Зязюля Андрэй (сапраўднае імя Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч)
Дата рождения:
07.12.1878 Навасяды, в., Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
17.01.1921
Краткая справка:
паэт, каталіцкі святар
Псевдонимы:
Зязюля Андрэй
3797 символов
Справка
Андрэй Зязюля – псеўданім паэта-святара, “вясковага лірніка” Аляксандра Сцяпанавіча Астрамовіча.
Нарадзіўся ён у дробнашляхецкай беларускай сям’і ў в. Навасады Ашмянскага павета (цяпер Астравецкі раён). Вучыўся ў Ашмянскай павятовай школе, пасля заканчэння якой служыў у царскай арміі. У 1905 г. паступіў у каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу. У 1910 г. яму быў нададзены сан святара, затым служыў ксяндзом у мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Яшчэ да вучобы ў семінарыі праз суседа ксяндза А.Лісоўскага, які ў студэнцкія гады наведваў гурток Б.Эпімаха-Шыпілы, малады Астрамовіч далучыўся да беларускай паэзіі. У пецярбургскай семінарыі ён арганізаваў і ўзначаліў аб’яднанне клірыкаў-беларусаў. У гэты ж час пазнаёміўся з Я.Купалам і іншымі дзеячамі беларускай культуры. Тое, што за 10 год пасля заканчэння семінарыі А.Астрамовіч змяніў сем разоў месца службы, сведчыць як афіцыйная касцёльная іерархія адносілася да ксяндза, паслядоўнага беларусафіла і да яго беларускамоўнай дзейнасці на рэлігійнай ніве.
Пісаць вершы А.Астрамовіч пачаў яшчэ ў семінарыі. Збераглася дата напісання яго верша “Вясновая раніца”: Пецярбург, 29.ІІІ.1908 г., але дэбютаваў ён у газеце “Наша Ніва” ў 1909 г. вершам “Песня дзяўчаці”. Акрамя “Нашай Нівы” найбольш друкаваўся ў каталіцкай газеце “Bielarus”, а таксама ў газетах “Светач”, “Вольная Беларусь”, “Беларускае жыццё” і інш. Асобнымі выданнямі пры жыцці паэта выйшлі зборнік яго вершаў “З роднага загону” (1913), верш “Слова праўды аб мове і долі беларуса” (1917). У 1923 г. у Вільні была надрукавана яго паэма “Аленчына вяселле” (1923), а да дзесяцігоддзя са дня смерці паэта сябры і аднадумцы выдалі найбольш поўнае выданне яго зборніка “З роднага загону”, рэпрынтны выпуск якога пабачыў свет у 1993 г.
У сваёй творчасці А.Зязюля паэтызаваў хрысціянскія ідэі, абуджаў сваімі вершамі веру, надзею, любоў, праўдзівасць. У прыродзе, у людзях, у розных праявах жыцця ён бачыў тую красу, вяршыняй якой з’яўляецца Бог. Але ў першую чаргу А.Зязюля – паэт народны, сялянскі. Змест яго вершаў адлюстроўвае праявы беларускага сялянскага жыцця, якое паэт добра ведаў яшчэ з дзяцінства, якое пастаянна назіраў у розных рэгіёнах Беларусі.
Люблю мой засценак,
Радзімы куток:
Хаціну, прысенак,
Абору і ток.
Тут я ўзгадаваўся,
Тут слухаў бацькоў,
Тут з горам спазнаўся,
Тут долю знайшоў,
– піша паэт у вершы “Мой засценак”. А.Зязюля паэтызуе цяжкую сялянскую працу (вершы “Мніво”, “У кузні”), жыццё простага працаўніка на зямлі (вершы “Пасвята”, “Мой засценак”), звяртаецца да вельмі рэдкай па тым часе тэмы жаночага лёсу (паэма “Аленчына вяселле”). Страсна, як на крыжы, прысягае ён ніколі не здрадзіць роднаму краю ў сваім выдатным публіцыстычным вершы “Ніколі”. Глыбокай пашанай да Радзімы, верай у яе лепшае будучае прасякнуты вершы “Беларусь” і “Веру”. Асобна трэба адзначыць велізарную любоў А.Зязюлі да роднай прыроды, тонкае адчуванне і разуменне яе. Паводле сваіх стылёвых прыкмет пейзажная лірыка А.Зязюлі блізкая да коласаўскай. Паэт успрымае прыроду як каштоўны дар і родны чалавеку асяродак яго жыццядзейнасці. Вершы “У студні”, “У лютым”, “У красавіку”, “Вечар маёвы”, “Лес у маі”, “Песня салаўя” прасякнуты лірызмам, усхваляванасцю нераўнадушнага назіральніка. З любоўю адносіўся паэт да народнага слова, народнай творчасці. Сабраныя ім па вёсках народныя песні ўвайшлі ў зборнік А.Грыневіча “Беларускія песні з нотамі” (1912).
Доўгі час творчая спадчына А.Зязюлі знаходзілася ў забыцці. А між тым багацце і разнастайнасць зместу яго лірыкі, блізкасць паэзіі з творчасцю Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, К.Буйло, безумоўна, звяртае на сябе ўвагу і патрабуе больш глыбокага і аб’ектыўнага яе асмыслення.