Дата рождения:
30.09.1923 Лысая Гара, в., Лагойскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
21.11.2001
Краткая справка:
актрыса тэатра і кіно, заслужаная артыстка Беларусі
Имена на других языках:
Рынкович Елена Васильевна (русский);
4311 символ
Справка
Усё сваё жыццё Алена Васілеўна Рынковіч прысвяціла служэнню Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Я. Купалы, зведаўшы вялікую любоў і пашану гледачоў, калег і сяброў.
Нарадзілася яна ў в. Лысая Гара Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Няма нічога выпадковага ў тым, што А. Рынковіч стала актрысай. Яе маці В. Тарасік была знакамітай артысткай Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, а цётка Л. Тарасік спявала ў хоры таварыства. Пазней сям’я пераехала ў вёску. Іх дом стаў своеасаблівым культурным цэнтрам. Тут збіралася вясковая інтэлігенцыя, ставілі спектаклі, спявалі народныя песні. Да іх часта прыязджаў Я. Купала, сустрэчы з якім уплывалі на жыццё Рынковічаў.
У пачатку 1930-х гг. сям’я вярнулася ў Мінск. Тут А. Рынковіч упершыню ўбачыла сапраўдны тэатр, які ашаламіў дзяўчыну. Фарміраванне духоўнасці будучай актрысы ішло пад уздзеяннем тэатральных роляў І. Ждановіч і яе знакамітых калег. У 1945 г. А. Рынковіч прынялі ў студыю Беларускага тэатра імя Я. Купалы. Яшчэ студэнткай сыграла Любку Шаўцову (“Маладая гвардыя” паводле А. Фадзеева). У 1948 г. скончыла студыю і стала артысткай Купалаўскага тэатра. Тут вучылася высокаму мастацтву ў такіх майстроў сцэны, як Г. Глебаў, У. Уладамірскі, Б. Платонаў, Г. Грыгоніс, Л. Ржэцкая, У. Дзядзюшка і інш. У рэпертуары А. Рынковіч – ролі драматычныя і камедыйныя, але бліжэй за ўсё тыя, у якіх раскрываецца нялёгкае жаночае жыццё. Так склаўся акцёрскі лёс, што больш даводзілася іграць сталых жанчын, нават у маладыя гады. Гэта Васіліса (“Вечная крыніца” Д. Зорына), Кацярына (“У мяцеліцу” Л. Лявонава), Лідзія Бялова (“Традыцыйны збор” В. Розава), Марыя Шаманава (“Таня” А. Арбузава), Ганна Паўлаўна (“Даходнае месца” А. Астроўскага) і інш. З тонкім гумарам, па-майстэрску ўвасабляла вобразы характарнага, камедыйнага плана. Актрыса глыбока пранікала ў псіхалогію гераінь, якія заўсёды знаходзілі апраўданне сваіх інтрыг, – Клава (“Лявоніха на арбіце” А. Макаёнка), Глафіра Фірсаўна (“Апошняя ахвяра” А. Астроўскага), Дар’я (“Ажаніцца – не журыцца” Далецкіх і М. Чарота). У 1920-я гг. у Беларускім дзяржаўным тэатры (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы) ролю Агаты Пустарэвіч у “Паўлінцы” Я. Купалы бліскуча выконвала В. Тарасік. У свой час маляўніча паўстала Агата ў святле рампы ў выкананні А. Рынковіч. Колькі гумару і сапраўды артыстычнага камедыйнага густу выяўлялася ў ігры гэтай актрысы. Яна пераняла ад бацькоў тую моўную натуральнасць, якую сказіць не ў сілах ніякая самая арыгінальная характарнасць сцэнічнага персанажа. Далёка не кожны з артыстаў такім дзівосным і затоена спеўным тонам мог перадаваць уласцівыя беларусу дзеканне і цеканне з пераходам на мяккую афрыкату, як гэта гучала ў голасе А. Рынковіч. Яе акцёрскаму мастацтву ўласціва шчырае захапленне персанажам. Разгубленай усмешкай, стрыманай слязой, крыкам роспачы, амаль непрыкметным паваротам галавы, мімалётным позіркам у люстэрка актрыса імкнулася ўвасобіць сцэнічны вобраз. Давялося асвойваць ролі, бліскуча сыграныя легендарнай І. Ждановіч, – Людміла ў “Познім каханні” А. Астроўскага і Аня Крушына ў “Канстанціне Заслонаве” А. Маўзона. Гэтыя сцэнічныя вобразы нечакана набывалі акварэльныя адценні з іх празрыстай размытасцю, прыцішаныя інтанацыі з’яўляліся ў самых драматычных эпізодах. На падмосткі пасля Вялікай Айчыннай вайны ўзыходзілі акцёры, якія адчувалі новы подых часу, іншыя запатрабаванні тагачаснага гледача. Менавіта такой артысткай была А. Рынковіч. Усе яе гераіні ў большай або меншай меры апанаваны душэўнай трывогай, адчуваюць дакоры ўласнага сумлення, жывуць пад нябачным цяжарам пакутлівай маркоты, прадчуваюць нясцерпную роспач адзіноты. Роздум пра лёс і месца жанчыны ў часе і прасторы праходзіць праз усю творчасць актрысы. І Алена Казіміраўна (“Жыццё Карыцына” А. Паповай), і Маці (“Парог” А. Дударава), і Марыя Фадзееўна (“І змоўклі птушкі” І. Шамякіна) такія розныя, адметныя па характары і лёсе, але аднолькава неўладкаваныя, у нечым пакрыўджаныя. Творчасць А. Рынковіч вызначаецца дапытлівай цікавасцю да долі жанчыны, народжанай кахаць і быць каханай, жыць шчасліва і нібы асуджанай хадзіць па пакутах у пошуках жаданага.
Выхаваная ў лепшых традыцыях беларускай тэатральнай школы заслужаная артыстка Беларусі А. Рынковіч дасягнула дасканалага выканання народных характараў.