Краткая справка:
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1945), кавалер ордэна Леніна
Варианты имени:
Білевіч Фёдар Мікалаевіч
Имена на других языках:
Белевич Фёдор Николаевич (русский); Билевич Фёдор Николаевич (русский);
2839 символов
Справка
Фёдар Мікалаевіч Бялевіч з’явіўся на свет у шматдзетнай сям’і рабочага-чыгуначніка, пераселенага са Смалявіччыны ў Забайкальскі край Расійскай Імперыі на пачатку ХХ ст. У дзесяцігадовым узросце Фёдар страціў бацьку, быў вымушаны пакінуць школу і ўладкавацца на працу на цагельны завод. У студзені 1942 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, у жніўні 1942 г. трапіў на Сталінградскі фронт. Праз некалькі дзён баец Бялевіч быў паранены і тры месяцы правёў у шпіталі. Са снежня 1942 г. Фёдар Бялевіч кіраваў аддзяленнем аўтаматчыкаў 49-й гвардзейскай стралковай брыгады Заходняга фронту, прымаў удзел у вызваленні Ржэва і Вязьмы. З пачатку мая 1943 г. ён узначальвае аддзяленне палкавой разведкі 653-га стралковага палка 220-й стралковай дывізіі Заходняга фронту. У канцы чэрвеня быў цяжка паранены і паўгода знаходзіўся ў шпіталі. У снежні 1943 г. баец Бялевіч быў залічаны ў склад 738-га стралковага палка 134-й стралковай дывізіі 69-й арміі і ў складзе 1-га Беларускага фронту прымаў удзел у вызваленні Старых Дарог, Слуцка, Пінска, Брэста, Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі. Чырвонаармеец Фёдар Бялевіч праявіў сапраўдны гераізм і мужнасць падчас Берлінскай наступальнай аперацыі: 18 красавіка 1945 г. у раёне г. Франкфурт-на-Одэры агнём свайго кулямёта расстраляў 5 кулямётных кропак ворага, знішчыў каля 40 гітлераўцаў; 23 красавіка разам з таварышамі адбіў тры нямецкія контратакі і знішчыў каля 50 фашыстаў; 24 красавіка пад мінамётным абстрэлам вёў агонь па варожых пазіцыях, знішчыў каля 40 гітлераўцаў і падпаліў 2 аўтамашыны з боепрыпасамі.
За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання, адвагу і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з ворагам, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 мая 1945 г. чырвонармейцу Фёдару Мікалаевічу Бялевічу было прысвоена званне Героя Савецкага Союза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Гераізм і мужнасць салдата былі адзначаны ордэнам Славы ІІІ ст., Айчыннай вайны І ст., медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
Фёдар Бялевіч працягваў службу ў Чырвонай Арміі да 1948 г. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на радзіму, быў электрыкам у авіяцыйных майстэрнях, слесарам на заводзе, шафёрам лесавоза. У 1953 г. прыехаў у Беларусь, да 1986 г. працаваў шафёрам Мінскага аўтамабільнага трэнспартна-экспедыцыйнага камбіната, быў узнагароджаны нагрудным знакам «За работу без аварий» І і ІІ ст., медалём «Ветэран працы», ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Шмат часу Фёдар Мікалаевіч аддаваў грамадскай рабоце, быў актыўным членам асацыяцыі Герояў Савецкага Саюза, у 1999 г. быў узнагароджаны ордэнам «За службу Айчыне» ІІІ ст. У 2015 г. у Мінску на доме, дзе жыў Фёдар Мікалаевіч Бялевіч была ўсталявана мемарыяльная дошка.