Уладзімір Фёдаравіч Ісаенка адносіўся да тых вучоных, якія займаліся адраджэннем беларускай археалогіі. Ён нарадзіўся ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. У 1932 г. сям’я пераехала ў Мінск. У 1944 г. быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію, дзе працаваў на ваенным заводзе. Пасля заканчэння вайны вярнуўся ў Беларусь. У 1947 г. паступіў у Гомельскі педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Выкладаў матэматыку ў Шыіцкай, потым ў Юравіцкай школах Калінкавіцкага раёна. Пазней быў дырэктарам Юравіцкай школы. У канцы 1950-х гг. У.Ф. Ісаенка пачаў цікавіцца мясцовымі старажытнасцямі. Спачатку гэта былі школьныя экскурсіі і паходы з мэтай агляду помнікаў археалогіі ўздоўж Прыпяці. У выніку вандровак пачала фарміравацца калекцыя, якая стала асновай экспазіцыі школьнага археалагічнага музея ў Юравічах. У яго фондах пераважалі матэрыялы каменнага і бронзавага вякоў.
Вялікая цікавасць да мінуўшчыны перарасла ў жаданне заняцца археалогіяй прафесійна. У 1961 г. У.Ф. Ісаенка паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі і пачаў працу над кандыдацкай дысертацыяй «Неаліт Прыпяцкага Палесся», якую абараніў у 1973 г. 3 1964 па 1992 г. ён працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (з 1974 г. з'яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам). Даследаваў гісторыю паршабытнага грамадства і помнікі неалітычных культур Палесся (нёманскай і днепра-данецкай), першым абагульніў звесткі аб мезаліце Беларусі (1970), распрацоўваў метадалагічныя праблемы археалогіі. Праводзячы шырокамаштабныя палявыя даследаванні на тэрыторыі Усходняга і Заходняга Палесся, У.Ф. Ісаенка выявіў у басейне Прыпяці больш за 400 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, даследаваў 14 стаянак, у тым ліку каля в. Камень Пінскага і в. Юравічы Калінкавіцкага раёнаў. Уражвае аб’ём сабранага за дзесягоддзі археалагічнага матэрыялу. Калекцыйны фонд У.Ф. Ісаенкі мае каштоўнасць яшчэ і тым, што многія абследаваныя ім помнікі, а гэта найчасцей пясчаныя палескія дзюны, не захаваліся да нашага часу. Частка месцазнаходжанняў знішчалася пры меліярацыі Палесся, зарастала лесам, аралася, забудоўвалася, ператваралася ў кар’еры. Вялікая колькасць палескіх помнікаў стала недаступнай у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пры ліквідацыі наступстваў радыеактыўнага забруджвання шмат якія помнікі выкарыстоўваліся пад кар’еры і могільнікі. У сувязі з гэтым палескія калекцыі У.Ф. Ісаенкі можна называць фондам выратаваных археалагічных каштоўнасцяў, якія для некаторых рэгіёнаў Палесся застаюцца сёння бадай адзінымі археалагічнымі крыніцамі.
У 1997–2003 гг. У.Ф. Ісаенка працаваў галоўным археолагам спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, вучоны падрыхтаваў для камандзіраў падраздзяленняў дапаможнік па методыцы правядзення палявых прац, закладваючы тым самым тэарытычную і практычную аснову беларускай ваеннай археалогіі. Уладзімір Фёдаравіч Ісаенка быў адным з самых дасведчаных у Беларусі храністаў Вялікай Айчыннай вайны. Сабраныя і сістэматызаваныя веды пра вайну дазволілі яму апублікаваць цікавыя і грунтоўныя артыкулы, рэцэнзіі, стварыць карты баявых дзеянняў на тэрыторыі нашай рэспублікі, якія выкарыстоўваюцца ў навуковых і навукова-папулярных выданнях. Ён з'яўляецца першым у Беларусі вучоным, які паспрабаваў спалучыць прафесійны археалагічны вопыт і ваенна-гістарычныя веды з дзейнасцю, скіраванай на пошук невядомых пахаванняў часоў вайны.
Уладзімір Фёдаравіч – адзін з аўтараў і рэдактараў прац «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыя БССР» (т. 1, 1972), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), «Беларуская археалогія. Дасягненні...» (1987), кніг серыі «Памяць», дапаможнікаў, краязнаўчых даведнікаў. Ён з'яўляецца аўтарам картаграфічных прац па археалагічных культурах, этнакультурных карт («Лексічны атлас Беларусі», т. 1, 1994; «Вялікі гістарычны атлас», т. 1, 2008), карт ваенных дзеянняў у Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі Беларусі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2018 г.