Краткая справка:
актрыса тэатра і кіно, народная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1991), прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2005), уладальніца прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Паўлінка", ордэна Ф. Скарыны, дзяржаўная дзяячка
Имена на других языках:
Окружная Светлана Артёмовна (русский); Окружная Светлана Артемьевна (русский);
4616 символов
Справка
Імя гэтай таленавітай і прызнанай актрысы, прыгожай, абаяльнай жанчыны, адданай Маці, парламентарыя і грамадскага дзеяча добра вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Больш за 60 роляў: каларытных, цікавых, кожны раз непаўторных і запамінальных стварыла яна на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Коласа (Віцебск) і ў кіно.
Нарадзілася Святлана Акружная ў г. Чарнаўцы (Украіна) у сям’і ваеннага. З дзяцінства марыла аб сцэне і ў 1965 г. прыехала паступаць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучылася ў акцёрскай майстэрні вопытнага педагога Д.А. Арлова. Пасля заканчэння інстытута (1969) была накіравана ў Віцебскі тэатр, з якім і звязала сваё далейшае жыццё. Яе першай роляй стала Анютка са спектакля “Улада цемры” Л. Талстога, якая адразу прынесла пачынаючай актрысе поспех і прызнанне. Яе заўважылі. Акружная пачала шмат іграць і хутка стала адной з вядучых актрыс тэатра. За шмат гадоў працы яна стварыла значную колькасць сцэнічных вобразаў. Сярод іх – Дачка (“Зацюканы апостал” А. Макаёнка), Нэлі (“Прыніжаныя і зняважаныя” паводле Ф. Дастаеўскага), Катрын (“Матухна Кураж і яе дзеці” Б. Брэхта), Галя Чацвяртак (“А зоры тут ціхія…” паводле Б. Васільева), Таня (“Развітанне ў чэрвені” А. Вампілава), Данута (“Клеменс” К. Сая) і многія іншыя.
У 1976 г. таленавітай актрысе, якая яшчэ не пераступіла трыццацігадовую мяжу жыццёвага шляху, было прысвоена званне заслужанай, а ў 1991 г. яна стала народнай артысткай Беларусі. Але жыццё заўсёды рознае. Творчыя поспехі жорстка перапынялі драматычныя жыццёвыя абставіны: аўтамабільная аварыя, вытворчае здарэнне на гастролях у Мінску. Самым цяжкім выпрабаваннем для актрысы было раненне сына і барацьба за яго жыццё (у 1996 г. за мацярынскую мужнасць С. Акружной была прысуджана прэмія імя З. Тусналобавай-Марчанка Беларускага дзіцячага фонда). Тэатр надоўга адышоў для С. Акружной на другі план, але час лечыць раны. Значнай этапнай роляй пасля вяртання на сцэну стала Франка (“Хам” паводле аповесці Э. Ажэшкі, прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 1991). У створаным актрысай вобразе выявілася шырокая палітра акцёрскай выразнасці, яскрава перададзена трагедыя жанчыны, мара якой кахаць і быць каханай не здзейснілася.
Праўдзівасцю і псіхалагічнай глыбінёй насычаны вобразы Эміліі (“Рэцэпт Макропуласа” К. Чапека), Бобі Мітчэл (“Гэты страсна закаханы” Н. Саймана), Марлен Дзітрых (“Марлен… Марлен…” Д. Мінчонка), Жанны д’Арк (“Жаваранак” Ж. Ануя) і інш. Актрысе ўласцівы высокая напружанасць пачуццяў, глыбокае пранікненне ў жаночую псіхалогію. Віцебскія гледачы ідуць у тэатр менавіта “на Акружную”. Актрыса нястомна імкнецца да новых роляў, да новых адкрыццяў на сцэне яе роднага тэатра. Пра жыццё і творчасць актрысы сняты дакументальны фільм “Святлана” (1997). Ёй прысуджана вышэйшая тэатральная ўзнагарода краіны “Крыштальная Паўлінка”. Актрыса – лаўрэат міжнародных фестываляў.
С.А. Акружная – прызнаны палітык і грамадскі дзеяч. На працягу двух скліканняў яна з'яўлялася членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, была намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па сацыяльных пытаннях. У 2001 г. і 2006 г. прымала ўдзел у рабоце Другога і Трэцяга Усебеларускіх народных сходаў. З 2001 г. да 2008 г. з'яўлялася членам Міжпарламенцкай Асамблеі Праваслаўя, неаднаразова прадстаўляла інтарэсы нашай краіны на гэтым уплывовым міжнародным форуме. Сэнс яе грамадскай і палітычнай дзейнасці – дапамога людзям.
С.А. Акружная ўзнагароджана медалём Ф. Скарыны (1997), ордэнам Ф. Скарыны (2006), з’яўляецца лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2005). Адзінай у нашай краіне ёй уручаны дыплом лаўрэата Міжнароднай прэміі міру (2005) – вышэйшай узнагароды Аб’яднанай культурнай канвенцыі ЗША пры Амерыканскім біяграфічным інстытуце, які крыху раней прысудзіў ёй званне “Жанчыны года–2004”. Жанчынай года (1997–1998) назваў С.А. Акружную ў даведніку “2000 самых вядомых людзей у свеце” і Кембрыджскі навуковы цэнтр.
У лістападзе 2007 г. на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа адбыўся бенефіс С.А. Акружной. Паклоннікам творчасці актрысы была прапанавана прэм'ера спектакля “Васа” (па матывах п'есы М. Горкага “Васа Жалязнова”), дзе яна сыграла галоўную ролю. Актрыса працягвае плённа працаваць над новымі вобразамі: роля Сесіліі Робсан у спектаклі “Квартэт” Р. Харвуда ў яе выкананні прызнана лепшай жаночай роляй 2010 г., а сам спектакль стаў лепшым рэгіянальным спектаклем года.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2006 г., актуалізаваны ў 2011 г.