Дата рождения:
29.06.1798 Дуброўна, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
28.06.1833
Краткая справка:
ваенны дзеяч, герой руска-турэцкай вайны 1828–1829 гг.
Имена на других языках:
Казарский Александр Иванович (русский);
2936 символов
Справка
Ваенны дзеяч, герой руска-турэцкай вайны 1828–1829 гг. Аляксандр Іванавіч Казарскі нарадзіўся ў мястэчку Дуброўна Беларускай губерні (цяпер г. Дуброўна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці) у сям'і адстаўнога губернскага сакратара. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, дзе вывучаў грамату, матэматыку, латынь і французскую мову. Яшчэ з дзяцінства марыў пра мора, чытаў шмат кніг, якія расказвалі пра розныя марскія падарожжы, подзвігі маракоў. У 1814 г. скончыў Нікалаеўскае марское вучылішча ў чыне мічмана. Служыў на Чарнаморскім флоце (1814–1817 і 1820–1830), Дунайскай ваеннай флатыліі (1817–1820). За гэты час атрымаў добры вопыт марской і камандзірскай службы. У 1828 г. у час руска-турэцкай вайны 1828–1829 гг. удзельнічаў у штурме крэпасцей Анапа і Варна, за што атрымаў чын капітан-лейтэнанта і быў узнагароджаны залатой шабляй. У 1829 г. прызначаны камандзірам брыга «Меркурий». У час разведкі 26 мая 1829 г. каля праліва Басфор 18-гарматны брыг на чале з А. Казарскім паспяхова вёў чатырохгадзінны бой з турэцкімі лінкорамі «Селимие» (110 гармат) і «Реал-бей» (74 гарматы). Атрымаўшы значныя пашкоджанні, караблі праціўніка адступілі. Гэта бітва праславіла брыг, яго капітана і ўвесь экіпаж. За мужнасць, адвагу і самаадданасць А. Казарскі ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія IV ступені, прызначаны флігель-ад'ютантам (ад'ютант імператара) і быў узведзены ў капітаны 2-га рангу. Узнагароджана таксама ўся каманда, брыг «Меркурий» атрымаў Георгіеўскі флаг.
З 26 мая па 17 ліпеня 1829 г. А. Казарскі камандаваў фрэгатам «Поспешный» (44 гарматы) і прыняў удзел ва ўзяцці турэцкай крэпасці Месемврыя. З 17 ліпеня 1829 г. да 1830 г. быў капітанам самага вялікага фрэгата рускага флоту «Тенедос» (60 гармат). Да кастрычніка 1829 г. судна пад камандаваннем А. Казарскага тройчы выходзіла да праліва Басфор. Прайшоў па рэках і азёрах з Белага мора ў Ладажскае возера, шукаючы найкарацейшы водны шлях з Колы (Мурманск) у Санкт-Пецярбург (праз 100 гадоў яго праект быў рэалізаваны як Беламорска-Балтыйскі канал). У 1831 г. наведаў Англію для знаёмства з каралеўскім флотам. У гэтым жа годзе за паспяховую службу быў узведзены ў капітаны 1-га рангу. З 1833 г. працаваў інспектарам Чарнаморскага флоту ў Нікалаеве. 16 ліпеня гэтага ж года А. Казарскі раптоўна памёр.
У гонар ваеннага дзеяча яго імя атрымалі некалькі караблёў Чарнаморскага і Балтыйскага флатоў, вуліцы ў Севастопалі і Дуброўна, завулак у Нікалаеве. У Севастопалі пастаўлены помнік з надпісам «Казарскаму. Потомству в пример». Многія вядомыя мастакі прысвяцілі свае працы легендарнаму бою «Меркурия». Самыя знакамітыя з іх маляўнічыя палотны «Брыг “Меркурий” пасля перамогі над двума турэцкімі суднамі сустракаецца з рускай эскадрай» (1848) і «Брыг “Меркурий”, атакаваны двума турэцкімі караблямі» (1892) створаны І. Айвазоўскім. У г. Дуброўна, на радзіме А. Казарскага, устаноўлена мемарыяльная дошка.