Краткая справка:
спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1980, Масква), мнагакратны чэмпіён свету і Еўропы (1979, 1981–1983), чэмпіён СССР (1977–1984), кавалер ордэна Дружбы народаў
Имена на других языках:
Parfenovich Vladzimir (не определен); Парфенович Владимир Владимирович (русский);
3702 символа
Справка
Вясляр нарадзіўся 2 снежня 1958 г. у г. Мінску. У дзяцінстве марыў аб спартыўных перамогах на барцоўскім дыване. Тры гады ўпарта трэніраваўся, але аднойчы захварэў і вымушаны быў прапусціць заняткі. У барцоўскую залу больш не вярнуўся, бо пабаяўся, што за "прагул" выганяць з секцыі. Але без спорту сябе не ўяўляў. А паколькі жыў непадалёк ад Камсамольскага возера, то адправіўся прасіцца ў грэблю. Першая спроба ў 1973 г. аказалася няўдалай – трэнер, які набіраў хлапцоў, не ўбачыў у ім будучага чэмпіёна. Аднак Уладзімір не здаўся, прыйшоў у наступны раз і ўсё ж такі сеў у байдарку. На наступнай жа трэніроўцы зусім неспрактыкаваны, дрэнна прывязаў паплаўкі да наравістага суденышка і ў выніку – перакуліўся. Катастрофа адбылася на мелкаводдзі, так што ўсё абышлося паскораным кросам да базы з лодкай у руках.
Густ да перамогі прыйшоў ужо на першых спаборніцтвах – чэмпіянаце ДЮСШ. Трэнер паставіў Уладзіміра змагацца з хлопцамі, якія былі на год старэйшыя. Парфяновіч не спалохаўся і, да ўсеагульнага здзіўлення і радасці настаўніка, перамог. Пасля гэтага на спаборніцтвах стараўся не даваць нікому абыходзіць сябе.
У зборную Савецкага Саюза наш зямляк трапіў у 18 гадоў. На Алімпіядзе 1976 г. у Манрэалі савецкія весляры на байдарках і каноэ заваявалі 7 медалёў, з якіх 6 (!) – залатыя. Гэта быў узровень зборнай СССР. Зразумела, якія патрабаванні прад'яўляліся да спартсменаў. І вось менавіта на той момант у галоўнай камандзе Савецкага Саюза не аказалася добрага адзіночніка. Зрабілі стаўку на маладосць. Уладзіміру Парфяновічу ўдалося выйграць 2 міжнародныя старты і тым самым заявіць пра сябе. Праз год Уладзімір Парфяновіч выпусціў перамогу толькі на адных спаборніцтвах – чэмпіянаце свету. Але пасля гэтага нікому не дазваляў перамагаць сябе ў адзіночцы.
Вырашальным для Уладзіміра апынуўся 1979 г. Захварэў напарнік алімпійскага чэмпіёна Сяргея Чухрая – Уладзімір Тайнікаў. Трэнерскі штаб вырашыў падсадзіць у двойку да гэтага вопытнага каманднага байца маладога хлопца. Выбар упаў на Парфяновіча. Для пачатку экіпаж апрабавалі на 1000 м – перамога. Тады ўзяліся і за дыстанцыю ўдвая карацей. На чэмпіянаце свету выйгралі 500-метроўку, прайшоўшы яе з такой хуткасцю, што потым яшчэ 12 гадоў ніхто не мог пабіць гэты рэкорд. Новыя рэкорды былі ўсталяваныя, калі з'явіліся новыя лодкі і вёслы. Уладзімір ўспамінае: “На Алімпіядзе 1980 г. мы заваявалі апошнюю для савецкай зборнай сімвалічную васьмідзесятую ўзнагароду. Я з удзячнасцю ўспамінаю ўрокі, дадзеныя мне выдатным майстрам веславання Сяргеем Чухраем. Ён даў мне разуменне сутнасці каманднага спорту: трэба заўсёды працаваць так, каб напарніку было лягчэй. Калі і таварыш стане думаць падобным чынам, то такая каманда непераможная!” На маскоўскай Алімпіядзе Уладзімір Парфяновіч з Сяргеем Чухраем завяршылі сумесную кар'еру. Уладзімір Парфяновіч заваяваў тут 3 залатыя медалі (у веславанні на байдарцы-адзіночцы на 500 м і байдарцы-двойцы з украінцам Сяргеем Чухраем на 500 і 1000 м), усталяваўшы своеасаблівы рэкорд. Да гэтага ніводнаму весляру такое не ўдавалася.
Сярод іншых дасягненняў спартсмена: дзевяціразовы чэмпіён свету (1979, 1981–1983), дзевяціразовы чэмпіён Еўропы (1979, 1981–1983), уладальнік трох сярэбраных узнагарод чэмпіянатаў свету (1978, 1983), пераможца спаборніцтваў "Дружба-84", 17-кратны чэмпіён СССР (1977–1984), 19-кратны ўладальнік Кубка СССР (1977–1984), чатырохразовы пераможца спартакіяды народаў СССР (1979, 1983). Уладзімір Парфяновіч з’яўляецца заслужаным майстрам спорту, узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.