Краткая справка:
мовазнавец, заслужаны дзеяч навукі Беларусі
Варианты имени:
Супрун-Бялевіч Адам Яўгенавіч
Имена на других языках:
Супрун Адам Евгеньевич (русский);
3443 символа
Справка
Непаўторны след у беларускім мовазнаўстве пакінуў нашчадкам славіст, доктар філалагічных навук, доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Адам Яўгенавіч Супрун.
Нарадзіўся вучоны на Украіне, у сям’і настаўнікаў. У Палтаве прайшло яго дзяцінства. Пасля вайны Адам Яўгенавіч з бацькамі жыў у Кіргізіі, у г. Фрунзе. Тут юнак скончыў школу, потым у 1952 г. – Кіргізскі універсітэт. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у Маскоўскім універсітэце імя Ламаносава. Некаторы час працаваў выкладчыкам у Кіргізскім універсітэце. У 1966 г. у Ленінградскім універсітэце А. Супрун абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную славянскім лічэбнікам.
Творчы лёс вучонага пераважна звязаны з Беларуссю. З 1966 г. ён узначальваў кафедру агульнага і славянскага мовазнаўства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. А. Супрун даследаваў пытанні тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі, граматыку, лексіку і гісторыю славянскіх моў, методыку выкладання рускай мовы ў нацыянальных школах. Вялікае месца ў творчым актыве вучонага займаюць працы, прысвечаныя лічэбніку: “Производные существительные с корнями числительных” (1953), “О русских числительных” (1959), “Старославянские числительные” (1961), “Полабские числительные” (1963), “Имя числительное и его изучение в школе” (1964), “Славянские числительные. Становление числительных как особой части речи (1969). Прафесар А. Супрун быў адным з буйнейшых у свеце спецыялістаў па палабскай мове. Ён займаўся апісаннем этымалогіі асобных слоў і выказванняў, тлумачэннем старажытных фразеалагізмаў, даследаваннем агульных праблем палабскай семасіялогіі: “Полабские числительные” (1962), “Лексічная спалучальнасць у палабскай мове” (1973), “Асноўныя праблемы палабскай семасіялогіі” (1978).
Шмат увагі ў сваіх працах даследчык надаваў вывучэнню моўных кантактаў: узаемадзеянню беларускай мовы са славянскімі і неславянскімі мовамі, пытанням білінгвізму, асабліва беларуска-рускаму: “Лингвистические основы изучения грамматики русского языка в белорусской школе” (1974), “Содержание обучения русскому языку в белорусской школе” (1987). Квантытатыўнае (колькаснае) апісанне беларускай мовы зроблена вучоным у 5-томным “Частотным слоўніку беларускай мовы” (з Н.С. Мажэйка, 1976–1992). Значны ўклад зроблены А. Супруном у беларусістыку. Ён з’яўляецца сааўтарам шматтомнага “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” (Т. 1–3, 1978–1985). Даследаваў вучоны творы Ф. Скарыны, Я. Коласа і іншых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Большасць яго кніг – гэта вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў: тры выпускі “Лекций по языкознанию” (1971, 1978, 1980), “Введение в славянскую филологию” (1981, 2-е выд. 1989), “Общее языкознание” (1983, 1993–1995), “Старославянский язык” (1991), “Праславянский язык” (1993), “Лекции по теории речевой деятельности” (1996) і інш. Пад кіраўніцтвам вучонага былі складзены асацыятыўныя слоўнікі беларускай, украінскай, кіргізскай, латышскай моў.
Навукова-даследчую дзейнасць А. Супрун сумяшчаў з універсітэцкай працай. Дзякуючы яго намаганням у БДУ выкладаюцца амаль усе славянскія мовы. Лінгвістычная скарбонка А. Супруна стала сапраўды невычэрпнай крыніцай ведаў для цэлых пакаленняў навучэнцаў і навукоўцаў. Як выдатны лектар і прамоўца ён быў вядомы студэнтам, настаўнікам і вучоным нашай краіны і краін СНД, выступаў з навуковымі дакладамі і лекцыямі ў Аўстрыі, Балгарыі, Германіі, Даніі, ЗША, Іспаніі, Чэхіі, Польшчы.