Дата рождения:
08.02.1903 Селішча, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
16.12.1983
Краткая справка:
урач, дзяржаўны дзеяч Беларусі, заслужаны ўрач Беларусі, узнагароджаны ордэнамі Леніна (1961), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Чырвонай Зоркі (1944), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1948, 1954, 1966), "Знак Пашаны" (1951), значком "Выдатніку аховы здароўя" (1957), медалямі
Имена на других языках:
Инсаров Иван Анисимович (русский);
3338 символов
Справка
Іван Анісімавіч Інсараў, выдатны арганізатар аховы здароўя ў Беларусі, нарадзіўся ў в. Селішча Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Слуцкі раён Мінскай вобласці). Вучыўся ў Іван-Агародніцкім земскім народным вучылішчы, Ленінскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, школе другой ступені ў Слуцку. У 1927 г. скончыў медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). Пасля атрымання дыплома ўзначаліў сельскі ўрачэбны ўчастак у в. Магільнае Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. У 1929 г. стаў галоўным урачом паліклінікі ў Барысаве. З 1937 г. працаваў ардынатарам, затым загадчыкам неўралагічнага стацыянара Дзяржаўнага навукова-даследчага інстытута фтызіятрыі, артапедыі і неўралогіі (цяпер Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі). У 1941 г. быў намеснікам загадчыка аддзела аховы здароўя Мінскага аблвыканкама, кансультантам-неўрапатолагам 1-й клінічнай бальніцы. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны стаў намеснікам начальніка, а затым начальнікам эвакашпіталяў у Барысаве і Саранску. З 1942 г. працаваў у аператыўнай групе Наркамата аховы здароўя БССР па медыцынскім забеспячэнні партызан Беларусі. У верасні 1942 – лістападзе 1944 г. быў памочнікам начальніка аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння па медыцынскай частцы Беларускага штаба партызанскага руху. З сакавіка 1943 г. і да заканчэння вайны кіраваў санітарным аддзелам, які займаўся медыцынскім абслугоўваннем партызан і насельніцтва партызанскіх зон Беларусі, наладжваў арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва медыцынскай службай партызанскіх фарміраванняў. За гады вайны І.А. Інсараў арганізаваў работу эвакашпіталяў, развіў сістэму аказання медыцынскай дапамогі параненым. З 1945 па 1947 г. працаваў намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама. З 1947 г. узначальваў Навукова-даследчы інстытут неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. У 1948 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Организация и деятельность медицинской службы в партизанских соединениях Белоруссии в годы Великой Отечественной войны». У 1948–1966 гг. быў міністрам аховы здароўя БССР. За гэты перыяд ён унёс значны ўклад у пасляваеннае аднаўленне медыцыны і паляпшэнне сістэмы падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў. Дзякуючы яму быў значна палепшаны ўзровень развіцця медыцыны ў сельскай мясцовасці, удасканалена работа лячэбна-прафілактычных устаноў прамысловых прадпрыемстваў, адкрываліся бальніцы, урачэбна-фізкультурныя дыспансеры, наладжана функцыянаванне санітарна-эпідэміялагічных служб краіны, актыўна праводзілася прафілактыка інфекцыйных захворванняў, ліквідаваны санітарныя наступствы вайны. Значным дасягненнем стала замацаванне ўчасткова-тэрытарыяльнага прынцыпу медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. У 1964 г. І.А. Інсараў атрымаў вучонае званне прафесара. З 1967 па 1971 г. быў загадчыкам кафедры грамадзянскай абароны Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. У 1969–1979 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Здравоохранение Беларуси».
За шматгранную навуковую і практычную дзейнасць вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1961), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1948, 1954, 1966), «Знак Пашаны» (1951), значком «Выдатніку аховы здароўя» (1957), медалямі, граматамі. У 1964 г. яму прысвоена ганаровае званне заслужанага ўрача БССР.