Краткая справка:
урач, адзін з арганізатараў аховы здароўя на Беларусі
Имена на других языках:
Урванцев Сергей Николаевич (русский); Урванцов Сергей Николаевич (русский);
3953 символа
Справка
Сяргей Мікалаевіч Урванцоў нарадзіўся ў Казані (Расія) і належаў да вядомага купецкага роду Урванцовых. Пасля заканчэння класічнай гімназіі паступіў на медыцынскі факультэт Казанскага ўніверсітэта (цяпер Казанскі (Прыволжскі) федэральны ўніверсітэт). У 1893 г. атрымаў дыплом і магчымасць займаць пасаду павятовага ўрача. Да 1898 г. С.М. Урванцоў працаваў ардынатарам шпітальнай тэрапеўтычнай клінікі Казанскага ўніверсітэта і Казанскай губернскай земскай бальніцы, спецыялізаваўся па псіхіатрыі пры родным універсітэце. У маі 1898 г. Сяргей Мікалаевіч абараніў дысертацыю на тэму “Материалы к изучению об изменении крови в органах (печень и кишки)” на атрыманне навуковай ступені доктара медыцыны. Пэўны час (1899–1906) доктар Урванцоў працаваў памочнікам урачэбнага інспектара Уфімскай, Аланецкай, Седлецкай і Астраханскай губерній Расійскай Імперыі. Малады ўрач актыўна ўдзельнічаў у барацьбе з інфекцыйнымі хваробамі, узначальваў санаторый для хворых на туберкулёз, займаўся грамадскай працай.
З лістапада 1906 па 1918 г. С.М. Урванцоў займаў пасаду Мінскага губернскага ўрачэбнага інспектара, праявіўшы сябе таленавітым арганізатарам медыка-санітарнай справы, здольным кіраўніком і грамадскім дзеячам. Яму давялося прыкласці шмат намаганняў, накіраваных на паляпшэнне становішча медыка-санітарнай справы: была праведзена рэарганізацыя павятовых і Мінскіх губернскіх бальніц, павялічылася колькасць сельскіх участковых бальніц, адбылося пашырэнне відаў спецыялізаванай медыцынскай дапамогі (хірургіі, гінекалогіі, псіхіятрыі, афтальмалогіі і інш.). Дзякуючы яго ініцыятыве і падтрымцы адбыліся з’езды ўрачоў Мінскай губерні (1908, 1911, 1914), было распачата выданне часопіса “Минские врачебные известия” (1910–1915), створаны ўрачэбна-санітарныя саветы (1908), адбылося пашырэнне сеткі сярэдняй медыцынскай адукацыі. Доктар Урванцоў прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні супрацьхалерных, супрацьмалярыйных і супрацьтуберкулёзных мерапрыемстваў на тэрыторыі Мінскай губерні. Дзякуючы намаганням Сяргея Мікалаевіча 11 мая 1911 г. у Мінску ўпершыню адбылася акцыя ў падтрымку хворых на сухоты (туберкулёз) – “Дзень белай кветкі”. У гэты дзень па ўсім горадзе прадаваліся белыя кветкі, якімі ўпрыгожвалі дамы, вопратку, жаночыя капелюшы. Гандаль ажыццяўляўся з дабрачыннай мэтай: на сабраныя сродкі была адкрыта амбулаторыя, набыты медыкаменты і абсталяванне, адзенне для хворых.
У гады Першай сусветнай вайны С.М. Урванцоў з’яўляўся ўпаўнаважаным Паўночнага раёна Чырвонага Крыжа па Мінскай губерні і адначасова кіраваў дзейнасцю медыцынскай камісіі па фарміраванні шпіталя Чырвонага Крыжа. З 1918 г. працаваў на пасадзе загадчыка лячэбнага і санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Мінскага губернскага аддзела аховы здароўя і Наркамата аховы здароўя БССР. У 1922–1927 гг. быў галоўным урачом шэрагу мінскіх бальніц: губернскай, інфекцыйнай, 2-й і 3-й гарадскіх бальніц; з’яўляўся давераным урачом Мінскай страхавой касы; займаў пасаду ўчастковага ардынатара цэнтральнай рабочай паліклінікі.
Шмат увагі Сяргей Мікалаевіч надаваў навукова-даследчыцкай дзейнасці: ён аўтар каля 30 навуковых прац па тэорыі і практыцы развіцця медыка-санітарнай справы ў дарэвалюцыйнай Беларусі, барацьбы з інфекцыйнымі хваробамі. Шэраг прац С.М. Урванцова прысвечаны арганізацыйным пытанням развіцця медыцынскай дапамогі ў Мінскай губерні: “Медико-санитарный очерк города Минска” (1910), “Краткий исторический очерк развития сельской врачебной части Минской губернии” (1908), “О хирургической помощи населению Минской губернии” (1913) і інш.
С.М. Урванцоў з’яўляўся ганаровым членам Грамадства мінскіх урачоў, Мінскага таварыства аховы народнага здароўя, Таварыства памочнікаў урачоў і інш. Дзякуючы сваёй медыцынскай і грамадскай дзейнасці Сяргей Мікалаевіч увайшоў у лік лепшых прадстаўнікоў дарэвалюцыйнай медыцыны і спрыяў стварэнню трывалых традыцый сучаснай аховы здароўя Беларусі.