраць засілля царскага самадзяржаўя як са зброяй у руках, так і сваімі творамі: зборнік “Гістарычныя песні” (1816) атрымаў шырокую вядомасць, паўплываў на грамадзянскую паэзію дзекабрыста К.Ф. Рылеева. Маляўнічыя апісанні Брэста, Гродна, Слоніма, Навагрудка, жыцця беларускіх сялян прыводзяцца ў кнізе “Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.” (1858). Ю. Нямцэвіч – аўтар “Гісторыі панавання Жыгімонта III” (т. 1–3, 1818–1819), “Сучаснай гісторыі” (1863), “Жыццяў значных людзей XVIII ст.” (1904), ініцыятар і рэдактар выдання “Збору гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу” (т. 1–7, 1822–1836). Аўтар шматлікіх мемуараў, у тым ліку – “Дзённікаў часоў маіх” (1848, дапоўненае выданне, т. 1–2, 1957).
Памёр Юльян Нямцэвіч ва ўзросце 83 гадоў, пахаваны ў Парыжы.