Быў час, калі імя нашага славутага земляка баяліся нават упамінаць, але кола гісторыі вярнула нам яго – імя Аляксандра Гаўрылавіча Немцава (Нямцова) – выдатнага этнографа, мастака, фатографа, настаўніка, фалькларыста, археолага і краязнаўца.
Аляксандр Немцаў нарадзіўся 29 жніўня 1898 г. у Гомелі. Бацька паходзіў з г. Бежыцы (Браншчына), маці – з Украіны, але ўладкаваліся яны ў Гомелі, які хутка рос у той час як чыгуначны вузел. Бацька працаваў токарам, маці – акушэркаю. Акрамя Аляксандра ў сям’і было яшчэ трое дзяцей.
У 1917 г., пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі ў Яраслаўлі, А. Немцаў накіраваўся на працу ў г. Асіповічы Магілёўскай вобласці. Тут уладкаваўся ў мясцовую чыгуначную школу-сямігодку. Працу ў школе малады настаўнік сумяшчаў з вучобай на завочным аддзяленні хіміка-біялагічнага факультэта Маскоўскага педагагічнага інстытута (1928–1933). Пасля заканчэння вучобы займаў пасаду завуча школы. Добры чалавек, таленавіты настаўнік і музыка (граў на скрыпцы) шмат часу і сіл аддаваў сваёй працы. Пад яго кіраўніцтвам пры школе былі створаны прафесійныя гурткі і выдатны “жывы” куток, дзе вучні гадавалі трусоў.
Акрамя асноўнай працы ў сямігодцы Аляксандр Гаўрылавіч захапляўся археалагічнымі даследаваннямі. Ён апісаў і зарэгістраваў больш за 20 курганных груп і шэраг гарадзішчаў эпохі каменнага, бронзавага, жалезнага вякоў і Кіеўскай Русі ў басейне ніжняй Свіслачы (пераважна ў Асіповіцкім раёне). У 1926 г. разам з С. С. Шутавым і М. Н. Улашчыкам сабраў значны матэрыял з археалагічных помнікаў Жужлянка, Вяззе, Орча, Усціж і інш. Аляксандр Гаўрылавіч вывучаў таксама этнаграфію і фальклор Асіповіцкага краю: запісваў народныя песні, танцы, звычаі, казкі, легенды, паданні, анекдоты, жарты і інш.
Даследчык сабраў значную калекцыю вясельных песень. Так, у студзені–лютым 1927 г. ён падрабязна запісаў вяселле ў вёсках Смык-Слабада Зборскага сельсавета і Заручэўе Дзераўцоўскага сельсавета Асіповіцкага раёна. Апісаў паслядоўнасць вясельнага абраду: бласлаўленне, вянец, сваты ў маладой, каравай у маладой, пасаг, каравай у маладога. Занатаваў адпаведныя тэксты песень, якія суправаджалі вяселле, некаторыя, нават, з нотамі. Ён лічыў вясельныя песні важнейшай крыніцай ведаў аб жыцці і побыце народа. Шматлікія песні ў сваім запісе, у тым ліку і з нотамі, ён дасылаў кампазітару А. Грыневічу ў Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК) і ў Інстытут беларускай культуры. У 1929 г. на Усебеларускай краязнаўчай канферэнцыі даследчыка абралі член-карэспандэнтам ЦБК. У фальклорна-этнаграфічным зборніку “Вяселле. Абрад”, што быў выдадзены ў 1978 г. у выдавецтве “Навука і тэхніка” (перавыдадзены ў 2004 г. у выдавецтве “Беларуская навука”) змешчаны артыкул А. Немцава пра асіповіцкае вяселле. Гэта сапраўды вельмі значны ўклад у “залаты фонд” беларускай фалькларыстыкі.
А. Г. Немцаў актыўна супрацоўнічаў з часопісам “Наш край”, дзе былі надрукаваны яго шматлікія артыкулы, навуковыя працы і нарысы. Асабліва вылучаюцца спецыяльна прызначаныя да публікацыі навукова-папулярныя археалагічныя артыкулы: “Экскурсія вучняў Асіповіцкай сямігодкі” (1925), “Праца па абследаванні Асіповіцкага раёну ў летні перыяд 1926 году” (1926), “З матэрыялаў абследавання Асіповіцкага раёну” (1927), “Агляд музычнага фальклору. Матэрыялы А. Немцава з Асіповіцкага раёна” і інш. Цікавыя і яго этнаграфічныя замалёўкі “Помнікі старасветчыны ў Асіповіцкім раёне”, “Спосабы лову жывёл і птушак ў Асіповіцкім раёне”, ”Замошскі сельскі савет. Гаспадарка. Жывёлагадоўля. Дарогі. Прамысловасць. Насельніцтва. Сілкаванне. Святы. Абрады”, “Ураган 27 чэрвеня 1927 году. З фотаздымкамі аўтара” і інш.
А. Г. Немцава напаткаў трагічны лёс вясковага інтэлігента. 28 сакавіка 1938 г. ён быў арыштаваны, а праз два месяцы, 4 чэрвеня – расстраляны. 9 сакавіка 1957 г. Ваенннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР А. Г. Немцаў быў рэабілітаваны.
Краязнаўства – гэта культурна-гістарычная спадчына народа, на якой, як на трывалым грунце, павінен фарміравацца сапраўдны грамадзянін, патрыёт і беражлівы гаспадар сваёй краіны. Ад таго, як мы адносімся да гэтай спадчыны, у многім залежыць, як мы жывём і як аднясуцца да нас нашы нашчадкі. Гэта добра разумеў таленавіты краязнавец, этнограф, фалькларыст і вучоны Аляксандр Гаўрылавіч Немцаў, які сваёй апантанай працай і даследчыцкай дзейнасцю імкнуўся выхаваць у сваіх вучняў і чытачоў інтарэс да краязнаўства і любоў да радзімы.
Матэрыял падрыхтаваны Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.