Жыццёвы шлях Эмануіла Рыгоравіча Іофэ пачаўся ў Беразіне Мінскай вобласці. Яго бацька, удзельнік грамадзянскай вайны на Украіне (ваяваў у складзе Першай коннай арміі С.М. Будзённага), працаваў на адказных пасадах у народнай гаспадарцы. Маці была сакратаром Бярэзінскага народнага суда. У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я знаходзілася ў эвакуацыі спачатку ў Тамбоўскай вобласці (Расія), потым у Кзыл-Ардынскай (Казахстан). Вясной 1945 г. вярнуліся ў Беразіно.
Пасля заканчэння сярэдняй школы Э.Р. Іофэ ў 1956 г. паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (БДУ). Ён стаў старастам гістарычнага гуртка, старшынёй навуковага студэнцкага таварыства факультэта, прызначаўся кіраўніком дэлегацый на ўсесаюзныя канферэнцыі, якія праходзілі ў Львоўскім дзяржаўным універсітэце імя І. Франко і Латвійскім дзяржаўным універсітэце імя П. Ступкі, працаваў па камсамольскай пуцёўцы на цалінных землях Казахстана, паспяхова спрабаваў сябе ў навуцы. У 1961 г. Э.Р. Іофэ скончыў БДУ і пачаў працаваць настаўнікам у Крамоцкай сярэдняй школе Старадарожскага (пазней Слуцкага) раёна. З 1964 г. – выкладчык грамадазнаўчых дысцыплін у Навапольскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (Мінскі раён), адначасова навучаўся на завочным аддзяленні эканамічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава па спецыяльнасці “Палітычная эканомія”.
У 1967 г. Э.Р. Іофэ пераехаў у Мінск. Спачатку працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сярэдняй школе № 13 (да 1969 г.), потым выкладаў у сярэдняй школе № 100. Адначасова скончыў завочную аспірантуру пры Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “В.И. Пичета как историк социально-экономического развития Белоруссии в эпоху феодализма (XV – первая половина XVII в.)”. З 1978 г. працуе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, дзе прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара кафедры паліталогіі і права. У красавіку 1993 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Советская историография социально-экономического развития белорусской деревни середины XVII – первой половины XIX века”. У гэтым жа годзе атрымаў дыплом выкладчыка паліталогіі ў Нацыянальным інстытуце гуманітарных навук. У 1996 г. скончыў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы і гуманітарнай адукацыі па спецыяльнасці “Сацыялогія”.
Эмануіл Іофэ з’яўляецца аўтарам 650 навуковых прац, у тым ліку 42 кніг і брашур. Некаторыя з іх выйшлі на англійскай, нямецкай, польскай, украінскай і іншых мовах. Найбольш значныя работы “Советские военачальники на белорусской земле” (1988), “Из истории белорусской деревни” (1990), “Страницы истории евреев Беларуси” (2000), “По достоверным источникам” (2001), “История Беларуси XVIII–XX веков” (2003), “От Мясникова до Малофеева: кто руководил БССР” (2008) і інш. У сваіх працах вучоны даследуе беларускую гістарыяграфію, гісторыю навукі і культуры, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, беларускіх яўрэяў.
Шматгранную навуковую і педагагічную дзейнасць Э.Р. Іофэ сумяшчае з грамадскай. Ён з’яўляецца членам Саюза журналістаў Беларусі, правадзейным членам Беларускай асацыяцыі палітычных навук. Быў адным з навуковых кансультантаў шасцітомнага выдання “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” і васямнаццацітомнага “Беларуская энцыклапедыя”. У 1996 г. абраны акадэмікам, а затым і членам прэзідыума Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцей. У тым жа годзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускай секцыі Міжнароднага таварыства правоў чалавека, экспертам гэтай арганізацыі па нацыянальных адносінах. У 1992 г. абраны старшынёй гістарычнай камісіі рэспубліканскага Фонду захавання яўрэйскай гістарычнай і культурнай спадчыны, у 1996 г. членам Выканкама Сусветнага савета па ідыш і яўрэйскай культуры. З’яўляецца таксама членам праўлення Беларускага гістарычнага таварыства і Гісторыка-мемарыяльнага фонду “Трасцянец”. Пра актыўнае дачыненне Э.Р. Іофэ да прапаганды гістарычных ведаў сведчыць тое, што ён аўтар каля 50 радыё- і тэлеперадач, быў навуковым кансультантам дакументальнага фільма “Апошнія сведкі” (2003).
Шматгадовая плённая праца вучонага высока адзначана. Ён узнагароджаны медалямі, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі і граматамі Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, мінскага гарана, рэктарата Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.