Дата рождения:
16.08.1923 Нараўчызна, в., Мазырскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
16.04.2012
Краткая справка:
ваенны дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1945), ганаровы грамадзянін Мазыра
Имена на других языках:
Борисов Михаил Владимирович (русский);
4123 символа
Справка
Міхаіл Уладзіміравіч Барысаў нарадзіўся ў вёсцы Нараўчызна Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Вучыўся ў школе, наведваў Гомельскі аэраклуб (выпуск адбыўся ў сакавіку 1941 г.), з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны залічаны на флот. У 1943 г. Міхаіл Барысаў скончыў Ейскае ваенна-марское авіяцыйнае вучылішча і ў жніўні 1943 г. быў накіраваны ў 13-ты знішчальны авіяцыйны полк Паўночнага флоту, лятаў на амерыканскіх двухматорных ударных самалётах A-20G «Бостан». Летам 1944 г. малодшы лейтэнант Барысаў быў накіраваны ў 51-ы мінна-тарпедны авіяцыйны полк Балтыйскага флоту, прымаў удзел у Талінскай аперацыі. 22 верасня 1944 г. група самалётаў, у якую ўваходзіў экіпаж Міхаіла Барысава, патапіла варожы транспарт водазмяшчэннем 7000 тон і акіянскі цеплаход водазмяшчэннем за 12000 тон. За выдатнае выкананне баявых задач малодшы лейтэнант Барысаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Увосень 1944 г. войскі Ленінградскага фронту хутка прасоўваліся на захад. Полк, дзе служыў Міхаіл Барысаў, працягваў наносіць тарпедна-бомбавыя ўдары па фашысцкім транспартам і караблям, якія знаходзіліся ў партах Пярну, Рыгі, Кінгісепа. 1 кастрычніка 1944 г. група, якую вёў лейтэнант Барысаў, патапіла ў Рыжскім заліве тральшчык праціўніка і транспарт водазмяшчэннем 6000 тон. Міхаіл Уладзіміравіч Барысаў быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонага Сцяга. Праз тыдзень ён патапіў транспарт праціўніка з боепрыпасамі водазмяшчэннем больш за 5000 тон, за што быў узнагароджаны трэцім ордэнам Чырвонага Сцяга. 20 лістапада 1944 г. варожыя лінкоры ў суправаджэнні 6 эсмінцаў абстралялі нашы войскі каля заходняга берага паўвострава Сырве і прымусілі іх да адыходу. Лейтэнант Барысаў, нягледзячы на дрэннае надвор'е, выявіў караблі праціўніка і паведаміў іх дакладныя каардынаты. Нямецкая эскадра была разгромлена.
У канцы 1944 – пачатку 1945 г. полк працягваў весці баявыя дзеянні на тэрыторыі Латвіі і Літвы. Асноўнымі раёнамі баявых дзеянняў палка былі Ліепая, Ірбенскі праліў, Клайпеда, Данцыгская бухта. 14 снежня 1944 г. група Міхаіла Барысава, нягледзячы на моцны зенітны агонь, патапіла тры варожыя транспарты. У студзені–лютым 1945 г. лётчыкі знішчылі некалькі варожых караблёў каля Гдыні і Ліепаі. За гэты подзвіг М.У. Барысаў атрымаў чацвёрты ордэн Чырвонага Сцяга.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 сакавіка 1945 г., за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства, Міхаілу Уладзіміравічу Барысаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У красавіку-маі 1945 г. 51-ы мінна-тарпедны полк наносіў удары па Курляндскай варожай групоўцы і камунікацыях, якія ішлі да партоў Лібава і Вентспілс. Апошні магутны ўдар быў нанесены па ваенна-марской базе Свінаўсце. Тут на рэйдзе знаходзіліся лінкор «Шлезіен», крэйсер «Прынц Ойген», дапаможны крэйсер «Арыён», эсмінцы, вартавыя караблі і катэры, тральшчыкі, дэсантныя баржы, шэраг іншых караблёў водазмяшчэннем у 5000-8000 тон кожны, і каля 30-40 малых караблёў. 4 мая 1945 г. лінкор і караблі, якія знаходзіліся на рэйдзе, паслядоўна атакавалі тры ўдарныя групы самалётаў 51-га палка. Самалёты скінулі за дзень 41 авіябомбу буйнога калібра і чатыры тарпеды. Адну з тарпед выпусціў Міхаіл Барысаў. Лінкор «Шлезіен», атрымаў цяжкія пашкоджанні, былі патоплены дапаможны крэйсер «Арыён» і шэраг іншых. Да канца вайны капітан Барысаў патапіў 13 караблёў і транспартаў праціўніка.
У 1947 г. Міхаіл Уладзіміравіч Барысаў скончыў Вышэйшыя афіцэрскія курсы і служыў на Паўночным флоце, пэўны час камандаваў вучэбным атрадам Вышэйшых лётна-тактычных курсаў. У 1958–1960 гг. маёр Барысаў камандаваў асобнай авіяцыйнай эскадрылляй ваенна-паветраных сіл Чарнаморскага флоту. У 1960 г. падпалкоўнік Барысаў выйшаў у запас, узначальваў штаб грамадзянскай абароны, шмат часу аддаваў ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі.
Міхаіл Уладзіміравіч Барысаў узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі, ганаровы грамадзянін Мазыра і Ялты.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.