Дата рождения:
09.01.1953 Баранавічы, г., Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
01.06.1997
Краткая справка:
кампазітар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990)
Имена на других языках:
Soltan Vladimir Evgenievich (не определен); Солтан Владимир Евгеньевич (русский);
3897 символов
Справка
Уладзімір Яўгенавіч Солтан нарадзіўся ў Баранавічах. У 1979 г. ён скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара А.В. Багатырова і таксама пад яго кіраўніцтвам – асістэнтуру-стажыроўку (1983). З 1980 г. У. Солтан з'яўляўся членам Саюза кампазітараў Беларусі. З 1983 г. выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Уладзімір Солтан аўтар шэрагу інструментальных і оперных твораў. Музыка кампазітара вызначаецца інтанацыйнай выразнасцю, насычанай эмацыянальнасцю, нацыянальнай характэрнасцю. Творчасць У. Солтана адметная жанравай разнастайнасцю.
У пачатку творчага шляху кампазітар захапляўся вакальнымі жанрамі, але яго цікавілі і аркестравая, і камерна-інструментальная музыка. З ліку найбольш вядомых твораў гэтага часу – сюіта для камернага аркестра «Думкі і настроі» (1978), якая кранае шчырасцю, эмацыянальнасцю, меладыйнай выразнасцю. Наступным творчым крокам У. Солтана сталі дзве сімфоніі (1981, 1983). Змест Сімфоніі №2 абумоўлены героіка-драматычнай вобразнасцю. Твор выяўляе характэрныя рысы творчасці кампазітара: адзінства цэлага, меладычны, распеўны тэматызм, частае выкарыстанне поліфанічнай тэхнікі, насычанае гучанне сімфанічнага аркестра. У гэты ж перыяд У. Солтан стварыў Канцэрт для аркестра, шмат мініяцюр для розных інструментаў.
У 1987 г. ён напісаў Канцэрт для віяланчэлі з аркестрам – твор маштабны, экспрэсіўны, з пераканаўчай музычнай драматургіяй. Развіты тэматызм, насычаная фактура, віртуозная партыя саліруючага інструмента – усе гэтыя асаблівасці твора сведчылі пра яскравы талент і інтэнсіўны творчы рост аўтара. У 1989 г. на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР адбылася прэм'ера оперы У. Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У. Караткевіча (Дзяржаўная прэмія БССР 1990), твора вельмі змястоўнага, у якім пераплятаюцца драматычная і дэтэктыўная, псіхалагічная і сацыяльная, жанрава-побытавая і этнаграфічная лініі. Кампазітар У. Солтан і лібрэтыст С. Клімковіч не пайшлі па шляху простага пераводу аповесці ў музыку, а выбралі тыя моманты, якія лепш за ўсё адпавядалі жанру оперы і давалі магчымасць вылучыць прынцыпы оперы рамантычнай, крыху адыходзячы ад пэўнай дэтэктыўнасці сюжэта. Аўтары оперы засяродзіліся на дзвюх асноўных лініях – фальклорнай і рамантычнай, прычым зрабілі ўпор на паказ гісторыі менавіта беларускага народа, яго легенды, што надала оперы яшчэ большую каштоўнасць. Музыка дала аснову для шматпланавага вырашэння спектакля. У ім назіралася здзіўляючая шчырасць выказвання ў фальклорных эпізодах, яскравая драматургічная чуллівасць у танцавальных нумарах. У спектаклі добра праведзена тая сюжэтная лінія, якая дазволіла ўзнавіць рамантыку мінулага, прыгажосць і багацце прыроды, а таксама прыгажосць душы чалавека, які закаханы ў жыццё. Паэтычным, тонкім штрыхом створана пастаноўка з яе складанымі канфліктнымі сітуацыямі, якія паказваюць час, падзеі, людзей. Опера «Дзікае паляванне караля Стаха» народная па свайму духу, у ёй ёсць важная спроба асэнсаваць гісторыю, культуру нашага народа, значэнне роднай мовы. Новая нацыянальная опера, з'яўлення якой чакалі даўно, выклікала значную цікавасць і прызнанне музычнай грамадскасці.
Уладзімір Солтан з'яўляецца таксама аўтарам опер «Пані Ядвіга» (лібрэта С. Клімковіч паводле аповесці К. Тарасава «Чорны шлях», 1990), «Мілавіца» (лібрэта С. Клімковіч, 1991). Сярод найбольш вядомых вакальна-інструментальных, аркестравых, камерна-інструментальных і вакальных твораў кампазітара такія, як «Лірычная кантата» для барытона, камернага хору і аркестра (словы народныя і беларускіх паэтаў, 1981), «Элегія» для віяланчэлі і фартэпіяна (1983), канцэртная п'еса «Думка» для балалайкі і фартэпіяна (1987), вакальныя цыклы на словы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, хары на вершы Я. Купалы, Ф. Цютчава і інш.