Дата рождения: 14.02.1938 Усушак, в., Чавускі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка: кампазітар, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках: Pytalev Fedor Demidovich (не определен); Пыталев Федор Демидович (русский); Пыталев Фёдор Демидович (русский);
Фёдар Дзямідавіч Пыталеў нарадзіўся ў в. Усушак Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Выхоўваўся ў дзіцячым доме станцыі Камунары Касцюковіцкага раёна. У 1957 г. скончыў Магілёўскае культасветвучылішча і паступіў у Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.А. Рымскага-Корсакава (клас баяна). У 1961 г. быў прыняты на кампазітарскі факультэт Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, якую скончыў у 1966 г. (клас М. Аладава). У 1966–1967 гг. Ф. Пыталеў працаваў выкладчыкам Брэсцкага музычнага вучылішча, з 1969 г. – Мінскага музычнага вучылішча імя М.І. Глінкі. У 1967–1969 гг. выкладаў на курсах павышэння кваліфікацыі Міністэрства культуры БССР.
Творчы стыль кампазітара пачаў фарміравацца ў студэнцкія гады. У ім адчуваліся імкненне да маштабнасці і значнасці задумы, экспрэсіўнасць выказвання. Сапраўдным прызваннем Ф. Пыталева з'явіўся жанр сімфоніі, які раскрыў найважнейшыя бакі мастацкага аблічча кампазітара. Яго сімфоніі – складаны свет, дзе ўсё сказана глыбока і сур'ёзна, музыка выяўляе душэўны стан і рознабаковыя калізіі жыцця. Для твораў кампазітара характэрны лірыка-філасофская накіраванасць, інтэлектуальны пачатак, разнастайнасць вобразнага зместу, апора на нацыянальны фальклор, выкарыстанне беларускай народнай песні, увага да тэмбравага боку музыкі.
Сярод твораў Ф. Пыталева – сімфоніі, уверцюры, паэмы для сімфанічнага аркестра «Беларусь партызанская» (1975), «Радзіма» (1977), кантата «Наш край» (словы Я. Коласа, 1966, канчатковая рэдакцыя 1985), Скерца для сімфанічнага аркестра (1975), Паэма для фартэпіяна (1975), санаты для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна, для габоя і фартэпіяна, трыпціхі для кантрабаса і фартэпіяна, цыклы п'ес для фартэпіяна «Дзіцячы сшытак» (1971), віяланчэлі з фартэпіяна (1982), канцэрты для скрыпкі (1986) і віяланчэлі (1998) з аркестрам, сімфонія-канцэрт для фартэпіяна з аркестрам (2002) і інш. Ф.Д. Пыталеў аўтар шматлікіх песень, сярод якіх: «Чалавек» на словы В. Тараса, «Не закончана гутарка ў нас» на словы І. Скурко, «Песня рамантыкаў», «Брэсцкая крэпасць», «Журавінка», «Жывая памяць» на словы В. Лукшы, «Беларускія частушкі» (словы народныя), музыкі для дзяцей і да дакументальных фільмаў.
Пачынаючы з Сімфоніі №2, крышталізуецца драматычны канцэпцыйны сімфанізм аўтара, звязаны з канфліктным сутыкненнем вобразаў. Сімфонія №3 – свайго роду эпіка-драматычная сага, якая спалучае глыбокі філасофскі роздум з псіхалагічна напружаным развіццём. У ёй праяўляюцца характэрныя бакі творчасці кампазітара: строгасць канструкцыі, яснасць выяўлення мастацкіх ідэй. Напісаная новай мовай, яна канцэнтруе некаторыя спецыфічныя ўласцівасці жанру сучаснай музыкі. Сімфонія №4 адрозніваецца ад усіх папярэдніх найбольшай засяроджанасцю на вобразах Беларусі. У Сімфоніі №5 Ф. Пыталеў звяртаецца да народнай песні. Сімфонія адначасткавая, у шэрагу манументальных твораў яна падобная на яркую і выразную фрэску, дзе канцэнтрацыя думак і адчуванняў адлюстроўвае толькі адзін душэўны стан – драматычна напружанае чаканне. Далей кампазітар стварае лірыка-драматычную Сімфонію №6.
Асобае месца ў творчасці кампазітара займае Сімфонія №7, прысвечаная памяці маці, якая загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Жанр сімфоніі трактаваны ў ёй у духу інструментальнага рэквіема. Трагедыйная задума раскрываецца кампазітарам не толькі ў суб'ектыўна-асобасным ракурсе, яна мае і абагульняючы змест: праз глыбока асабістую трагедыю паўстае трагедыя ўсяго народа. Асноўная тэма твора адкрывае кожны раздзел, вяртаючыся, як думка пра горкую страту, і дасягаючы ўсё больш высокага ўзроўню напружання. Магутная трагедыйная кульмінацыя набывае гарманічную яснасць, выразную мажорную афарбоўку, гучыць светлай эпітафіяй загінуўшым, сімвалам бессмяротнасці жыцця і чалавечнасці.
Сімфонія №7 напісана для вялікага сімфанічнага аркестра з арганам, які выконвае асобую вобразна-сэнсавую функцыю. Журботна-велічнае гучанне аргана падкрэслівае ўзвышанасць думак і пачуццяў, увасобленых у гэтым сачыненні. Яскравы аркестравы каларыт, моцная драматургія, значнасць зместу вылучаюць Сімфонію №8. Задума твора вызначаецца яго падзагалоўкам – «Памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій». Сімфонія №9 развівае філасофска-псіхалагічную лінію творчасці. У Сімфоніі №10 пад назвай «Чорная быль» аўтар звяртаецца да тэмы «Мастак і сучасны свет». Глыбокая і эмацыянальна напоўненая музыка адлюстроўвае ўнутраны стан душы кампазітара.
Галоўнай у творчасці Ф.Д. Пыталева з'яўляецца лінія драматычнага сімфанізма, звязанага з асэнсаваннем шматлікіх жыццёвых кантрастаў, з пошукам пазітыўнага пачатку. Музычныя сачыненні кампазітара вызначаюцца спалучальнасцю лірыкі, роздуму, весялосці і трагізму. У глыбокай і змястоўнай музыцы знайшлі адлюстраванне ідэі і вобразы, народжаныя рэчаіснасцю, лёс Чалавека і Чалавецтва, мінулае і сучаснае Беларусі. Па глыбіні абагульнення і пранікнення ў складаныя працэсы сацыяльнай свядомасці, па арыгінальнасці драматургіі і сіле музычнага выказвання творы Ф. Пыталева займаюць важнае месца ў музычнай культуры Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.