Дата рождения:
05.10.1938 Орша, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
15.02.2005
Краткая справка:
вучоны ў галіне апрацоўкі металаў, аўтар прац па праблемах інтэнсіфікацыі працэсаў апрацоўкі металаў ціскам пры выкарыстанні ўльтрагуку, рэсурсазберагальных працэсах апрацоўкі матэрыялаў, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984)
Варианты имени:
Сцепаненка Аляксандр Васілевіч
Имена на других языках:
Степаненко Александр Васильевич (русский);
4657 символов
Справка
Буйным вучоным у галіне металаапрацоўкі з'яўляецца акадэмік НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксандр Васільевіч Сцепаненка.
Ён нарадзіўся ў Оршы Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1955 г. паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ), які закончыў у 1961 г. з адзнакай. Затым працаваў два гады інжынерам-канструктарам на Мінскім аўтамабільным заводзе, пасля паступіў у аспірантуру БПІ. У 1965 г. А.В.Сцепаненка паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў працаваць на кафедры «Машыны і тэхналогія апрацоўкі металаў ціскам». На доўгія гады яго педагагічная, навуковая і арганізацыйная дзейнасць звязана з БПІ , дзе ў 1973 г. абараніў доктарскую дысертацыю, у 1975 г. стаў загадчыкам кафедры, а ў 1976 г. прызначаны прарэктарам па вучэбнай, затым па навуковай рабоце. У 1980 г. абраны членам-карэспандэнтам , у 1986 г. – акадэмікам НАН Беларусі. У 1987–1992 гг . А.В. Сцепаненка – віцэ-прэзідэнт НАН Беларусі, адначасова ўзначальваў лабараторыю пластычнасці Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, якая пад яго кіраўніцтвам ператворана ў аддзяленне пластычнасці, з 1992 г. – загадчык аддзялення Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі.
Ужо першыя навуковыя вынікі, атрыманыя А.В.Сцепаненкам пасля заканчэння аспірантуры, прыцягнулі ўвагу спецыялістаў і ўвайшлі ў падручнікі па тэорыі апрацоўкі металаў ціскам. У сваіх навуковых працах ён вывучаў пытанні ўплыву ўльтрагуку на працэсы пластычнай дэфармацыі, чым унёс важкі ўклад у ўльтрагукавыя тэхналогіі апрацоўкі металаў ціскам. Атрыманыя вынікі паслужылі асновай для напісання ў суаўтарстве з акадэмікамі В.П. Севярдзенкам і У.У. Клубовічам манаграфій «Прокатка и волочение с ультразвуком» (1970), «Обработка металлов давлением с ультразвуком» (1973), «Ультразвук и пластичность» (1976), «Ультразвуковая обработка материалов» (1981), якія сталі прыкметнай вехай у тэорыі і практыцы развіцця гэтага напрамку. За распрацоўку навуковых асноў выкарыстання магутнага ўльтрагуку ў тэхналагічных працэсах апрацоўкі матэрыялаў ён удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР (1984). Пад кіраўніцтвам А.В. Сцепаненкі праведзены цыкл даследаванняў па фармаванні парашкоў і гранул, вынікі якіх абагульнены ў працах «Непрерывное формование металлических порошков и гранул» (1980, у суаўтарстве з Л.А. Ісаевічам) і «Обработка давлением порошковых сред» (1993, у суаўтарстве з Л.А. Ісаевічам і В.Я. Харланам). Разам са сваімі вучнямі распрацаваў прынцыпова новыя спосабы валачэння і пракаткі мікрадроту, абароненыя шматлікімі аўтарскімі пасведчаннямі і патэнтамі. Вялікая колькасць навуковых прац і аўтарскіх пасведчанняў прысвечаны тэорыі і практыцы высокатэмпературнай звышправоднасці. Пад кіраўніцтвам вучонага распрацаваны арыгінальныя, высокаэфектыўныя спосабы і абсталяванне для вытворчасці парабалічных рысор, да якіх праяўлена цікавасць вядучых айчынных і замежных фірмаў. У 1994 г. ліцэнзія на спосаб і абсталяванне была закуплена фірмай «Итон» (ЗША). Сёння ўстаноўкі для вытворчасці такіх рысор для аўтамабіляў МАЗ працуюць на Мінскім рысорным заводзе. У 1996 г. за гэту працу атрымана прэмія Міністэрства прамысловасці Беларусі. Вучоным распрацаваны таксама спосабы апрацоўкі металаў ціскам з выкарыстаннем актыўных сіл трэння і вібрацыйнага нагружэння, атрымання вырабаў пераменнага сячэння, высокаскараснога валачэння профіляў і іншых метала- і рэсурсазберагальных працэсаў апрацоўкі металаў.
Акадэмік А.В. Сцепаненка валодаў бліскучымі арганізатарскімі здольнасцямі, якія асабліва выявіліся ў перыяд работы віцэ-прэзідэнтам НАН Беларусі. Ён вёў актыўную навуковую, педагагічную і грамадскую дзейнасць, з'яўляючыся членам спецыялізаванага савета па абароне дысертацый і навуковых саветаў, экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, рэдкалегіі навуковых часопісаў, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 1989–1991 гг . і інш. Вучоным зроблены значны ўклад ва ўмацаванне навукова-тэхнічных сувязей акадэмічнай навукі і вытворчасці, стварэнне і развіццё беларускай школы вучоных-ультрагукавікоў, якая атрымала шырокую вядомасць і прызнанне ў нашай краіне і за мяжой. А прынцыпова новыя навуковыя вынікі знайшлі сваё практычнае ўвасабленне ў шматлікіх тэхналагічных працэсах у машынабудаванні і металургіі. Аляксандр Васільевіч Сцепаненка – аўтар больш за 600 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій і 400 вынаходніцтваў. За ўклад у развіццё навуковых даследаванняў і стварэнне эфектыўных тэхналогій вучоны ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), медалём, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, удастоены высокага звання «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі» (1988).