Дата рождения:
06.07.1788 Смілавічы, г. п., Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
26.09.1848
Краткая справка:
асветнік, філантроп, які прысвяціў жыццё асвеце сялян і паляпшэнню іх становішча
Имена на других языках:
Moniuszko Dominik (пол.) (не определен); Монюшко Доминик (русский);
2935 символов
Справка
Дамінік Манюшка, шляхціц з Міншчыны, вядомы тым, што ў часы існавання прыгоннага права на беларускіх землях імкнуўся забяспечыць сваім сялянам лепшае жыццё, даць адукацыю і пазнаёміць іх з дасягненнямі навукі.
Нарадзіўся ён у Смілавічах (зараз Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці) у сям’і вайсковага суддзі. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў шляхецкім пансіёне ксяндзоў-місіянераў у Смілавічах. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта (каля 1810 г.) атрымаў вучоную ступень доктара права. З пачаткам руска-французскай вайны 1812 г. уступіў у Войска Польскае і прымаў удзел у ваенных дзеяннях на баку Напалеона, служыў у Германіі і Францыі. Пасля дэмабілізацыі з арміі ў чыне маёра (1816) пасяліўся ў спадчынным маёнтку Радкаўшчызна ў Ігуменскім павеце (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці). Займаўся гаспадарчай дзейнасцю, выконваў абавязкі ігуменскага падкаморага, быў членам некалькіх масонскіх лож, узначальваў мінскую ложу «Паўночная паходня» (1819).
Пад уплывам папулярных у Еўропе тых часоў ідэй Асветніцтва Д. Манюшка ў сваіх уладаннях вырашыў змяніць існуючы агульнапрыняты парадак гаспадарання і правесці землеўпарадкаванне. Амаль усе зямельныя ўгоддзі маёнткаў (лясы, лугі, пашы, рэкі) шляхціц аддаў у карыстанне сваім сялянам, пакінуў для сябе толькі невялікі ўчастак. Акрамя гэтага заснаваў у Радкаўшчызне вучылішча для хлопчыкаў і пансіён для ўтрымання i выхавання сялянскіх дзяўчынак у маёнтку Пацічова (1824). У гэтых установах на працягу двух гадоў у асенне-зімовы перыяд навучэнцам даваліся веды па агульнаадукацыйных прадметах (закон Божы, руская i польская мовы, арыфметыка), а таксама па тэхналогіі земляробства, садаводстве, аграноміі, лесаводстве, пчалярстве, медыцыне, анатоміі і ветэрынарыі. Дзеці навучаліся таксама каліграфіі, чарчэнню, рукадзеллю i розным рамёствам. Тут былі абсталяваны аптэка, лабараторыя, існавалі батанічны і пладовы сады, агароды, дзе летам навучэнцы маглі праходзіць практыку. Выдаткі на ўтрыманне вучылішча i пансіёна Д. Манюшка аплачваў за кошт арэнднай платы, якую атрымліваў ад сялян за зямлю, а таксама са сваіх асабістых сродкаў. Праз некалькі гадоў, не маючы дадатковых даходаў, шляхціц вымушаны быў закласці маёнтак і пераехаць у Мінск. Матэрыяльныя цяжкасці прывялі ў 1838 г. да закрыцця вучылішча. Жаночы пансіён, дзякуючы матэрыяльнай дапамозе брата Д. Манюшкі – Ігната, праіснаваў да 1853 г.
Паводле завяшчання мецэната ўся яго зямля пераходзіла ў спадчыну да сялян, аднак існуючае заканадаўства і пануючая прыгонная сістэма не дазволілі гэта ажыццявіць. На магіле шляхціца ў прадмесці Камароўка (зараз тэрыторыя Мінска) удзячныя выхаванцы паставілі помнік з надпісам: «Ад верных сялян i падданых». Паводле сведчання гісторыка А. Кіркора, сяляне з маёнткаў Д. Манюшкі вылучаліся дасведчанасцю, сумленнасцю, працавітасцю, высокай маральнасцю i з вялікай павагай ставіліся да памяці свайго гаспадара.