Дата рождения:
07.05.1868 Парэчча, в., Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
07.10.1939
Краткая справка:
палітычны і грамадскі дзеяч
Варианты имени:
Скірмунт Раман Аляксандравіч
2927 символов
Справка
Нашчадак старадаўняга шляхецкага роду Скірмунтаў – Раман Мар’ян Аляксандравіч Скірмунт нарадзіўся 7 мая 1868 г. у бацькоўскім маёнтку Парэчча на Піншчыне. Пра яго дзіцячыя і юнацкія гады дакладных звестак няма. Вядома, што ў светапоглядзе будучага прэм’ера Беларускай Народнай Рэспублікі адчуваўся значны ўплыў яго бацькі – Аляксандра Скірмунта, вядомага ў Беларусі грамадскага і гаспадарчага дзеяча, намаганнямі якога гэты куточак Палесся ў другой палове ХІХ ст. стаў адным з эканамічных цэнтраў паўднёвай Беларусі.
Раман скончыў Рыжскую класічную гімназію, потым – юрыдычны факультэт Варшаўскага і філасофскі факультэт Венскага ўніверсітэтаў. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў родныя мясціны і дапамагаў бацьку ў вядзенні гаспадаркі. З часам стаў уладальнікам Парэчча і працягнуў традыцыі бацькі па развіцці гаспадаркі. Вёў яе на навуковай аснове: займаўся меліярацыяй лугоў, інтрадукцыяй раслін, праводзіў аблясенне бедных глебаў, заклаў парк з унікальнымі відамі дрэў.
Р. Скірмунт з’яўляўся значным грамадскім і палітычным дзеячам свайго часу. Быў старшынёй таварыства па распрацоўцы сельскагаспадарчых і эканамічных патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, дэпутатам І Дзяржаўнай Думы Расійскай Імперыі, членам праўлення Віленскага зямельнага банка, гласным Мінскага губернскага земства, кіраўніком камітэта Усерасійскага земскага саюза. У друку з’явіліся некалькі яго артыкулаў, у якіх ён пісаў аб стане сельскай гаспадаркі Палесся, рашуча выступаў супраць правядзення радыкальнай аграрнай рэформы. У 1917 г. Р. Скірмунт стаў загадчыкам аддзела Мінскага губернскага харчовага камітэта і ўзначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.
З пачаткам беларускага нацыянальнага адраджэння Раман Аляксандравіч прымаў у ім самы актыўны ўдзел. З сакавіка да ліпеня 1917 г. ён з’яўляўся старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта. У красавіку 1917 г. узначальваў беларускую дэлегацыю да расійскага Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі, спрабаваў аб’яднаць усе беларускія палітычныя сілы і далучыць да беларускага руху прадстаўнікоў найбольш уплывовых магнацкіх радоў. З абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 г. узначаліў яе ўрад, працаваў у Міжнароднай камісіі Рады БНР, уваходзіў у склад надзвычайнай беларускай дэлегацыі ў Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнароднага прызнання незалежнасці Беларусі.
У савецка-польскую вайну 1920 г. Р. Скірмунт імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне яе ў склад ІІ Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Пасля прыходу бальшавікоў у Мінск Раман Аляксандравіч вярнуўся на Палессе, займаўся дабрачыннасцю. У 1930 г. быў абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР быў расстраляны ў сваім маёнтку восенню 1939 г.