Дата рождения:
24.02.1938 Пількаўшчына, в., Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
02.07.1989
Краткая справка:
паэт, многія вершы якога пакладзены на музыку, кінадраматург, перакладчык
Псевдонимы:
Бяроста; Язэп
Имена на других языках:
Скурко Иосиф Владимирович (русский);
2528 символов
Справка
У беларускай савецкай літаратуры Іосіф Уладзіміравіч Скурко вядомы перш за ўсё як паэт-лірык. Ён нарадзіўся ў в. Пількаўшчына Пастаўскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. У 1956 г. скончыў Пастаўскую сярэднюю школу № 2 і застаўся працаваць там піянерважатым. У 1957 г. быў прызваны на службу ў армію. Пасля дэмабілізацыі паступіў у 1960 г. на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, які скончыў у 1965 г. Працаваў у ЦК ЛКСМБ (1965–1967), дырэктарам Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік» (1967–1971), рэферэнтам у Савеце Міністраў БССР (1971–1974), у Дзяржаўным камітэце БССР па тэлебачанні і радыё палітычным аглядальнікам, каментатарам, загадчыкам адзела, намеснікам галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання (1974–1989). У 1986 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Вершы І. Скурко пачаў пісаць у школе. Друкаваўся будучы студэнтам. У 1962 г. у «Настаўніцкай газеце» быў апублікаваны верш «Нас, вёска родная, страчай». Потым творы маладога паэта з'явіліся ў калектыўных зборніках «Дзень паэзіі-71, 75, 78», «Універсітэт паэтычны», «Адданасць», «Люблю будзённы дзень», «Заўсёды з Леніным» і інш. Іосіф Скурко быў пастаянным аўтарам часопісаў «Беларусь», «Полымя», «Маладосць», «Работніца і сялянка», «Бярозка», рэспубліканскіх газет «Звязда», «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», «Вячэрні Мінск», «Сельская газета». Першы зборнік паэта «Бацькоўскі парог» выйшаў у 1973 г. У ім сабраны творы розных жанраў, але найбольшае месца займае лірыка. У 1990 г. быў выдадзены яшчэ адзін зборнік – «Весніцы». Вершы І. Скурко прасякнуты грамадзянскім пафасам, любоўю да роднага краю. Яны вылучаюцца лірызмам, мілагучнасцю і меладычнасцю. Многія пакладзены кампазітарамі на музыку і сталі папулярнымі песнямі. Сярод найбольш вядомых – «Святло тваіх вачэй» (музыка У. Будніка), «Свіцязянка» (музыка К. Цесакова), «Бацькоўскі парог (музыка І. Лучанка) і інш. Песня «Ластаўка» (музыка Р. Буцвілоўскага) адзначана прэміяй на Рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным 50-годдзю БССР і Камуністычнай партыі Беларусі. У 1973 г. на Міжнародным фестывалі эстраднай песні ў Чылі была выканана песня «Верасы» (музыка І. Лучанка). Іосіф Скурко плённа працаваў у галіне перакладу з рускай, украінскай і польскай моў. Ён напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Драўгістэ –Дружба», які быў пастаўлены на кінастудыі «Беларусьфільм».