Краткая справка:
паэт, крытык, перакладчык, кавалер ордэна "Культурная спадчына" Міжнароднай федэрацыі рускамоўных пісьменнікаў (2013), ордэна Пашаны (2019)
Имена на других языках:
Аврутин Анатолий Юрьевич (русский);
3853 символа
Справка
Шмат гадоў прыносіць радасць сапраўдным аматарам паэзіі творчасць аднаго з самых яркіх сучасных рускіх паэтаў Беларусі Анатоля Аўруціна.
Нарадзіўся Анатоль Юр’евіч у Мінску ў сям’і інжынера-чыгуначніка. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У.І. Леніна. Вучобу сумяшчаў з працай у вагонным дэпо станцыі “Мінск” Беларускай чыгункі. Быў літаратурным кансультантам газеты “Железнодорожник Белоруссии”, 17 год – журналістам у часопісе “Служба быту Беларусі”. У 90-х гадах мінулага стагоддзя стаў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Салон”, потым галоўным рэдактарам часопісаў “Личная жизнь” і “Авантюрист”. Зараз А. Аўруцін – галоўны рэдактар часопіса “Новая Немига литературная”, першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён член-карэспандэнт Пятроўскай Акадэміі навук і мастацтваў (Санкт-Пецярбург), лаўрэат Міжнародных літаратурных прэмій імя Сімяона Полацкага і М. Мінскага.
У літаратуру А. Аўруцін прыйшоў у пачатку 70-х гадоў XX ст. Першая падборка яго вершаў была апублікавана ў 1973 г. у газеце “Железнодорожник Белоруссии”. Першы зборнік вершаў “Снегопад в июле” выйшаў у 1979 г. у серыі “Первая книга поэта”. Чытачам А. Аўруцін вядомы сваімі кнігамі вершаў “Поворотный круг” (1983), “…От мира сего” (1991), “По другую сторону дыхания” (1998), “Суд богов” (2001), “Визитная карточка” (2004). У «Библиотеке журнала “Немига литературная”» выйшаў яго зборнік “Неживая вода” (2005). Плён літаратурнай творчасці паэта падсумоўвае кніга яго выбранай паэзіі “Наедине с молчанием” (2007). Паэт актыўна друкуецца ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы Расіі: у “Литературной газете”, часопісах “Москва”, “Нева”, “Молодая гвардия”, “Наш современник”, “Сибирские огни” і інш. У Санкт-Пецярбургу выйшлі яго кнігі “Золоченая бездна” (2002), “Неказистая Родина” (2005).
А. Аўруцін з’яўляецца паэтам-традыцыяналістам, паэзія якога трапляе пад азначэнне класічнай. Ёсць у яго вершы пра Мінск, які ён памятае з маленства; пра Грушаўку пяцідзесятых, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва; пра мінулую вайну і жанчыну з лічбамі на руцэ з-пад змятага рукава, пра светлыя назвы беларускага краю: “пахнут смолью Смолевичи, сеном – древнее Сенно…”; вершы пра дваццатае стагоддзе з яго тэрактамі, гарачымі кропкамі, пра знявечаную радыяцыяй брагінскую зямлю. Мінуламу стагоддзю прысвечана і паэма А. Аўруціна “Осколки разбитого века” – вынік амаль дваццаціпяцігадовай працы паэта. Пачаты ў 1975 г. твор быў завершаны ў 2000 г. На адыходзячы век аўтар глядзіць праз прызму ўласнага лёсу і асабістага жыццёвага вопыту.
З поспехам вытрымлівае паэзія А. Аўруціна і выпрабаванне каханнем. Лірычны герой яго вершаў не клянецца ў пачуццях, а надзвычай шчыра выказвае тое, што ў яго на душы і ў сэрцы. Не могуць не закрануць прасякнутыя глыбокай філасофіяй лірычныя радкі, звернутыя да каханай жанчыны:
Завершив конечный путь земной,
Тихо растворившись в мирозданье,
Мы, родная, встретимся с тобой
По другую сторону дыханья.
И услышим снова голоса
Тех людей, что мы недолюбили.
Вновь гвоздика вспыхнет в волосах
Под свеченье яблоневой пыли.
“Завершив конечный путь земной…”
Актыўна працуе паэт у галіне перакладу. Круг яго інтарэсаў шырокі: ад антычнай паэзіі да сучасных беларускіх аўтараў. Пераклады лепшых узораў сусветнай лірыкі ўвайшлі ў яго цыкл “Аллегории любви”. У 2003 г. А. Аўруцін склаў цікавую анталогію “Современная русская поэзия Беларуси”.
Паэт выдатна, па-майстэрску валодае словам. Паэзія яго музыкальная, інтэлігентная. Творчая манера ўходзіць каранямі ў паэтычную стыхію “сярэбранага веку”. Паэт В. Блажэнны (Айзенштадт), на якога ў свой час звярнуў увагу Б. Пастэрнак, адзначыў, што паэзія А. Аўруціна расшыфроўвае загадкі сусвету мовай метафар.