Адной з вядомых постацей у беларускай гісторыі быў Эмерык Карлавіч Чапскі, які шмат зрабіў для папулярызацыі культуры і мастацтва Беларусі, Польшчы, Расіі. Усё ім сабранае і апублікаванае стала народным здабыткам.
Паходзіў ён са шляхецкага роду Чапскіх. Нарадзіўся ў мястэчку Станькава Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці). Пры хрышчэнні нададзены імёны Эмерык, Захар’яш, Мікалай, Севярын. Эмерык Карлавіч Чапскі закончыў Віленскую гімназію і прыродазнаўчы факультэт Маскоўскага ўніверсітэта са ступенню кандыдата прыродазнаўчых навук. У час вучобы пачаў займацца збіральніцтвам старажытнасцей. У 1851 г. стаў правадзейным членам Рускага археалагічнага таварыства. Аднак асноўным сваім заняткам выбраў не навуку, а дзяржаўную службу. Пачаў яе ў Міністэрстве ўнутраных спраў Расійскай Імперыі. Шмат ездзіў па краіне з інспектарскімі праверкамі. Спалучаў службовыя абавязкі з пошукам і набыццём рарытэтаў. Калекцыю старажытнасцей (старадаўнія кнігі, манеты, зброю, іконы), якая хутка павялічвалася, захоўваў у сваёй кватэры ў Санкт-Пецярбургу і ў Станькаве. У 1854 г. Э.К. Чапскі ажаніўся. Яго жонкай стала Эльжбета Меендорф, дачка вядомага вучонага, падарожніка, пісьменніка, палкоўніка штаба пасольства Расійскай Імперыі ў Бухары, барона, немца па паходжанні. Гэты шлюб даў доступ у самыя высокія сферы расійскай арыстакратыі, уключаючы членаў царскай сям’і. У 1863 г. Э.К. Чапскі прызначаны віцэ-губернатарам Ноўгарада. У гэты перыяд ён быў ужо вядомы як нумізмат і археолаг. Праз пэўны час сям’я Чапскіх пераехала ў Санкт-Пецярбург. У 1865 г. стаў віцэ-губернатарам расійскай сталіцы. Захапленне даўніной нечакана прынесла рэальную карысць. Дзякуючы дакументам, якія ён з жонкай адшукалі, Э.К. Чапскі здолеў пацвердзіць сваё паходжанне ад графскай галіны Чапскіх, якія выкарыстоўвалі ў напісанні прозвішча Гутэн. Стаўшы графам, атрымаў новыя магчымасці для ўзвышэння па службовай лесвіцы. З 1875 па 1879 г. узначальваў Лясны дэпартамент Міністэрства дзяржаўных маёмасцей. Гэта прызначэнне супала з пачаткам работ па рэканструкцыі сядзібы ў Станькаве. Выкананне службовых абавязкаў патрабавала ад графа шмат часу, і таму ўладкаванне маёнтка зацягнулася на доўгія гады. Кантроль за работамі ажыццяўляла галоўным чынам жонка, бо Э.К. Чапскі, інспектуючы лясныя гаспадаркі Расіі, рэдка бываў у Станькаве. Выступаў супраць вырубкі і вывазу лесу за межы Расійскай Імперыі. Гэта выклікала незадавальненне царскіх саноўнікаў. У 1879 г. з-за канфлікту з імператарам Аляксандрам ІІ, ён вымушаны быў падаць у адстаўку.
У 1879 г. Э.К. Чапскі пакінуў дзяржаўную службу. Ён вярнуўся ў Станькава і ўзяў на сябе кіраванне гаспадаркай. У 1880 г. у найбольш узвышанай частцы сядзібы быў пабудаваны аднапавярховы палац з двух’яруснай вежай. Адначасова з узвядзеннем палаца заклалі парк, створаны з больш чым 8 тыс. дрэў і хмызнякоў. Акрамя мясцовых тут былі пасаджаны расліны з розных краін свету. Чапскія заняліся таксама сістэматызацыяй велізарнай нумізматычнай калекцыі і ўпарадкаваннем збораў. Для іх пабудавалі спецыяльны павільён, які атрымаў назву «скарбчык». Усё сабранае было сапраўды ўнікальным: гістарычныя малюнкі, гравюры, карціны, іконы і партрэты, зброя, посуд, рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалагічныя і геалагічныя рэдкасці. Асаблівую каштоўнасць уяўляла нумізматычная калекцыя (каля 11 тыс. манет і медалёў) і бібліятэка, якая налічвала 20 тыс. тамоў. Сярод кніг знаходзіліся такія рарытэты, як Брэсцкая Біблія 1563 г., першадрукі, кнігі з аўтографамі А. Міцкевіча, Я. Тышкевіча, А. Ельскага, калекцыі рукапісаў (аўтографы С. Манюшкі, Ю. Нямцэвіча, А. Адынца). Усё патрабавала камплектавання, складання і друкавання каталогаў. У выніку былі выдадзены кнігі «Удзельныя, велікакняжацкія і царскія грошы Старажытнай Русі збору графа Э.К. Гутэн-Чапскага» (1875), «Каталог калекцыі польскіх медалёў і манет графа Э. Гутэн-Чапскага» (т. 1–5, 1871–1916). Працы адзначаны вялікім сярэбраным медалём Рускага археалагічнага таварыства. У гонар 25-годдзя навуковай дзейнасці Э.К. Чапскага ў 1896 г. выбіты медаль (золата, серабро, бронза) ад калег-нумізматаў. У канцы 1889 г. ён прыняў удзел у вялікай выстаўцы ў Варшаве, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя каштоўныя экспанаты, звязаныя з паланістыкай. Станькаўская калекцыя атрымала шырокую вядомасць у Польшчы. У 1894 г. Э. К. Чапскі падзяліў свае маёнткі Станькава і Прылукі паміж сынамі і пераехаў разам з жонкай у Кракаў, куды перавёз музейныя зборы. У станькаўскім «скарбчыку» засталася толькі так званая «русістыка» – экспанаты, сабраныя ў розных рэгіёнах Расіі. Для фарміравання музея ў Кракаве граф набыў двухпавярховы палац, да якога прыбудавалі фондасховішча. Пасля смерці калекцыянера справу працягвала яго жонка. Займалася ўпарадкаваннем нумізматычна-археалагічных скарбаў, калекцый. У 1900 г. за ўласны кошт у Кракаве выдала каталог «Спіс друкаў эпохі Ягелонскай», а праз год – каталог «Спіс карцін, якія прадстаўляюць пераважна польскіх асоб». Музей «Зборы імя графаў Гутэн-Чапскіх» быў перададзены Кракаву. Сёння частка калекцыі захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.