Дата рождения:
25.06.1938 Бялынічы, г., Магілёўская вобласць
Дата смерти:
08.09.2021
Краткая справка:
паэт, перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1987), Дзяржаўнай Пушкінскай прэміі (1999), кавалер ордэна Дружбы народаў, уладальнік Залатога знака паэтычнага тэатра (1998) і шэрага іншых узнагарод
Имена на других языках:
Шкляревский Игорь Иванович (русский);
3509 символов
Справка
Творчасць Ігара Іванавіча Шклярэўскага займае адметнае месца ў рускай і беларускай літаратуры. Ён нарадзіўся ў г. п. Бялынiчы Магiлёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, быў эвакуіраваны з дзіцячым домам на Урал. Пасля вяртання скончыў сярэднюю школу. Некаторы час вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, працаваў фармоўшчыкам, токарам на заводах Магiлёва, землямерам на цаліне, служыў матросам гандлёвага флоту. Быў карэспандэнтам раённай газеты (Прыморскі край), газеты «Зорька» (Мiнск). У 1965 г. скончыў Лiтаратурны iнстытут iмя А.М. Горкага ў Маскве.
Першыя вершы І. Шклярэўскага былі апублікаваны ў 1956 г. Пісаў ён на рускай і беларускай мовах. У студэнцкія гады выпусціў у Мінску кнігі «Я иду!» (1962) і «Лодка» (1964), якія засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў таленавіты і арыгінальны паэт. У 1964 г. І. Шклярэўскі стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР, у 1968 г. быў прыняты ў Маскоўскую пiсьменнiцкую арганiзацыю. Пасля пераезду ў Маскву стаў членам рэдкалегii часопicа «Юность», грамадскага савета «Литературной газеты». Ігар Шклярэўскі – аўтар паэтычных зборнікаў «Фортуна» (1968), «Воля» (1972), «Ревность» (1974), «Похолоданье» (1975), «Неназванная сила» (1978), «Гость» (1980), «Тайник» (1981), «Брат» (1982), «Красная книга» (1986), «Слово о мире» (1987), «Глаза воды» (1989), «Мне все понятней облака» (1990) і інш. Асноўныя тэмы паэтычных твораў – прыгажосць магiлёўскай зямлi, ваеннае дзяцiнства, маладосць i каханне. Яго вершы вызначаюцца дакладнасцю, вобразнасцю, эмацыянальнасцю, глыбокім падтэкстам, арыгінальнай сімволікай. У 1985 г. выйшаў зборнік «Слушаю небо и землю» са змешчанай у ім паэмай «Слово о мире». У ёй аўтар сцвярджае, што пад пагрозай знішчэння знаходзіцца не толькі цывілізацыя, але і сама планета Зямля, што трэба адмовіцца ад атамнай зброі, бо пераможцаў у ядзернай вайне не будзе. На сродкі, якія ён атрымаў за кнігу «Слушаю небо и землю» (адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР 1987 г.), быў пасаджаны на 18 га лес у чарнобыльскай зоне – на ўкраiнскiм i беларускiм Палессi. У канцы 1980-х гг. І. Шклярэўскі арганізаваў збор грошай для пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. У публікацыях, прысвечаных падзеям на АЭС («Дети в зоне радиации», «Чернобыльский ангел», «Яблоко из Чернобыля» і інш.), размясціў рахунак. Яны друкаваліся не толькі на тэрыторыі Савецкага Саюза, але і ў многіх еўрапейскіх краінах. У хуткім часе на рахунак паступіла 26 млн рублёў, на якія пабудавалі цэлую вёску для чарнобыльскіх перасяленцаў.
Шырокі водгук набылі празаічныя і літаратуразнаўчыя творы пісьменніка, а таксама пераклады. Ён з’яўляецца аўтарам кнiгi «Тень птицы» (1976), у якую ўвайшлі аповесці «Вся надежда на Леньку», «Грибная осень» i «Тень птицы»; нататак пра лiтаратуру «Поэзия – львица с гривой» (1986). Па-мастацку пераклаў старажытныя літаратурныя помнікі «Слово о полку Игореве» і «Песнь о зубре» М. Гусоўскага, а таксама творы Я. Купалы, М. Багдановіча, П. Броўкі, П. Панчанкі, М. Танка, А. Пысіна і інш. Выдаў асобнай кнігай выбранае сваіх перакладаў з беларускай паэзіі «Паром из Белоруссии в Россию. Книга переводчика» (1984).
Літаратурная дзейнасць І. Шклярэўскага адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай Пушкінскай прэміі Расійскай Федэрацыі (1999), Царскасельскай мастацкай прэміі (1998), Дзяржаўнай прэміі СССР (1987). Ён узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1984), атрымаў Залаты знак паэтычнага тэатра (1998, Балгарыя).