Дата рождения: 02.12.1868 Скароднае, в., Ельскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти: 1937 Расія
Краткая справка: архітэктар, асноўныя работы якога знаходзяцца ў Гомелі, Ганаровы грамадзянін Гомеля (2018)
Имена на других языках: Шабуневский Станислав Данилович (русский);
У архітэктурным абліччы сучаснага Гомеля добра захавалася творчая спадчына таленавітага майстра архітэктурнага мастацтва Станіслава Данілавіча Шабунеўскага, які на пачатку XX ст. увасобіў у забудове цэнтральнай часткі горада перадавыя горадабудаўнічыя ідэі таго часу.
Нарадзіўся С. Шабунеўскі ў сям’і паштовага служачага ў вёсцы Скароднае на Гомельшчыне. Вучыўся юнак на сродкі камітэта дапамогі бедным навучэнцам у знакамітай Слуцкай гімназіі. У 1891 г. паступіў у Пецярбургскі інстытут грамадзянскіх інжынераў, дзе праходзіў курс архітэктуры ў акадэміка В. Шрэтара. Скончыўшы інстытут у 1897 г., пачаў працаваць у Гомелі на пасадзе гарадскога архітэктара.
У Гомелі С. Шабунеўскі, які меў чын калежскага асэсара, уваходзіў у склад гарадской управы, выбіраўся ў земства па польскай курыі. У першыя гады Савецкай улады ён працаваў інжынерам у Гомельскім камунальным аддзеле. У 1919 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Займаўся праектаваннем абарончых збудаванняў. Прымаў удзел у будаўніцтве Горлаўскага рудніка на Данбасе ў 1920 г. Служыў у ваенна-палявым будаўніцтве, начальнікам упраўлення якога стаў у 1921 г. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Кадзіеўскім упраўленні руднікоў, а ў 1922 г. звольніўся і вярнуўся ў Гомель. С. Шабунеўскі ўладкаваўся на пасаду інжынера Гомельскай арганізацыі “Палесбуд”. У 1923 г. ён быў прызначаны інспектарам па будаўніцтву, з 1924 г. стаў губернскім, а з 1927 г. – акружным інжынерам. 3 кастрычніка 1929 г. працаваў начальнікам упраўлення будаўнічага кантролю, а з 1931 г. – пры Гомельскім гарсавеце.
С. Шабунеўскі праектаваў грамадскія і прамысловыя пабудовы, жылыя дамы, храмы. Кіраваў аднаўленчымі работамі, інспектаваў будаўніцтва многіх аб’ектаў у Гомелі і навакольных населеных пунктах. Першы будынак, які быў узведзены па праекту С. Шабунеўскага – Гомельская мужчынская гімназія (1898), архітэктурная стылістыка якой арыентавана на рускі класіцызм. Галоўны фасад з яго параднасцю надаваў будынку манументальнасць, а буйныя аб’ёмныя масы эфектна падкрэсліваліся па майстэрску прамаляванымі дэталямі. Ён стаў другім па значнасці архітэктурным шэдэўрам у Гомелі пасля палацавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў, створанага Дж. Кларкам.
У 1901 г. па праекту С. Шабунеўскага быў узведзены будынак Арлоўскага камерцыйнага банка. У яго манументальным абліччы бачыцца ўжо сфарміраваная творчая манера аўтара, яго імкненне выразіць новыя ідэі шляхам паяднання сучасных і гістарычных формаў. Будынак яшчэ аднаго банка – Віленскага камерцыйнага – быў узведзены ў 1912 г. У 1913–1915 гг. архітэктарам былі пабудаваны земская і гінекалагічная бальніцы з радзільным домам. Гэтыя будынкі былі выкананы ў стылі мадэрн з класічнымі матывамі. Яны і сёння выкарыстоўваюцца як лячэбныя ўстановы. Па заказу купца Шановіча Станіслаў Данілавіч у 1912 г. спраектаваў камфартабельную гасцініцу “Савой”. Пры ёй была цырульня, мноства магазінаў на першым паверсе. Будынак дэкарыраваны ў стылі мадэрн, але ў сіметрычнай прапарцыянальнасці канструкцыі, геаметрычнасці ліній бачны рух да канструктывізму. У 1920-я гг. С. Шабунеўскі ўдзельнічаў у праектаванні і будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў у цэнтры Гомеля. У стылі канструктывізму выканаў шасціпавярховы 172-кватэрны Дом-камуну, дзе выкарыстаў схему гасцінічнага тыпу. Дом занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. У гэты перыяд пад кіраўніцтвам архітэктара праводзіліся аднаўленчыя работы Гомельскага палаца Румянцавых-Паскевічаў, які пацярпеў ад пажару ў 1919 г. Працу ён выканаў з асаблівай любоўю, вярнуўшы палацу яго велічны выгляд. Пад яго кантролем быў пабудаваны гарадскі водаправод, у 1929 г. – цэхавы корпус хлебазавода.
Праекты жылых дамоў былі апошнімі працамі гомельскага архітэктара. У 1931 г. ён быў арыштаваны, загінуў у зняволенні ў 1937 г. Рэабілітаваны ў 1989 г.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны многія збудаванні С. Шабунеўскага ўцалелі, а некаторыя былі адноўлены. І сёння яны ўпрыгожваюць цэнтральныя вуліцы горада над Сожам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.