Дата рождения:
26.12.1793 Узнога, в., Клецкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
20.12.1859
Краткая справка:
удзельніца нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка, аўтар "Успамінаў аб жыцці" – каштоўнага твора па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве ў канцы XVIII – пачатку ХІХ ст.
Варианты имени:
Вендарф Ева Зыгмунтаўна; Фялінская Ева Зыгмунтаўна
Имена на других языках:
Felinska Ewa (не определен); Вендорф Ева (русский); Фелинская Ева (русский);
4024 символа
Справка
У гісторыю славянскай культуры Ева Зыгмунтаўна Фялінская ўвайшла як адна з першых у XIX ст. беларускіх жанчын-мемуарыстак. Нарадзілася ў в. Узнога Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Клецкі раён Мінскай вобласці). Калі ёй было чатыры гады, памёр бацька, і сям’я засталася без сродкаў да існавання. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў доме багатых сваякоў на Случчыне. Да 11 гадоў дзяўчынку навучалі музыцы і французскай мове, а потым яна самастойна набывала веды, чытаючы кнігі. У 18-гадовым узросце выйшла замуж за Г. Фялінскага, памешчыка з Валыні, і пераехала ў яго маёнтак. У 1833 г. яна аўдавела. Патрэба выхавання дзяцей прымусіла Е. Фялінскую здаць у арэнду маёнтак мужа і пераехаць у Крэменец. Нягледзячы на шматлікія жыццёвыя праблемы, яна завязала цесныя сувязі з патрыятычнымі коламі. Далучылася да тайнай арганізацыі Ш. Канарскага «Садружнасць польскага народа» і стварыла філіял «Жаночае таварыства». За ўдзел у вызваленчым руху ў 1838 г. зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана царскімі ўладамі ў г. Бярозаў (цяпер Цюменская вобласць), дзе знаходзілася на працягу 1839–1841 гг., а потым у г. Саратаў. Толькі ў 1844 г. вярнулася на радзіму і занялася літаратурнай дзейнасцю.
У сваіх творах Е. Фялінская імкнулася праўдзіва паказаць жыццё беларускага грамадства ў пачатку XIX ст. Яшчэ ў ссылцы яна пачала пісаць аповесці. Вярнуўшыся на радзіму, пісьменніца перапрацавала рукапісы, значна пашырыла іх аб’ём. Аповесці ў новай версіі «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853) былі надрукаваны ў Вільні. Апісанне побыту і звычаяў шляхты ў творах заснавана на ўласных успамінах і мае значную гістарычную каштоўнасць. Усе яны вызначаны пісьменніцай як бытавыя раманы і аб’яднаны агульнай храналогіяй. Дзеянне ў іх адбываецца ў ХІХ ст. у шляхецкіх фальварках над берагамі рэк Шчары або Нёмана. У творах расказваецца пра жыццё беларускай правінцыі, штодзённыя клопаты шляхецкіх сем’яў. У аповесці «Пляменніца і цётка» дзеянне разгортваецца ў мясцінах добра знаёмых пісьменніцы. Аўтар імкнецца аднавіць бытавы каларыт эпохі, перадаць візуальны бок жыцця сваіх герояў. Ева Фялінская не проста апісвае тапаграфію мясцовасці і выгляд маёнтка, але і паказвае інтэр’ер дома. Падобныя апісанні падрыхтоўваюць да ўспрыняцця характараў герояў. Многія сцэны вырашаны ў адпаведнасці з драматургічнай традыцыяй: спачатку даецца апісанне дэкарацый, а потым у гэтым пэўным прадметным кантэксце пачынаецца дзеянне. Аўтар паказвае шляхецкія забавы, імяніны, балі. Пісьменніца імкнецца стварыць як мага шырэйшы зрэз правінцыяльнага грамадства і паказаць разнастайныя чалавечыя характары. Станоўчых герояў надзяляе глыбокай рэлігійнасцю, чым вызначае іх правільны маральны выбар, які яны робяць у тых ці іншых абставінах.
Вядомасць і прызнанне пісьменніцы прынеслі мемуары. Пра назіранні ў час ссылкі яна расказала ў «Дзённіку...», які быў апублікаваны ў віленскім часопісе «Аthenaeum» («Атэнэум», 1846). Пісьменніца апісала ўражанні ад прыроды Заходняй Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў супраць царызму, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. У 1852–1853 гг. у Вільні выдадзены на польскай мове ўспаміны пра ссылку ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве. Яны былі перакладзены на англійскую, французскую і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі. Ева Фялінская падрыхтавала таксама «Успаміны аб жыцці» (1856, 1859–1860), якія ахапілі перыяд ад ранняга дзяцінства пісьменніцы да 1821 г. Яна выступае ў іх як біяграфічная асоба, як апавядальнік і як галоўны герой. Твор мае складаную кампазіцыйную будову. Значнае месца ў тэксце займаюць аўтарскія заўвагі, каментарыі, разважанні. Многія з іх носяць павучальны характар і адлюстроўваюць не толькі светапогляд мемуарысткі, але і духоўную, інтэлектуальную атмасферу эпохі. Працу над гэтым выданнем перарвала смерць пісьменніцы 20 снежня 1859 г. «Успаміны аб жыцці» Е. Фялінскай сталі каштоўным творам па гісторыі нораваў і звычаяў у Беларусі, Валыні і Літве ў канцы XVIII – пачатку ХІХ ст.