Дата рождения:
13.06.1858 Барысаўскі павет, Мінская губерня
Дата смерти:
11.03.1913
Краткая справка:
расійскі гідрограф-геадэзіст, марак, даследчык Арктыкі, генерал-лейтэнант флоту
Имена на других языках:
Вилькицкий Андрей Ипполитович (русский);
3692 символа
Справка
У гісторыю арктычных даследаванняў трывала ўвайшло імя нашага суайчынніка, гідрографа-геадэзіста і падарожніка, генерал-лейтэнанта флоту Андрэя Іпалітавіча Вількіцкага.
Нарадзіўся А. Вількіцкі ў Барысаўскім уездзе Мінскай губерні (цяпер Барысаўскі раён Мінскай вобласці) у дваранскай сям’і. На флот быў залічаны юнкерам у 1875 г. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1880 г.) і прайшоў спецыяльны курс астраноміі і геадэзіі ў Пулкаўскай абсерваторыі. Потым выкладаў у Марской акадэміі і займаўся навукова-даследчай працай у Галоўным гідраграфічным упраўленні Расіі, якое ўзначальваў у 1907–1913 гг.
Пачатак навуковай дзейнасці А. Вількіцкага адносіцца да сярэдзіны 80-х гадоў XIX ст. Яна тычылася выканання гідраграфічных работ, прыбораў і метадаў, а таксама геафізічных даследаванняў. Праведзеныя ім работы па вызначэнню сілы зямной цягі ў шэрагу пунктаў Еўрапейскай і Азіяцкай Расіі былі выкананы настолькі арыгінальна і старанна, што Расійскае геаграфічнае грамадства прапанавала А. Вількіцкаму правесці шэраг даследаванняў на Новай Зямлі і ў Архангельску, а Марское міністэрства дадаткова даручыла яму выканаць некаторыя гідраграфічныя даследаванні на гэтым востраве. Па выніках праведзенай работы вучоны быў узнагароджаны двума залатымі медалямі Рускага геаграфічнага таварыства.
У 1894 г. Марскім міністэрствам Расіі была арганізавана спецыяльная гідраграфічная экспедыцыя для даследаванняў магчымасцей гандлёвага мораплавання ў Арктыку. Кіраўніком яе быў прызначаны А. Вількіцкі. За тры гады працы экспедыцыя выканала вялікі аб’ём работ. Упершыню было складзена падрабязнае апісанне Енісейскага заліва, знойдзены глыбокаводны фарватар, які дазваляў марскім суднам падымацца ўверх па рацэ на 1000 км, удакладнены шэраг карт. Экспедыцыя адшукала бухту Находка, якую потым выкарыстоўвалі для перавалкі грузаў з марскіх на рачныя судны. Адначасова быў сабраны унікальны па тым часе батанічны, заалагічны, геалагічны матэрыял. Але асноўнай заслугай вучонага стала тое, што ён паклаў пачатак сістэматычнаму навуковаму даследаванню арктычных мораў.
А. Вількіцкі выступаў за выкарыстанне марскіх зносін паміж Еўропай і вусцямі вялікіх сібірскіх рэк. У 1901 г. ён з караванам у дваццаць два караблі праплыў з Еўрапейскай Расіі праз Карскае мора на Енісей. Знаходзячыся на чале Галоўнага гідраграфічнага ўпраўлення стаў адным з ініцыятараў арганізацыі гідраграфічнай экспедыцыі для даследавання Паўночнага Ледавітага акіяна ад Берынгава праліва да вусця ракі Лены на стальных ледакольных параходах “Таймыр” і “Вайгач” (1913–1915 гг.). Падтрымаў выдатнага палярнага даследчыка Г.Я. Сядова, які рыхтаваў экспедыцыю на Паўночны полюс.
Гады, калі А. Вількіцкі кіраваў расійскай гідраграфіяй, былі перыядам яе росквіту, шырокага развіцця і міжнароднага прызнання. Пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны доўгатэрміновы праект сістэматызаванага апісання айчынных мораў, праграмы новых экспедыцый, прыведзены ў парадак карты рускіх мораў, адкрыты спецыяльны корпус гідрографаў і штурманскі афіцэрскі клас, рускія гідрографы з поспехам удзельнічалі ў работах па забеспячэнню бяспекі мораплавання ў глабальным маштабе. Вялікае значэнне для флоту мелі навуковыя работы вучонага па гідраграфіі і геадэзіі, якія друкаваліся ў “Морском сборнике”, “Записках по гидрографии”, “Записках русского географического общества”. Сем разоў імя А. Вількіцкага было ўвекавечана на карце Арктыкі. Яго носяць заліў у Баранцавым моры, два мысы і ляднік на в. Новая Зямля, астравы ў Карскім і Усходне-Сібірскім марах.
У асобе А. Вількіцкага Беларусь дала свету выдатнейшага даследчыка Арктыкі, справу якога прадоўжыў яго сын Барыс Андрэевіч Вількіцкі.